Анексія, абвяшчэнне вайны, ядравы шантаж. Чаго чакаць пасля акупацыйных псеўдарэферэндумаў


27 верасня ў самаабвешчаных «ЛНР», «ДНР», а таксама на акупаваных тэрыторыях Херсонскай і Запарожскай вобласцяў завершацца незаконныя псеўдарэферэндумы аб далучэнні да Расеі. Belsat.eu разважае, што можа адбыцца пасля «рэферэндумаў» і як гэта зменіць вайну.

Анексія

Імаверна, пасля «рэферэндумаў» анексія Расеяй акупаваных тэрыторыяў будзе афіцыйна аформленая цягам некалькіх дзён. Менавіта так адбылося ў Крыме 8 гадоў таму: 16 сакавіка 2014-га правялі галасаванне, а ўжо 18 сакавіка Уладзімір Пуцін звярнуўся да Федэральнага сходу і падпісаў указ аб прыняцці паўвостраву ў склад Расейскай Федэрацыі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.  Мужчына праходзіць на ровары паўз банеры, якія інфармуюць пра рэферэндум аб далучэнні рэгіёнаў Украіны да Расеі. Мэлітопаль, Украіна. 26 верасня 2022 года.
Фота: Аляксандр Ермачэнка / Reuters / Forum

Паводле расейскіх дзяржаўных агенцтваў, 28 верасня законапраект аб уваходжанні акупаваных тэрыторыяў у склад Расеі будзе ўнесены ў Дзяржаўную думу, а 29 верасня яго разгледзяць у Савеце Федэрацыі. ТАСС са спасылкаю на крыніцу ў Дзярждуме паведамляе, што «ДНР», «ЛНР», Херсонская і Запарожская вобласці будуць фармальна далучаныя да Расеі ўжо 30 верасня. На гэты дзень запланаваны зварот Пуціна да Федэральнага сходу. Газета «Ведомости» са спасылкаю на крыніцы ў адміністрацыі прэзідэнта і парламенце паведамляе, што падчас звароту Пуцін якраз і падвядзе вынікі «рэферэндумаў».

«Працэдура роўна тая ж, што ў 2014 глдзе. Будзем прымаць новыя тэрыторыі», – кажа суразмоўца выдання.

Разам з тым застаецца адкрытым пытанне наконт канкрэтных межаў анексаваных тэрыторыяў. Восем гадоў таму такой праблемы не было: Аўтаномная Рэспубліка Крым і Севастопаль цалкам кантраляваліся расейскім войскам ды ўвайшлі ў склад РФ у сваіх адміністрацыйных межах. Але ні Данецкую, ні Луганскую, ні Запарожскую, ні Херсонскую вобласці Расея не кантралюе на 100 %. У Запарожскай вобласці расейцы наагул змаглі захапіць толькі 60 % тэрыторыі, прычым без адміністрацыйнага цэнтру вобласці – Запарожжа.

Варыянтаў тут толькі два: або ачарціць мяжу па цяперашняй лініі фронту (хаця яна працягвае змяняцца), або анексаваць чатыры вобласці ў сваіх адміністрацыйных межах. Калі арыентавацца на заявы акупацыйнай адміністрацыі, плануецца зрэалізаваць менавіта другі варыянт. Аднак тады складзецца абсурдная сітуацыя: атрымліваецца, Пуцін не толькі абвесціць пра ўваходжанне Данбасу, Херсонскай і Запарожскай вобласцяў у склад Расеі, але адначасова будзе вымушаны прызнаць, што частка расейскай тэрыторыі ўжо акупаваная. У такім выпадку не зусім ясна, якімі «чырвонымі лініямі» Крэмль будзе палохаць Украіну і Захад: калі, напрыклад, анексаванае Запарожжа можа быць «акупаванае» Украінаю на 40 %, то чаму ЗСУ не могуць цалкам выкінуць Расеі са сваёй тэрыторыі? Механізмы павышэння ставак акажуцца абсалютна незразумелыя.

Абвяшчэнне вайны

Дзе б ні прачарціў Крэмль мяжу анексаваных тэрыторыяў, рашэнне аб прыняцці чатырох украінскіх вобласцяў у склад Расеі дасць падставу для афіцыйнага абвяшчэння вайны Украіне. Калі ЗСУ працягнуць наступленне, Расея зможа заявіць, што цяпер яна вымушаная абараняць сваю тэрыторыю ад вонкавай агрэсіі, таму «спецаперацыя» на гэтым скончылася і пачынаецца вайна.

«Напады Кіева пасля абвяшчэння вынікаў рэферэндумаў будуць расцэненыя як агрэсія супраць Расеі», – заявіла «РИА Новости» расейская сенатарка Вольга Кавітыдзі.

Аналітыка
Баі пад Ліманам і пагроза акружэння. Што вядома пра працяг наступлення ЗСУ
2022.09.23 20:25

Праўда, Маскве нішто не перашкаджала зрабіць гэта і раней. Паводле федэральнага Закону РФ аб ваенным становішчы, вонкавай агрэсіяй лічыцца, напрыклад, выкарыстанне зброі супраць Расеі – абстрэл ці бамбаванне яе тэрыторыі. Такіх фармальных нагодаў можна было знайсці за мінулыя 7 месяцаў колькі заўгодна: у жніўні ЗСУ нанеслі шэраг удараў па Крыме, які Расея афіцыйна лічыць сваёй тэрыторыяй з 2014 года, а пра абстрэлы памежных паселішчаў Белгародскай вобласці наагул паведамляецца рэгулярна. У вачах грамадства гэта было б больш пераканаўчаю нагодаю для вайны, чымся наступ ЗСУ на тэрыторыі, што яшчэ ўчора расейскімі ніхто не называў.

У артыкуле 18 Закону аб абароне гаворыцца, што стан вайны абвяшчаецца федэральным законам. Пасля гэтага можа быць абвешчанае ваеннае становішча па ўсёй тэрыторыі РФ або ў асобных рэгіёнах, што прадугледжвае перадачу выканаўчай уладзе выключных паўнамоцтваў. Але значнаю часткаю гэтых паўнамоцтваў улады дэ-факта і так даўно карыстаюцца.

Галоўнае з магчымых наступстваў абвяшчэння вайны і ваеннага становішча – прымусовая мабілізацыя – ужо пачалася. Пунктавыя абмежаванні на выезд з краіны таксама пачалі ўводзіцца. Паводле «Медузы», поўную забарону на выезд мужчынаў з краіны плануюць зацвердзіць ужо 28 верасня, то бок не чакаючы звароту Пуціна да Федэральнага сходу.

Акрамя таго, артыкул 7 Закону аб ваенным становішчы прадугледжвае, што ўлады могуць забараніць мітынгі і пікеты, увесці цэнзуру, забараніць дзейнасць палітычных партыяў – усё гэта, па сутнасці, і так даўно ў Расеі адбываецца.

Ёсць і тыя захады, да якіх раней улады Расеі не звярталіся: напрыклад, увядзенне каменданцкай гадзіны, забароны на змену месца жыхарства, канфіскацыя маёмасці на патрэбы абароны або прыцягненне грамадзянаў да абарончых працаў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Жыхары Мэлітопалю галасуюць падчас рэферэндуму аб далучэнні самаабвешчанай «ДНР» да Расеі. 25 верасня 2022 года.
Фота: Аляксандр Ермачэнка / Reuters / Forum

Арт. 8 закону Аб ваенны становішчы дазваляе ўводзіць абмежаванні на «ажыццяўленне эканамічнай і фінансавай дзейнасці, абарот маёмасці, свабоднае перамяшчэнне тавараў, паслуг і фінансавых сродкаў, […] парадак і ўмовы працэдур банкруцтва, рэжым працоўнай дзейнасці.

Зварот да саюзнікаў

Акрамя ўнутраных наступстваў, будуць яшчэ і вонкавапалітычныя – і яны патэнцыйна могуць быць нашмат больш сур’ёзныя.

Калі Расея заявіць пра вонкавую агрэсію і афіцыйна абвесціць вайну Украіне, гэта паставіць пытанне беспасярэдняга ўдзелу ў гэтым канфлікце Беларусі як расейскага хаўрусніка з Саюзнай дзяржавы і АДКБ. Яшчэ да поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну, у студзені 2022 года, Аляксандр Лукашэнка абяцаў, што ў выпадку нападу на тэрыторыю РФ беларускае войска будзе ваяваць.

Пагадненні, падпісаныя Беларуссю, сапраўды прадугледжваюць пэўныя абавязкі ў вайсковай сферы. У пункце 20 супольнай ваеннай дактрыны Саюзнай дзяржавы гаворыцца, што «дзяржавы-ўдзельніцы разглядаюць любыя дзеянні з выкарыстаннем ваеннай сілы, накіраваныя супраць любой з дзяржаваў-удзельніц, як замах на Саюзную дзяржаву ў цэлым і будуць рабіць адпаведныя захады ў адказ з выкарыстаннем усіх сілаў і сродкаў у іх распараджэнні».

Аналітыка
Як расейская мабілізацыя закране Беларусь? Юрыдычна – ніяк, але ёсць нюанс
2022.09.21 17:05

Аналагічныя абавязкі замацаваныя ў дамове АДКБ: «у выпадку ўчынення агрэсіі на любую з дзяржаваў-удзельніц усе астатнія дзяржавы-ўдзельніцы на просьбу гэтай дзяржавы-ўдзельніцы неадкладна дадуць ёй неабходную дапамогу, уключаючы ваенную, а таксама падтрымаюць сродкамі, якія знаходзяцца ў іх распараджэнні».

Але тут ёсць важны нюанс. Ні ў саюзнай дамове, ні ў сумеснай вайсковай дактрыне, ні ў дамове АДКБ няма канкрэтнага пункту, дзе было б прапісана, што ў выпадку абвяшчэння вайны адным з удзельнікаў пагаднення ўсе астатнія аўтаматычна і пры любых абставінах таксама маюць абвесціць вайну. Як мінімум спачатку хаўруснікі Крамля мусіць прызнаць, што Расея нібыта сталася ахвяраю вонкавай агрэсіі. А гэта ўжо пераводзіць пытанне выключна ў палітычную, а не прававую плоскасць. З улікам пазіцыі некаторых чальцоў АДКБ адносна вайны ва Украіне, можна адназначна спрагназаваць, што прынамсі на дапамогу ў межах гэтага блоку Расеі разлічваць не варта.

Ядравы шантаж

У любым выпадку само па сабе абвяшчэнне вайны не спыніць наступлення ЗСУ і не прымусіць Захаду адмовіцца падтрымліваць Украіну. Пасля абвяшчэння мабілізацыі ў Крамля не засталося іншых козыраў, акрамя зброі масавага знішчэння – менавіта на ядравы шантаж, імаверна, Пуцін зробіць цяпер стаўку.

Аналітыка
Колькі ядравай зброі ў Расеі, і ці можа Пуцін распачаць ядравую вайну?
2022.03.22 07:30

Ядравы шантаж ужо даўно зрабіўся адметнаю рысаю палітыкі Масквы. Пасля нападу на Украіну ён толькі ўзмацніўся: 27 лютага Пуцін загадаў прывесці расейскія сілы ядравага стрымлівання ў асаблівы рэжым баявога дзяжурства. На фоне ваенных няўдачаў Расеі, а асабліва пасля беспакараных удараў ЗСУ па вайсковых аб’ектах у анексаваным Крыме, ядравая рыторыка Крамля на міжнароднай арэне пачала выглядаць усё менш пераканаўча. Але анексія чатырох украінскіх вобласцяў, на меркаванне расейскіх уладаў, мусяць паказаць свету сур’ёзнасць намераў Масквы.

«Пры пагрозе тэрытарыяльнай цэласнасці нашай краіны для абароны Расеі і нашага народу мы, безумоўна, выкарыстоўваем усе існыя ў нашым распараджэнні сродкі. Гэта не блеф», – заявіў Пуцін 21 верасня, калі абвяшчаў мабілізацыю.

24 верасня міністр замежных справаў Сяргей Лаўроў адзначыў, што далучаныя тэрыторыі будуць пад поўнай абаронаю дзяржавы, на іх будзе распаўсюджвацца ядравая дактрына РФ.

Праўда, паміж заявамі Пуціна і Лаўрова ёсць невідавочная супярэчнасць. Ваенная дактрына, на якую спаслаўся Лаўроў, сапраўды прадугледжвае, што ядравая зброя можа быць выкарыстаная ў выпадку вонкавай агрэсіі. Але толькі ў двух выпадках: пры выкарыстанні праціўнікам зброі масавага знішчэння або пры выкарыстанні звычайнай зброі, «калі пад пагрозу пастаўленае існаванне дзяржавы» (арт. 27). Як вынікае з дакументу, пагроза тэрытарыяльнай цэласнасці не ёсць дастатковаю падставай для ядравага ўдару. А вызваленне ЗСУ Херсону або Данбасу дакладна не можа стварыць пагрозы існаванню расейскай дзяржавы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Помнік украінскаму паэту Тарасу Шаўчэнку ў Мэлітопалі. 26 верасня 2022 года.
Фота: Аляксандр Ермачэнка / Reuters / Forum

Разам з тым ігнараваць ядравую рыторыку Крамля Украіна і краіны Захаду не могуць. «Не думаю, што гэта блеф», – заявіў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі 25 верасня, але дадаў, што сусветная супольнасць мусіць працягваць ціснуць на Пуціна. Кіраўнік еўрапейскай дыпламатыі Жузэп Бурэль таксама лічыць, што заявы Пуцінп варта ўспрымаць сур’ёзна і цяпер «небяспечны момант».

Газета «The New York Times» са спасылкаю на амерыканскую адміністрацыю піша, што Пуцін можа арганізаваць дэманстратыўны ядравы выбух над Чорным морам, Паўночным Ледавітым акіянам або беспасярэдне на тэрыторыі Украіны.

Дзяржаўны сакратар ЗША Энтані Блінкен заявіў 26 верасня, што амерыканскае кіраўніцтва распрацавала план дзеянняў на выпадак выкарыстання ядравай зброі Расеяй. Пра магчымыя наступствах амерыканцы ўжо папярэдзілі Крэмль:

«Вельмі важна, каб Масква пачула ад нас і даведалася ад нас, што наступствы такога кроку будуць жахлівыя. І мы вельмі дакладна далі гэта зразумець».

Праўда, што гэта могуць быць за наступствы, не ўдакладніў.

Спыніць Пуціна могуць не толькі папярэджанні з боку ЗША і NATO. Пераход канфлікту ва Украіне ў ядравую фазу напэўна выкліча рэзка адмоўную рэакцыю такіх краінаў, як Кітай ды Індыя, на сяброўскі нейтралітэт якіх Масква вельмі разлічвае.

Аналітыка
Каго насамрэч падтрымлівае Кітай у расейска-ўкраінскай вайне?
2022.06.22 20:04

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў