26-ты дзень пратэстаў у Беларусі. Галоўнае


Belsat.eu падводзіць вынікі 26-га дня пратэстаў у краіне.

Кадравыя перастаноўкі

Былы старшыня КДБ Валер Вакульчык і дырэктар Службы нацыянальнай бяспекі Арменіі Георгій Кутоян. 19 снежня 2017 г., Масква.
Фота: Vyacheslav Prokofyev / TASS / Forum

Сёння Аляксандр Лукашэнка абвясціў пра кадравыя перастаноўкі ў Беларусі. Перадусім яны датычыліся сілавога блоку. Вячаслаў Расалай стаў намеснікам старшыні вайскова-прамысловага камітэту, былы кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык стаў кіраўніком Савету Бяспекі Беларусі, колішні старшыня КДК Іван Церцель заняў пасаду старшыні КДБ. Першы намеснік старшыні КДК Васіль Герасімаў стане старшынёю гэтага ведамства, былы старшыня Менгарвыканкаму Анатоль Сівак стаў першым прэм’ер-міністра, а Менгарвыканкам узначаліў Уладзімір Кухараў.

Таксама былі замененыя кіраўнікі некаторых раёнаў Беларусі.

Hавiны
Генералы Вакульчык і Церцель пайшлі на павышэнне
2020.09.03 13:38

Візіт расейскага прэмʼер-міністра Міхаіла Мішусціна ў Беларусь

Сёння ў Менск прыляцеў Міхаіл Мішусцін. Разам з прыехала ледзь не палова ўраду РФ: віцэ-прэмʼеры Дзмітрый Чарнышэнка і Аляксей Авярчук, кіраўнік Мінэнерга Аляксандр Новак, кіраўнік Мінпрамгандлю Дзяніс Мантураў, міністр культуры Вольга Любімава і кіраўнік Мінспорту Алег Матыцын, а таксама міністр аховы здароўя Міхаіл Мурашка.

Лукашэнка і Мішусцін.
Фота: president.gov.by

Лукашэнка такі жэст ацаніў, і паабяцаў, што беларускі прэмʼер-міністр Раман Галоўчанка першы выпрабуе на сабе расейскую вакцыну ад COVID-19.

Таксама ён распавёў, што падслухаў размову канцлера ФРГ Ангелы Мэркель і польскага прэзідэнта Анджэя Дуды. Маўляў, Мэркель заявіла пра атручанне Аляксея Навальнага, каб Пуцін не ўмешваўся ў беларускія справы. Нямецкі жа бок зняпраўдзіў гэтыя звесткі.

Міхаіл Мішусцін абвясціў, што Расея і Беларусь нарэшце здолелі дамовіцца наконт коштаў на энерганосьбіты. Аднак падрабязнасцяў не патлумачыў.

Журналісцкі пратэст

Журналісты TUT.by Надзея Калініна і Аляксей Суднікаў, журналісты «Камсамольскай праўды ў Беларусі» Марыя Эльяшэвіч, Святаслаў Зоркі і Мікіта Недаверкаў, а таксама журналіст БелаПАН Андрэй Шаўлюга ўжо трэці дзень знаходзяцца за кратамі.

Іх абвінавачваюць ва ўдзеле ў несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве паводле арт. 23.34, хоць усе яны не былі ўдзельнікамі пратэстаў, а толькі працавалі на іх. На журналістах былі камізэлькі «прэса» і яны мелі пры сабе журналісцкае пасведчанне. Але сілавікі мяркуюць, што яны актыўна ўдзельнічалі і нават каардынавалі пратэст.

Мітынг журналістаў на знак салідарнасці з затрыманымі калегамі.
Фота: TUT.by

На знак салідарнасці з калегамі журналісты сабраліся каля Міністэрства ўнутраных спраў і патрабавалі вызваліць незаконна затрыманых калег. Міністр Караеў не выйшаў на размову. Людзі ў цывільным затрымалі фатографа TUT.by Дзмітрыя Брушко. Яго адпусцілі праз 2 гадзіны, склаўшы пратакол паводле арт. 17.1 (хуліганства). Ён нібыта пхнуў міліцыянта.

Фатографа Дзмітрыя Брушко адпусцілі, але склалі пратакол па ст. 17.1 КААП РБ. Менск, Беларусь. 3 верасня 2020 г.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Пратэсты і суды

Сёння праходзілі суды над затрыманых падчас пратэстаў 2 верасня. Ёсць і вядомыя імёны: па 10 дзён адміністрацыйнага арышту атрымалі былыя вядоўцы дзяржаўных тэлеканалаў Дзмітрый Кахно і Дзяніс Дудзінскі. На знак пратэсту супраць арышту Дзяніса Дудзінскага сучасны мастацкі тэатр абвясціў пра забастоўку.

Дзяніс Дудзінскі ў чарзе ў краму Symbal.by.
Фота: архіў героя

Чальцы Каардынацыйнай Рады Вольга Кавалькова і Сяргей Дылеўскі былі наноў асуджаныя на 15 дзён.

Агулам за ўдзел у мірных пратэстах 2 верасня па ўсёй Беларусі былі асуджаныя 24 чалавекі.

Па ўсёй краіне працягваюцца пратэсты і супрацьстаянні. Студэнты зладзілі «чысты чацвер» і масава выходзяць з БРСМ. У некаторых вучэльнях нават утварыліся чэргі з ахвочых падаць заяву на выхад з арганізацыі. А працаўнікі гарадзенскай фабрыкі «Акцэнт» масава выйшлі з дзяржаўнага прафсаюзу.

Пратэсты ў Менску 3 верасня.
Фота: Telegram-канал «Вусы Лукашэнкі»

Пратэсты вярнуліся ў спальныя раёны Менску! Пратэстуюць Уручча, Серабранка, Шабаны, Лошыца, жыхары вуліц Маякоўскага, Матусевіча і Партызанскага праспекту. На плошчы Незалежнасці каля Чырвонага касцёлу таксама былі мірныя сходы.

Прыйшлі з Нінай Багінскай на Плошчу Незалежнасці.
Фота: Белсат

Студэнты-медыкі ізноў выйшлі ў жывы ланцуг каля БДМУ.

Жанчыны сабраліся на акцыю салідарнасці каля Нацыянальнага мастацкага музею.

Не абышлося без затрыманняў. Праваабарончы цэнтр «Вясна» паведамляе пра 11 затрыманых па ўсёй Беларусі.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў