«Не баяцца падымаць гвалт!» Беларус, якога памежнікі тройчы не прапускалі ў Польшчу, ужо ў Варшаве


Беларус, якому ў мінулую суботу польскія памежнікі тройчы адмовілі ва ўездзе ў Польшчу з Украіны, 25 кастрычніка паспяхова падаў дакументы на міжнародную абарону, перайшоў мяжу і цяпер перабывае ў Варшаве. Сітуацыю, калі просьбы беларуса аб наданні статусу ўцекача ігнараваліся супрацоўнікамі Памежнай аховы Польшчы, удалося развязаць толькі дзякуючы ўмяшанню беларускіх актывістаў і дэпутаткі польскага Сейму.

Беларус Дзяніс Пылыпіў у Варшаве. Фота даслаў у рэдакцую герой публікацыі.

25-гадовы беларус Дзяніс Пылыпіў з’ехаў з Беларусі ва Украіну ў 2018 годзе. Вучыўся на харэографа і меў ва Украіне від на жыхарства. Кажа, што спрабаваў атрымаць грамадзянства гэтай краіны (ягоны бацька – грамадзянін Украіны), але дакументы не прынялі, бо не меў беларускага пашпарта серыі PP. У 2022 годзе тэрмін дзеяння пашпарта скончыўся, а вярнуцца ў Беларусь, каб памяняць дакумент, хлопец не мог: як ваеннаабавязаны, быў бы адразу прызваны ў беларускае войска. Пацвярджае гэта дакумент з ваенкамату, паводле якога з 2020 года Дзянісу забаронена выязджаць з Беларусі. У тым жа 2020-м падчас паслявыбарчых пратэстаў затрымлівалі і кідалі за краты брата Дзяніса.

22 кастрычніка 2022 на памежным пераходзе Мэдыка – Шэгіні на польска-ўкраінскай мяжы хлопец заяўляў аб жаданні атрымаць міжнародную абарону, паказваў дакументы і тлумачыў польскім памежнікам акалічнасці. Але тройчы атрымліваў адмовы – з прычыны адсутнасці дзейнага пашпарту. А пра жаданне атрымаць у Польшчы міжнародную абарону і слухаць ніхто не хацеў.

«Каб не дапамога людзей – ніякай абароны мне б не далі»

«Я вымушаны быў вярнуцца ва Украіну. І каб не дапамога беларускіх актывістаў і арганізацыяў, у прыватнасці Яны Шостак, «Partyzanka», «Free Belarus Center» і іншых, каб не ўмяшанне дэпутаткі польскага Сейму Уршулі Зеліньскай – ніякай абароны мне б не далі. Але цяпер я ўжо ў Польшчы і вельмі дзякую ўсім, хто дапамагаў і перажываў за мяне. Усё атрымалася!» – кажа Дзяніс Пылыпіў.

Ён дзякуе таксама польскім і беларускім СМІ, у тым ліку «Белсату», якія маніторылі сітуацыю і расказвалі пра яе.

Паводле Дзяніса, у панядзелак 25 кастрычніка ён зноў паехаў на мяжу, але яшчэ да гэтага адправіў на электронны адрас Памежнай аховы Польшчы пісьмовую заяву з просьбай аб наданні статусу ўцекача, падрыхтаваную беларускімі валанцёрамі, і меў пры сабе афіцыйны зварот да Памежнай аховы Польшчы дэпутаткі Сейму Уршулі Зеліньскай.

У лісце, які таксама быў накіраваны праз электронную пошту на памежны пераход, дэпутатка спасылалася на омбудсмана, паводле якога «права на падачу заяўкі аб наданні статусу ўцекача, згодна з пастановай Канвенцыі аб статусе ўцекачоў, падпісанай 28 ліпеня 1951 года ў Жэневе, ёсць правам канстытуцыйным, гарантаваным арт. 56 п. 2 Канстытуцыі Польшчы».

«Гэтае права змяшчаецца ў канстытуцыйным каталогу правоў і свабодаў чалавека і – як такое – не можа быць у сваёй сутнасці абмежаванае ні палажэннямі актаў, ні тым болей дзеяннямі або бяздзеяннем з боку дзяржаўных органаў», – адзначалася ў лісце.

Падкрэслівалася: адсутнасць дзейных дакументаў у чалавека, які просіць аб абароне, не мусіць быць перашкодай.

«Памежнікам лягчэй адмовіць, чым гэтым займацца»

Дзяніс Пылыпіў расказвае, што гэтым разам польскія памежнікі былі з ім вельмі ветлівымі («Аж ненатуральна ветлівымі, мне падалося»).

«Зноў выклікалі старэйшую, кудысьці пазванілі і запыталіся, ці сапраўды я хачу падавацца на міжнародную абарону. Я кажу: «Так, так!». Як я зразумеў, польская дэпутатка званіла начальніку памежнага пункту і ў той момант, калі я там ужо знаходзіўся. Ён троху ведае расейскую мову і нават дапамагаў мне з перакладам. Уся гэтая працэдура цягнулася недзе чатыры гадзіны», – расказаў беларус.

Памежная ахова Польшчы. 12 ліпеня 2022 года.
Фота: strazgraniczna.pl

Згадвае, што падчас працэдуры памежнікі ўвесь час прасілі выключыць тэлефон і звязвае гэта з тым, што польская дэпутатка ў сваім лісце спасылалася на аўдыёзапісы, зробленыя Дзянісам 22 кастрычніка. Дзяніс кажа, што за фразу «Беларусаў і маскалёў не прымаем», якая прагучала ў той дзень, перад ім ніхто не выбачаўся, але насамрэч усе былі вельмі зычлівыя.

«Вазілі яшчэ мяне на агляд у шпіталь. І дзесьці ў 15.00 я ўжо быў у цягніку на Варшаву», – кажа беларус, якому на мінулых выходных тройчы адмовілі ва ўездзе ў Польшчу.

У Варшаве Дзяніс спыніўся ў сваіх сяброў з адукацыйнага праекту, у якім удзельнічае ў якасці валанцёра. У аўторак 26 кастрычніка зʼездзіў таксама ў лагер уцекачоў для перарэгістрацыі. Цяпер ён у небяспецы і будзе займацца канчатковым афармленнем статусу ўцекача. Вельмі спадзяецца, што ніякіх непаразуменняў з польскімі ўладамі ў яго больш не будзе.

«Чаму такая сітуацыя на мяжы магла адбыцца? Мне ў нейкі момант падалося, што – праз вельмі доўгую працэдуру афармлення бежанства. Нават калі максімальна хутка ўсё рабіць, то ўсё адно зойме 4-5 гадзін. Дык здаецца, што памежнікам проста лягчэй адмовіць, чым гэтым займацца», – мяркуе Дзяніс.

Раіць людзям, якія трапляюць у падобную сітуацыю (шукаюць абароны, але ім адмаўляюць), не саромецца прасіць дапамогі ў грамадскіх актывістаў і журналістаў, «не баяцца падымаць гвалт».

Чакаем адказу

Па словах актывісткі Яны Шостак, дэпутатка Уршуля Зеліньска, якая паспрыяла развязанню пытання з беларусам, так і не атрымала афіцыйнага адказу на свой ліст ад каменданта памежнага пункту ў Мэдыцы. Маўляў, камендант проста на словах запэўніў яе, што «усё будзе добра» (пацвердзіць гэта ў самой дэпутаткі нам пакуль што не ўдалося).

Нашыя спробы дазваніцца да каменданта таксама аказаліся марнымі. Пытанне, з якой прычыны мог здарыцца «pushback» з беларусам на польска-ўкраінскай мяжы, дасылаем у афіцыйным запыце на адрас Памежнай аховы Польшчы. І чакаем адказу.

З верасня 2020 года па міжнародную абарону ў Польшчы звярнуліся 5063 беларуса. Крыху менш за палову з іх папрасілі аб абароне пасля пачатку вайны ва Украіне – 2034 асобы. Як сцвярджаюць актывісты ініцыятывы «Partyzanka», выпадак з Дзянісам Пылыпівым – адзін з першых у іх практыцы, калі просьба беларуса аб наданні статусу ўцекача цалкам ігнаравалася польскімі памежнікамі. Але ў арганізацыі мяркуюць, што ў такія сітуацыі маглі трапляць больш беларусаў. Паводле польскага Упраўлення ў справах замежнікаў, у Польшчы на канец верасня 2022 году пражывала каля 60 тысяч беларусаў.

Разбор
«Беларусаў і маскалёў не прымаем». Палякі тройчы адмовілі беларусу ва ўездзе ў краіну
2022.10.25 08:00

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў