«Вас уцягваюць у вайну». Уладзімір Зяленскі звярнуўся да беларусаў


У вечаровым звароце 26 чэрвеня прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі звярнуўся да беларусаў. Папярэдзіў, што Аляксандр Лукашэнка ўцягвае іх у вайну.

Зяленскі звярнуўся да беларусаў па-расейску.

«Хачу звярнуцца сёння да грамадзянаў Беларусі. Да людзей – і цывільных, і ў пагонах. Вас уцягваюць у вайну. І нават больш актыўна, чымся гэта было ў лютым і ўвесну. У Крамлі за вас ужо ўсё пастанавілі: вашыя жыцці для іх нічога не вартыя.

Але вы не рабы і не гарматнае мяса. Вы не павінны паміраць. І вы можаце не даць нікому вырашаць за вас, што вас чакае далей», – сказаў Уладзімір Зяленскі.

Таксама прэзідэнт Украіны дадаў, што ведае: народ Беларусі падтрымлівае Украіну, «падтрымліваюць нас, а не вайну». І менавіта таму расейскае кіраўніцтва хоча ўцягнуць беларусаў у вайну і пасеяць нянавісць паміж двума народамі:

«Ад звычайных людзей у Беларусі залежыць вельмі шмат. І я ведаю, што вы можаце не браць удзелу ў гэтай вайне, вашыя жыцці належаць толькі вам, і толькі, а не камусьці ў Крамлі».

Імаверна, зварот Уладзіміра Зяленскага менавіта да беларусаў звязаны з апошнімі днямі вайны, калі з тэрыторыі Беларусі ў разы павялічылася колькасць абстрэлаў украінскай тэрыторыі расейскімі войскамі. Таксама вайсковая выведка Украіны даклала, што Расея зноў павялічвае сваю вайсковую прысутнасць у Беларусі, а менавіта вайсковую авіяцыю.

Hавiны
ГУР Украіны: Расея павялічвае вайсковую прысутнасць у Беларусі
2022.06.26 14:43

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў