Дзяржаўная абвінаваўца Ірына Падкавырава запытала для беларускай журналісткі і супрацоўніцы TVP Ірыны Слаўнікавай 4 гады калоніі. Пра гэта Ірына напісала ў лісце мужу.
Прысуд у справе, верагодна, агучаць 2 жніўня.
Суд над Ірынай Слаўнікавай праходзіць у закрытым рэжыме ў Гомельскім абласным судзе і цягнецца больш за месяц. Узначальвае працэс Мікалай Доля, той самы суддзя, які вынес прысуд у «справе Ціханоўскага».
Журналістку абвінавачваюць адразу паводле двух артыкулаў КК: арт. 342 («Арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак, альбо актыўны ўдзел у іх») і арт. 361-1 («Стварэнне экстрэмісцкага фармавання, або ўдзел у ім»).
Ірына Слаўнікава была затрыманая разам са сваім мужам напрыканцы кастрычніка 2021 года ў Нацыянальным аэрапорце пасля вяртання ў Менск з адпачынку ў Егіпце. Першапачаткова пара была асуджаная да адміністратыўнага арышту за публікацыі ў Facebook «экстрэмісцкага кантэнту». Гаворка ішла пра матэрыялы «Белсату» з таго перыяду, калі тэлеканал яшчэ не быў прызнаны экстрэмісцкім. Пазней журналістку перазатрымалі ў крымінальнай справе і перавялі ў следчы ізалятар на Валадарскага.
Праваабаронцы прызналі журналістку палітзняволенай.
Алена Рувіна belsat.eu