Пяць гадоў турмы за данат у 50$. Рэпрэсіі ў Беларусі 27 студзеня


Сілавікі ў Беларусі працягваюць паляваць на тых, хто данаціў грошы арганізацыям, прызнаным уладамі «экстрэмісцкімі». Кагосьці караюць судом і зняволеннем, хтосьці, каб пазбегнуць турмы, ідзе і сам прапаноўвае адкупіцца ды пераводзіць буйныя сумы туды, куды ўкажуць. Хроніка рэпрэсіяў у Беларусі ў суботу 27 студзеня – у нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Рукі Нобэлеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага ў судзе.
Фота: sb.by

Праваабаронцам стала вядома пра суворы прысуд, вынесены за данат менчуку Андрэю Савінскаму. Менскі гарадскі суд абвінаваціў мужчыну ў распальванні сацыяльнай варожасці (ч.1 арт.130 КК РБ) і фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці (ч.1 і ч.2 арт.361-2 КК). Справу разглядала суддзя Вера Галаўкова.

Паводле абвінавачання, Савінскі за 1,5 гады перавёў на рахункі фондаў, прызнаных уладамі «экстрэмісцкімі», суму, эквівалентную 50$, а акрамя таго ў адным з тэлеграм-чатаў размясціў чатыры тэкставыя паведамленні, нібыта скіраваныя на распальванне сацыяльнай варожасці ў грамадстве.

У выніку Андрэю прызначылі 5 гадоў пазбаўлення волі, а таксама штраф у памеры 200 базавых велічыняў (7 400 рублёў).

Каментар
Варта рыхтавацца да наступных хваляў затрыманняў пад выбары і Дзень Волі – Алег Кулеша
2024.01.25 12:24

Дзве жыхаркі Рагачову, каб пазбегнуць турмы за данаты, самі прыйшлі да сілавікоў і распавялі, што пераводзілі грошы розным арганізацыямі з дапамогай плацежнай сістэмы PayPal. Як сцвярджае тэлеграм-канал, блізкі да сілавых структураў, жанчыны добраахвотна зрабілі дабрачыннае ахвяраванне на карысць хворых дзяцей, каб «выкупіць сваю віну».

Стала вядома, што 26 студзеня ў Гарадзенскай вобласці прайшоў шэраг судоў за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў (ч.2 арт.19.11 КаАП РБ).

У Лідзе судзілі: Сяргея Навіцкага, Вадзіма Адамчыка, Андрэя Руткоўскага, Андрэя Бурноса. У Наваградку – Андрэя Зыльмана. У Смаргоні – Уладзіміра Жабінскага. І ў Ашмянах – Інэсу Крысанаву.

Таксама ў судзе Лідскага раёну прайшоў суд над Віктарам Кальчуком за «несанкцыянаванае масавае мерапрыемства» (арт.24.23 КаАП РБ).

Рашэнні судоў невядомыя.

Hавiны
Лукашэнка падоўжыў на год тэрмін працы «камісіі па вяртанні»
2024.01.27 09:09

27 студзеня Лукашэнка падоўжыў тэрмін працы «Камісіі па разглядзе зваротаў грамадзянаў Беларусі, якія знаходзяцца за мяжой, у пытаннях учыненымі ім злачынстваў» да канца 2024 года. Паводле звестак праваабаронцаў, у 2023 годзе сілавікі затрымалі мінімум 207 беларусаў, якія ехалі дадому з-за мяжы. Улады аб колькасці зваротаў і пакаранняў тых, хто паверыў камісіі, не кажуць. У снежні праваабаронцы распавялі пра берасцейца, які вярнуўся дадому праз «камісію вяртання» і быў пакараны годам калоніі.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў