Беларусь і Расея дамовіліся: «зялёныя карты» працягнуць дзеяць у дзвюх краінах


У Беларусі працягнуць афармляць «зялёныя карты» для паездак у Расею. Адпаведна, і для расейскіх аўтаўладальнікаў нічога не зменіцца, у іх таксама застанецца магчымасць набыць гэтую страхоўку перад паездкай у Беларусь. Пра гэта «Белсату» паведамілі ў Расейскім саюзе аўтастрахавальнікаў.

Беларуска-расейская мяжа на шашы М1. Красная Горка, Расея. 26 жніўня 2012 года.
Фота: Фотобанк Moscow-Live / Flickr, CC BY-NC-SA 2.0

Расейскі саюз аўтастрахавальнікаў і Беларускае бюро транспартавага страхавання ўхвалілі дамову, што дазваляе і пасля 30 чэрвеня ў звычайным парадку выдаваць «зялёныя карты» для паездак па тэрыторыі дзвюх краінаў. Пра гэта «Белсату» паведаміла прэс-служба РСА:

«Дзеянне полісаў, што ўжо выдадзеныя або толькі будуць аформленыя, у Расеі і Беларусі не абмяжоўваецца. Такія «зялёныя карты« будуць дзеяць цягам тэрміну, на які яны выдадзеныя. Такім чынам, як для расейскіх, гэтак і для беларускіх страхавальнікаў не будзе зусім ніякіх зменаў у справе набыцця «зялёных картаў» для перамяшчэння паміж Рэспублікай Беларусь і Расеяй».

Між тым на сайце кампаніі «Белдзяржстрах» дагэтуль маецца інфармацыя пра тое, што «29 чэрвеня а 23:50 страхавыя кампаніі спыняюць заключэнне дамоваў страхавання «зялёная карта» для транспартавых сродкаў, што выязджаюць у Расейскую Федэрацыю, Азербайджан і Турцыю».

1 чэрвеня краіны Еўразвязу перасталі прызнаваць «зялёныя карты», аформленыя ў Беларусі. Цяпер страхоўку трэба набываць на мяжы.

Разбор
Разварочваюць пасля 36 гадзінаў чакання. Як не атрымаць забароны на ўезд у ЕЗ праз адсутнасць страхоўкі на аўта?
2023.06.16 09:05

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў