У Лукашэнкі і Пуціна – працоўная сустрэча ў Сочы


У Сочы 26 верасня праходзіць сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным. Афіцыйна візіт ніяк не анансаваўся, аднак яшчэ ў выходныя з’явілася інфармацыя, што самалёт Лукашэнкі прызямліўся ў Сочы. Гэта іхная сёмая сустрэча з пачатку года.

Аляксандр Лукашэнка 26 верасня правёў перамовы з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным.
Фота: president.gov.by

Перад пачаткам афіцыйнай сустрэчы Пуцін патлумачыў Лукашэнку, чаму не сустрэўся з ім у Самаркандзе на саміце ШАС – нібыта праз вялікую нагрузку і напружаную працу, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.

«У нас усё ж такі дастаткова вялікі аб’ём праблемаў, якія мы павінны абмеркаваць. І мы з вамі дамовіліся пабачыцца асобна тут, у Сочы. таму я вельмі рады, што вы знайшлі час, каб прыехаць і паразмаўляць пра ўсе пытанні, якія мы з вамі планавалі яшчэ ў Самаркандзе абмеркаваць», – сказаў Уладзімір Пуцін.

Таксама Пуцін дадаў: пытанні, якія трэба развязаць, датычаць сітуацыі ў рэгіёне, а таксама пытанні эканамічнага характару, звязаныя з агульнымі планамі ў галіне хіміі, харчавання, угнаенняў, бо Захад дасюль блакуе пастаўкі беларускіх угнаенняў на сусветныя рынкі.

У сваю чаргу Лукашэнка прапанаваў прэзідэнту Расеі не шкадаваць, што расейцы імкнуцца выехаць з краіны, каб пазбегчы мабілізацыі. Лукашэнка заявіў, што Расея праходзіць такі ж водападзел, які Беларусь прайшла ў 2020 годзе:

«У гэтым нічога дрэннага няма. У нас мабілізацыяй палохаюць, тут нехта пабег за мяжу. Слухайце, у Расеі 25 мільёнаў мабілізацыйны рэсурс. Добра, няхай уцяклі 30 тысячаў, ну, 50 тысячаў. А каб яны тут засталіся, яны што, нашымі людзьмі былі б? Няхай бягуць. Я не ведаю, як вы да гэтага ставіцеся, а я асабліва не перажываў, калі ў 2020 годзе некалькі тысячаў выехала».

Аляксандр Лукашэнка 26 верасня правёў перамовы з прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным.
Фота: president.gov.by

Лукашэнка заявіў, што пры санкцыях «можна жыць і існаваць нармальна», адзначыў паспяховае імпартазамяшчэнне паміж Беларуссю і Расеяй:

«А харчаванне, угнаенні – купяць. Купляюць жа цяпер. Складаней, вядома. Блакуюць там. Не нас, а там блакуюць: людзей, якія хочуць купіць, якія хочуць заплаціць. Яны іх блакуюць, а не нас. Але знаходзім жа шляхі і прадаем. […] Еўропа, калі яна адшумела (я пра тых за акіянам не кажу), няхай яны думаюць. Я ім ужо тры разы сказаў, што іх будучыня – разам з намі. Разам з Расеяй, дзе ёсць усё, што ім трэба, а ў іх ёсць тое, што мы можам у іх купіць. Што ім яшчэ трэба? Проста трэба прымаць адказныя рашэнні. Не хочуць – не трэба».

Пуцін дадаў да словаў Лукашэнкі, што Захад павінен «з павагаю да нас ставіцца». Лукашэнка ж упэўнены ў правільнасці курсу: «Пераможам. У нас выйсця іншага няма».

Імаверна, далей Пуцін і Лукашэнка працягнулі размову сам-насам, без прысутнасці журналістаў.

Глабальнае пытанне
Гульня з нулямі: як Лукашэнка крадзе грошы з кішэняў беларусаў?
2022.09.26 12:07

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў