Чым далей, тым горш. Аналізуем тэмпы рэпрэсіяў 2020–2022 гадоў


Belsat.eu сабраў і прааналізаваў усе даступныя лічбы, якія датычаць крымінальнага і адміністратыўнага пераследу беларусаў за апошнія 2,5 года.

 

Як павялічваліся маштабы крымінальнага пераследу «за палітыку»

Пасля здушэння масавых пратэстаў 2020 года інтэнсіўнасць палітычна матываванага крымінальнага пераследу не толькі не пайшла на спад, але і працягвала павялічвацца цягам 2021–2022 гадоў. Пра гэта яскрава сведчаць звесткі, якія перыядычна агучваюць улады.

Амаль 40 % усіх справаў на той момант – гэта пераслед за крытычныя выказванні і каментары ў інтэрнэце («Паклёп і абразы службовых асобаў»). Прыкладна 25 % – за пратэставыя надпісы на асфальце, сценах, слупах, платах і г. д. («Апаганьванне збудаванняў і псаванне маёмасці»).

У польскай сталіцы прайшла імпрэза, арганізаваная ў стылі беларускіх дваравых акцыяў. На здымку жанчына з бела-чырвона-белым сцягам на плячах ідзе каля плаката, які, сярод іншых, дэманструецца ва дворыку Беларускага дому ў Варшаве. Арганізатары дваравога канцэрту хацелі стварыць атмасферу пратэсных беларускіх двароў узору лета – восень 2020, якія абʼядноўвалі да гэтага незнаёмых людзей. Варшава, Польшча. 10 ліпеня 2021 года.
Фота: ВО / Белсат

Намеснік старшыні Следчага камітэту Анатоль Васільеў 18 красавіка 2022 паведаміў, што пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі былі зафіксаваныя 8,5 тысячы «экстрэмісцкіх злачынстваў» (нагадаем, тэрміны «экстрэмізм» і «экстрэмісцкая дзейнасць» прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі цяпер выкарыстоўваюць для абазначэння любой праявы пратэставых настрояў ды іншадумства). Доля справаў за палітычныя надпісы ў публічных месцах знізілася на той момант да 17 %, а вось адсотак справаў за допісы ў інтэрнэце амаль не змяніўся – 41 %.

Улетку на паседжанні цэнтральнага апарату Следчага камітэту былі агучаныя новыя лічбы: 11 тысяч справаў «экстрэмісцкай накіраванасці» з 9 жніўня 2020 года да 1 ліпеня 2022 года. То бок колькасць палітычных справаў за 9 месяцаў (з верасня 2021-га) вырасла ў 2,2 разу!

29 лістапада тэлеканал «Беларусь 1» са спасылкаю на Следчы камітэт паведаміў пра 11 506 крымінальных справаў «экстрэмісцкай накіраванасці», пачынаючы з 9 жніўня 2020 года.

25 снежня генеральны пракурор Андрэй Швед распавёў, што за 11 месяцаў 2022 года выяўленыя 5000 «злачынстваў экстрэмісцкай скіраванасці». 76 % здзяйсняліся ў інтэрнэце. «Ільвіную долю складаюць злачынствы, звязаныя з абразамі прадстаўнікоў улады, паклёпам, дыскрэдытацыяй нашай рэспублікі, распальваннем варожасці», – заявіў ён. То бок гаворка зноў пра пераслед за словы і меркаванні.

Цікава, што пры такой нарастальнай дынаміцы рэпрэсіяў прадстаўнікі спецслужбаў гавораць пра значнае зніжэнне «актыўнасці экстрэмістаў». Гэта звязана з тым, што большасць новых крымінальных справаў – гэта пераслед за словы і ўчынкі, якія мелі месца яшчэ ў 2020–2021 годзе. «Пры гэтым, калі ў 2020 і 2021 гадах шмат якія злачынствы адносіліся да вулічных, то на сёння ўся злачыннасць сышла ў віртуальную прастору, сышла ў інтэрнэт», – заявіў 29 лістапада старшыня СК Дзмітрый Гара.

Аналітыка
Лепш, чым пры Ракашы, горш, чым пры Ярузэльскім. З чым параўнаць рэпрэсіі ў Беларусі?
2021.10.21 08:30

Калі быў пік рэпрэсіяў

Гэтак, афіцыйныя лічбы сведчаць, што прынамсі на працягу 2 гадоў пасля 9 жніўня 2020-га тэмпы крымінальнага пераследу за іншадумства няспынна раслі.

  • Жнівень – снежань 2020 года: 1700 палітычна матываваных крымінальных справаў за 5 месяцаў. У сярэднім 340 справаў за месяц і 11 штодзень.
  • Студзень – верасень 2021 года: 3300 палітычна матываваных крымінальных справаў за 9 месяцаў. У сярэднім 366 штомесяц і 12 за дзень.
  • Кастрычнік 2021-га – красавік 2022-га: 3500 палітычных справаў за 6 месяцаў. У сярэднім 583 за месяц, 19 за дзень.
  • Красавік – чэрвень 2022 года: 2500 палітычных справаў за 3 месяцы. У сярэднім 833 штомесяц, 27 за дзень. Не выключаюць, што тэмпы рэпрэсіяў у гэты перыяд былі нават вышэйшыя, бо Васільеў агучваў лічбы не ў пачатку красавіка, а ў сярэдзіне месяца. Таму, магчыма, 2500 справаў прыпадае не на 3 месяцы, а на 2,5 – тады можа атрымацца ў сярэднім 1000 справаў за месяц. Але ў такім выпадку знізяцца і сярэднія паказнікі за папярэдні перыяд.

Анамаліяй у гэтым сэнсе пакуль выглядае лета – восень 2022 года: калі верыць СК, з ліпеня да лістапада дадаліся «толькі» каля 500 «экстрэмісцкіх» справаў (100 за месяц, 3,3 за дзень). Але калі параўноўваць заявы Васільева і Шведа, можна прыйсці да высновы, што за апошні месяц ізноў назіраецца выбуховы рост. 26 лістапада Васільеў казаў, што з пачатку года зарэгістраваныя 4300 справаў за «экстрэмізм», а Швед 25 снежня заявіў пра больш як 5000 выпадкаў. Калі прадстаўнікі ўладаў не памыляюцца ў лічбах, то атрымліваецца, што за апошні месяц дадаліся ажно 700 палітычна матываваных крымінальных справаў – у сярэднім 23 штодзень. Агулам, калі арыентавацца на лічбы Шведа, тэмпы рэпрэсіяў у 2022 годзе складаюць 454 справы штомесяц, 15 штодзень.

Праўда, розніца ў лічбах Васільева і Шведа можа мець іншае тлумачэнне. Васільеў кажа толькі пра справы, што вядзе СК, наўрад ён у прынцыпе валодае звесткамі, чым займаецца КДБ. А Швед, імаверна, кажа пра справы, што вядуць усе рэпрэсіўныя органы. Гэтая акалічнасць мусіць скарэктаваць і агульныя падлікі: то бок 11 тысяч справаў на 1 ліпеня 2022 года, пра што рапартавалі ў СК, – гэта, імаверна, не вычарпальная лічба нават на той момант. Палітычна матываваных справаў мусіць быць болей.

Пераход у цэнтры Тбілісі прысвечаны Ніне Багінскай. Фота чытачоў Белсату

Колькі асобаў рэпрэсавалі ў крымінальным парадку

Афіцыйныя лічбы СК – 11–11 500 крымінальных справаў – не варта аўтаматычна прыраўноўваць да колькасці людзей, якія трапілі за краты ў выніку рэпрэсіяў.

Па-першае, у адной крымінальнай справе можа быць некалькі фігурантаў. І наадварот: на аднаго чалавек могуць быць заведзеныя некалькі крымінальных справаў. Гэта вынікае са словаў Шандаровіча ў верасні 2021-га: тады ён распавядаў, што завершанае расследаванне 2 тысяч справаў у дачыненні 1,5 тысячы чалавек, а ў вытворчасці яшчэ застаюцца 1100 справаў у дачыненні 1200 чалавек. А, напрыклад, Швед у студзені 2022-га распавядаў, што ў 2021-м разгледзелі 1,2 тысячы крымінальных справаў, паводле якіх асудзілі больш за 1,6 тысячу чалавек. То бок колькасць людзей, якія фігуруюць у гэтых 11 500 «экстрэмісцкіх» справах, можа быць як больш, так і менш колькасці самых справаў.

Па-другое, частка з гэтых справаў заведзеныя на асобаў, якія цяпер за мяжою. Той жа Шандаровіч летась у верасні сцвярджаў, што прыблізна 80 % асобаў, на якіх распачатыя справы за абразы службовых асобаў, – замежныя грамадзяне. Магчыма, прадстаўнік СК памыліўся: меліся на ўвязе не замежнікі, а найперш беларусы, якія жывуць за мяжою. Васільеў у лістападзе 2022 года таксама падкрэсліваў, што найчасцей такія «экстрэмісцкія злачынствы» здзяйсняюцца ў інтэрнэце за межамі Беларусі. Асаблівасць такіх справаў у тым, што людзі вельмі часта проста не ведаюць, што ім на радзіме пагражаюць рэпрэсіі, а ў выніку па прыездзе трапляюць за краты за допіс у сацсетках двухгадовай даўніны.

Hавiны
Беларуску, якая жыве ў Андоры, арыштавалі за абразу Лукашэнкі
2022.09.17 19:53

У любым выпадку звесткі, агучаныя прадстаўнікамі СК і Генеральнай пракуратуры, значна пераўзыходзяць лічбы, якімі валодаюць праваабаронцы і валанцёры.

Вядома, што на дзень 26 снежня 2022 года пазбавілі волі 1441 асобу: іх праваабарончая супольнасць Беларусі прызнала палітычнымі вязнямі. Ініцыятыва «Dissidentby» дае больш высокую лічбу – 1728 палітычных вязняў (у іх іншыя крытэры вызнання палітзняволенымі). Але ў абодвух выпадках гаворка пра часовыя звесткі: некаторыя людзі адбываюць свой тэрмін, вызваляюцца да суда або да ўступлення выраку ў сілу і таму выкрэсліваюцца са спісу дзейных палітычных вязняў.

Больш дакладнае ўяўленне пра маштабы рэпрэсіяў дае праваабарончы цэнтр «Вясна» адносна крымінальнага пераследу ў цэлым. Праваабаронцы на сярэдзіну снежня 2022 года ведаюць пра 2540 вынікаў палітычна матываваных судоў. А агулам «Вясна» мае прозвішча 3712 чалавек, чый крымінальны пераслед быў звязаны з выбарамі 2020-га і падзеямі наступных гадоў. Але гэтыя лічбы апрыёры не вычарпальныя, бо праваабаронцы абмежаваныя ў сваіх магчымасцях збіраць звесткі пра справы такога кшталту.

Характэрным прыкладам нястачы інфармацыі можна лічыць падсумаванне вынікаў 2021 года: праваабаронцы па выніках налічылі 1285 асуджаных у палітычна матываваных справах, а Генеральная пракуратура заявіла пра 1600 асуджаных за «экстрэмісцкую дзейнасць». То бок вынікаў прыкладна 20 % палітычных судоў праваабаронцы не мелі магчымасці аператыўна адсачыць.

У судзе Ленінскага раёну Берасця вынеслі прысуд 13 жыхарам гораду за пратэсты ў жніўні 2020 года. Пракурор прасіў для фігурантаў справы да 5 гадоў калоніі. Суддзя Андрэй Грушко вынес прысуд, якога прасіла абвінавачанне. На здымку — непаўнагадовы Эдуард Кудынюк, якога пакаралі 3 гадамі выхаваўчай калоніі, развітваецца з роднымі. Берасце, Беларусь. 21 траўня 2021 года.
Фота: Белсат

А што з адміністратыўным пераследам?

У плане палітычнага матываванага адміністратыўнага пераследу тэндэнцыя назіраецца адваротная: пасля 2020 года колькасць затрыманняў і спагнанняў у цэлым зніжацца, што наўпрост звязана са здушэннем вулічных пратэстаў. Але пры гэтым інтэнсіўнасць адміністратыўнага пераследу ўсё роўна застаецца на вельмі высокім узроўні, у дзясяткі разоў перавышаючы паказнікі перад 2020 годам. Напрыклад, у адносна спакойным лістападзе 2022 года адміністратыўны пераслед «за палітыку» зазналі больш людзей, чымся за ўвесь 2019 год (206 і 171 адпаведна).

Паводле звестак праваабарончага цэнтру «Вясна», у 2020-м праз адміністратыўныя затрыманні прайшлі больш за 33 тысячы чалавек, у 2021 годзе – 6443 чалавекі.

Hавiны
У Генпракуратуры распавялі, колькі беларусаў у 2021 годзе прыцягнулі да адміністратыўнай адказнасці за пратэсты
2021.08.21 14:03

Вынікі 2022 года «Вясна» яшчэ не падсумоўвала, але раней праваабаронцы паведамлялі, што толькі за антываенныя пратэсты 27–28 лютага былі затрыманыя 1100 чалавек. Калі абагульніць звесткі са штомесячных аглядаў «Вясны», то вынікае, што праз затрыманні сёлета маглі прайсці каля 3,5 тысячы чалавек.

Такім чынам, цягам 2020–2022 гадоў былі зафіксавана каля 43 тысяч затрыманняў «за палітыку». Але некаторых затрымлівалі некалькі разоў, таму 43 тысячы затрыманняў не роўна 43 тысячам затрыманых. З іншага боку, звесткі «Вясны» не вычарпальныя: рэальна выпадкаў адміністратыўнага пераследу можа быць болей.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў