Ужо 833 палітвязні. У Беларусі прызналі палітычнымі зняволенымі яшчэ 12 чалавек


Праваабаронцы працягваюць аналізаваць крымінальныя справы супраць беларусаў на адпаведнасць азначэнню «палітвязень».

Экс-следчы Яўген Юшкевіч.
Фота: «Народная воля»

Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў 26 кастрычніка чарговую супольную заяву 8 праваабарончых арганізацыяў аб прызнанні палітычнымі зняволенымі яшчэ 12 чалавек. Праваабаронцы заклікаюць неадкладна вызваліць іх, як і ўсіх 833 палітвязняў, спыніўшы палітычныя рэпрэсіі.

У ліку палітвязняў, названых сёння, Сяргей Прус і Дзмітрый Бондараў, асуджаныя на 5 гадоў пазбаўлення волі за «стварэнне і размяшчэнне ў сетцы інтэрнэт відэароліку з заклікамі да супрацьпраўных дзеянняў у дачыненні супрацоўнікаў АМАП ГУУС Магілёўскага аблвыканкаму».

Дзмітрый Сончык быў асуджаны на 5 гадоў калоніі за «пагрозу гвалту ў дачыненні прадстаўніка ўлады» і «абразу прадстаўніка ўлады» за каментары ў Telegram.

Андрэй Разуваеў быў асуджаны на 4 гады абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу («хімія») за «абразу прадстаўніка ўлады», а таксама за «незаконныя дзеянні са зброяй», бо неналежным чынам захоўваў порах, які застаўся пасля палявання.

У пачатку снежня 2020 года паводле абвінавачвання ў тэрарызме ўзялі пад варту Ірыну Мельхер, Антона Мельхера, Галіну Дзербыш, святара Сяргея Разановіча, ягоную жонку Любоў Разановіч і сына Паўла Разановіча. Следчых дзеянняў адносна іх не вядуць, ды праз дзяржаўныя прапагандысцкія рэсурсы распаўсюджваюць такую інфармацыю, з якой вынікае, што нават калі яны сапраўды ўдзельнічалі ў нечым незаконным, то іхная роля ў дзеяннях насіла другасны характар.

Былога следчага Яўгена Юшкевіча ўзялі пад варту, абвінаваціўшы ў тэрарызме, масавых беспарадках і арганізацыі дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Яго ўжо прызнавалі палітвязням пасля абвінавачвання ў масавых беспарадках, аднак яго вызвалялі пад падпіску аб нявыездзе і зноў затрымалі ў красавіку, выставілі абвінавачванне ў тэрарызме. Акалічнасці, пры якіх яму выставілі абвінавачанне, даюць падставу лічыць, што ўтрыманне пад вартай можа быць незаконным, звязаным з грамадскай дзейнасцю.

Яўген Буйніцкі быў узяты пад варту ў сувязі з абвінавачаннем у «арганізацыі незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы», бо дапамагаў беларусам уцякаць ад палітычнага пераследу (Крымінальны кодэкс не лічыць злачынствам дзеянне, здзейсненае ў стане крайняй неабходнасці, гэта значыць для перадухілення або ліквідацыі небяспекі).

Дзеянні ўсіх пералічаных асобаў не былі звязаныя з непасрэдным ужываннем гвалту, падкрэсліваюць праваабаронцы.

Аналітыка
Лепш, чым пры Ракашы, горш, чым пры Ярузэльскім. З чым параўнаць рэпрэсіі ў Беларусі?
2021.10.21 08:30

АА belsat.eu

Стужка навінаў