Папа Рымскі Францішак на Божае Нараджэнне маліўся аб хутчэйшым вызваленні палітвязняў


Апоўдні 25 снежня, у Свята Божага Нараджэння, Папа Рымскі Францішак звярнуўся з балкону Сабору Святога Пятра да вернікаў з традыцыйным калядным пасланнем, а пасля сумеснай малітвы ўдзяліў апостальскае блаславенне «Гораду і свету» – Urbi et Orbi. У сваёй прамове кіраўнік Каталіцкай Царквы казаў пра канфлікты ў свеце, неабходнасць дыялогу, мігрантаў і палітвязняў, паведамляе Радыё Ватыкана.

Папа Рымскі Францішак выступае з калядным зваротам Urbi et Orbi.
Фота: Радыё Ватыкана

Папа Францішак зазначыў, што Бог жадае не маналогу, а дыялогу, і што дыялог – у самой прыродзе Бога:

«Сам Бог – Айцец, і Сын, і Дух Святы – ёсць дыялог <…>. Сёстры, браты, «чым быў бы наш свет без цярплівага дыялогу мноства чыстых і шчодрых сэрцам людзей <…>»

Пантыфік звярнуў увагу на тое, што ў грамадстве павялічваецца небяспека няздольнасці да сацыяльных зносінаў – расце тэндэнцыя да самотнасці, да нежадання нешта рабіць разам. Адмова ўступаць у дыялог, паводле Францішка, на міжнародным узроўні толькі правакуе развязванне канфліктаў. Папа Рымскі ўзгадаў пра сірыйскі народ, які больш за дзесяць гадоў жыве ва ўмовах вайны, якая выклікала «мноства ахвяраў і незлічоную колькасць уцекачоў», а таксама пра канфлікт паміж Ізраілем і Палестынай, пра крызіс у Ліване, Эфіопіі.

У малітве пантыфік узгадаў Украіну:

«Будзь святлом і падтрымкай для тых, хто верыць і працуе, нават ідучы супраць плыні, на карысць сустрэчы і дыялогу, і не дай метастазам злаякаснага канфлікту распаўсюджвацца ва Украіне».

Папа Рымскі Францішак выступае з калядным зваротам Urbi et Orbi.
Фота: Радыё Ватыкана

Таксама пантыфік прасіў у малітве «добрай волі на пошук найлепшых рашэнняў для пераадолення крызісу аховы здароўя і ягоных наступстваў» і каб тыя, хто найбольш патрабуе, маглі атрымаць неабходнае лячэнне, а асабліва вакцыны.

Наўпрост пра Беларусь Папа Рымскі не казаў, аднак не забыўся на палітвязняў.

«Дзіця Віфлеему, няхай хутчэй вернуцца дамоў з нядаўніх канфліктаў усе грамадзянскія і ваенныя палонныя і тыя, хто быў заключаны ў турму па палітычных прычынах, – маліўся Папа Францішак. – Не дай нам застацца абыякавымі да лёсу мігрантаў, уцекачоў і перамешчаных асобаў».

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў