Дыспетчар, які вёў перамовы з пілотам самалёта «Ryanair» у траўні, меркавана, пакінуў Беларусь


Паводле інфармацыі «Нашай Нівы», якую выданне атрымала ад некалькіх дыспетчараў «Белаэранавігацыі», разам з сям’ёй з Беларусі зʼехаў дыспетчар Алег Галегаў. Мяркуецца, што менавіта ён вёў перамовы з пілотам «Ryanair» рэйсу Афіны – Вільня, на борце якога быў блогер Раман Пратасевіч.

Ён не з’яўляўся на працы з пачатку чэрвеня. У «Белаэранавігацыі» заявілі, што з таго часу ён у адпачынку.

Сюжэт пра Алега Галегава і ягоную жонку на Беларускім тэлебачанні ў 2017 годзе.
Фота: nashaniva / Telegram

У «Белаэранавігацыі» ён працаваў як мінімум з 2010 года. На пачатку ліпеня павінен быў пасля адпачынку выйсці на змену, яго прозвішча стаяла ў раскладзе дзяжурстваў, але калегі яго так і не ўбачылі.

Журналісты некалькі дзён не маглі датэлефанавацца на хатні тэлефон Галегава, які жыў у Менску разам з сям’ёй. Некаторыя з калегаў дыспетчара выказалі думку, што ён зʼехаў да сваякоў у Грузію: мужчына – этнічны грузін, які пераехаў у Беларусь у свядомым узросце і ажаніўся з беларускай.

«Асабіста я не бачыў Алега даўно. Ходзяць чуткі, што ён знік. Калегі не могуць з ім звязацца і хвалюцца: да яго немагчыма дазваніцца, ён павыдаляў свае сацыяльныя сеткі. Начальства афіцыйна нічога нам не даводзіла. Але я асабліва праз яго не пераймаюся, бо думаю, ён проста перастрахаваўся і з’ехаў. Спецыяліст ён класны, работу знойдзе без праблем у любой краіне. Голас на апублікаваным запісе з інцыдэнтам «Ryanair» ягоны», – распавёў калега Галегава.

Інфармацыю пракаментаваў і намеснік гендырэктара «Белаэранавігацыі» Іван Герлоўскі. Спачатку ён сказаў, што Галегаў з чэрвеня ў адпачынку, і ён нічога не ведае пра яго знікненне ці звальненне, але пасля пытання, чаму ў арганізацыі такія доўгія адпачынкі, Герлоўскі ўдакладніў, што яны з’вязваліся з ім, і цяпер ён нібыта жыве ў цешчы.

Звязацца з Алегам не атрымліваецца: мабільны не адказвае, сацыяльныя сеткі вычышчаныя. Ёсць толькі інстаграм, дзе цалкам зменены нікнэйм, выдаленыя амаль усе фаловэры, а ў закрытага профілю няма заставачнага фота. Аналагічная сітуацыя і з жонкай Галегава.

Hавiны
Беларускі Дэпартамент авіяцыі апублікаваў расшыфроўку перамоваў з экіпажам «Ryanair»
2021.05.25 15:17

АД, belsat.eu

Стужка навінаў