«Рэгіянальная авіякампанія Расеі». За кошт чаго выжывае «Белавія» ва ўмовах санкцыяў?


Кіраўнік «Белавіі» Ігар Чаргінец пахваліўся ростам пасажыразвароту і анансаваў новыя кірункі палётаў. Авіяцыйны эксперт Багдан Далінцэ ў размове з «Белсатам» адзначыў, што беларускі перавознік фактычна стаў расейскім філіялам і працягвае працаваць толькі дзякуючы суседняй краіне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

«Авіякампанія скончыць год, павялічыўшы колькасць пасажыраў прыкладна на 7–8%, павялічваецца колькасць рэйсаў. Існуе цэлая праграма працы паміж Беларуссю і Расеяй у галіне цывільнай авіяцыі. Будуць адкрывацца рэйсы новыя і авіякампаніяй «Белавія», і дадавацца частасці на існых маршрутах», – заявіў дзяржаўнаму тэлеканалу ОНТ гендырэктар «Белавіі» Ігар Чаргінец.

Авіяцыйны эксперт Багдан Далінцэ ў каментары «Белсату» нагадаў, што залатыя часы беларускі перавознік зазнаў пасля анексіі Крыму, калі Расея і Украіна скасавалі паветранае спалучэнне:

«Аэрапорт Менску і “Белавія” сталі транзіцёрамі, забяспечыўшы пасажырскія перавозы паміж Расеяй і Украінай. З поўнамаштабным расейскім уварваннем гэты пасажыразварот знік. Гэта каля паловы ўсяго пасажыразвароту менскага аэрапорту і каля траціны пасажыразвароту “Белавіі”».

Hавiны
Названа колькасць краінаў, у якія зараз лётае «Белавія»
2023.10.25 17:35

Яшчэ блізу 20–30% пасажыраў перавознік страціў пасля захопу самалёта «Ryanair» і закрыцця еўрапейскага неба для Беларусі.

«На наступны дзень “Белавія” фактычна стала рэгіянальнай авіякампаніяй Расеі, бо гэта адзіны кірунак, на які выпадае асноўны пасажыразварот. Прычым з большага гэта падвоз пасажыраў да іншых рэйсаў у Азію, на Блізкі Усход», – падкрэсліў Далінцэ.

Уласныя рэйсы «Белавіі» у гэтых далёкіх кірунках прыбытку не прынясуць, бо лятаць давядзецца, робячы вялікі крук міма ахопленай вайною Украіны. Абслугоўванне расейскага рынку – фундамент існавання беларускага перавозніка, упэўнены наш суразмоўца. «Казаць пра буйную долю ўнутраных рэйсаў не выпадае, бо ў Беларусі няма патрэбы ў істотным авіяцыйным спалучэнні», – заўважыў эксперт.

Hавiны
Другасныя санкцыі дзейнічаюць. Казахстан патлумачыў, чаму не пускае беларускія «боінгі»
2023.12.14 18:27

Ва ўмовах санкцыяў ЗША істотна ўскладнілася абслугоўванне і рамонт амерыканскіх самалётаў «Boeing». Колькі іх цяпер у парку «Белавіі», дакладна не вядома. Летась намеснік кіраўніка кампаніі Уладзімір Баркун казаў пра 14 суднаў «Embraer» і «Boeing» (пазалетась было 29).

«Наступствы санкцыяў – складнасць атрымання запчастак, дэталяў для рамонту і падтрымання лётнай прыдатнасці. У сярэдняй і доўгай перспектыве гэта будзе ўплываць на павелічэнне колькасці авіяцыйных адмоваў», – тлумачыць Багдан Далінцэ.

Цяпер існуе магчымасць атрымаць неабходныя дэталі да «Boeing» толькі праз шэры імпарт, можна набыць і былыя ва ўжытку, аднак усё гэта стала даражэйшым, а рамонт – даўжэйшым.

«Калі рамонт без санкцыяў ідзе цягам 3–4 дзён, то ва ўмовах санкцыяў – да трох тыдняў. Дэталі каштуюць прыкладна на 20% даражэй», – сказаў эксперт.

Hавiны
«Белавія» плануе купляць самалёты расейскай вытворчасці
2023.11.04 08:45

belsat.eu

Стужка навінаў