Галоўны драйвер вяртання – жыллё. Што падштурхоўвае ўкраінцаў ехаць на радзіму ў час вайны


Украінская журналістка Алена Бабакова ў размове з «Белсатам» аналізуе, з якімі праблемамі сутыкаюцца ўцекачы з Украіны ў замежжы і чаму ўсё часцей прымаюць рашэнне вяртацца дамоў.

Даведка
Алена Бабакова.
Фота: novayapolsha.pl

– З якімі складанасцямі сутыкаюцца ўцекачы, апынуўшыся за мяжой?

– Мне здаецца, адказ на гэтае пытанне вельмі моцна залежыць ад таго, які чалавек прыехаў як уцякач. Ці ёсць у яго нейкі высокі сацыяльны капітал – сямейнікі, блізкія сябры, якія, напрыклад, ужо жывуць у адной з краін ЕЗ. Гэта адразу абсалютна змяняе сітуацыю. Бо ёсць нейкі канкрэтны чалавек, які, магчыма, можа нават на машыне прыехаць і забраць цябе проста пад памежны КПП, які можа табе даць месца, дзе ты будзеш жыць. Гэта адразу па-іншаму ўсталёўвае твае сацыяльныя сувязі, у цябе ёсць, з кім пагаварыць, у цябе ёсць, у каго спытаць: куды мне пайсці, як мне арганізаваць сваё жыццё, дзе што купіць, як знайсці лекара.

Яшчэ іншая сітуацыя, калі людзі перайшлі мяжу і адразу апынуліся ў арбіце гуманітарнай арганізацыі. Яны адразу сталі часткай арганізаванай праграмы дапамогі, якая прадугледжвае хай не індывідуальнае, але арганізаванае масавае пасяленне, харчовую дапамогу, дапамогу з адзеннем, рэчамі. У самай дрэннай сітуацыі – людзі, якія зʼехалі ў выніку абстрэлаў, якія проста не мелі магчымасці сабраць неабходныя рэчы. У самай кепскай сітуацыі апынаюцца тыя, хто не адразу трапляе ў арганізаваныя праграмы дапамогі, у каго няма знаёмых і сяброў, на дапамогу якіх яны могуць разлічваць.

Львоўскі тэатр лялек у цэнтры гораду таксама стаў прытулкам для ўцекачоў з пачатку вайны Расеі супраць Украіны. Львоў, Украіна. Сакавік 2022 года.
Фота: Яна Сідач / Белсат

Калі мы гаворым пра тых, хто прыязджаў у Польшчу і Еўропу ў першыя тыдні пасля пачатку маштабнага расейскага ўварвання, канец лютага – пачатак сакавіка, то многіх з гэтых людзей мы можам назваць прэвентыўнымі ўцекачамі. А пачынаючы з канца сакавіка і ў красавіку прыязджалі людзі з рэгіёнаў, дзе непасрэдна ішлі баявыя дзеянні. Людзі, чые дамы былі проста разбураныя. У іх фізічна не было магчымасці сабраць неабходныя рэчы.

– З якімі менавіта праблемамі яны могуць сутыкнуцца?

– Ёсць перспектыва кароткатэрміновая, сярэднетэрміновая і доўгатэрміновая. Калі мы гаворым пра кароткатэрміновую перспектыву, то першая праблема – месца жыцця.

Калі мы гаворым пра краіны, якія мяжуюць з Украінай: Польшча, Венгрыя, Славаччына – тут праблема насычанасці рынку жыллём заўсёды існавала і для мясцовых жыхароў. Нават калі мы паглядзім на сітуацыю ў Польшчы. Тут маладым людзям вельмі цяжка разлічваць на сваё жыллё, цяжка ўзяць іпатэку. Уцекачы ў такой сітуацыі яшчэ больш уразлівыя. Да таго ж, колькасць новапрыбылых у вялікія польскія гарады, такія, як Кракаў, Варшава, Гданьск дадаткова ўзняла і без таго высокія цэны на арэнду. За двухпакаёвую ў месяц – каля 700–800 долараў, гэта можа сабе дазволіць кіеўскі, львоўскі і дняпроўскі сярэдні клас, які прыехаў з ашчаджэннямі. Зразумела, што для людзей з маленькіх украінскіх гарадоў гэта проста не варыянт.

Жанчыны з дзецьмі спяць у залі чакання на вакзале. Для сотняў тысяч людзей львоўскі чыгуначны вакзал стаў часовым сховішчам, дзе яны могуць адпачыць і перавесці дух, а пасля вырашыць, куды рухацца далей. Львоў, Украіна. 13 сакавіка 2022 года.
Фота: АК / Белсат

У сярэднетэрміновай перспектыве набор праблемаў ужо іншы. У першую чаргу – доступ да сістэмы адукацыі. Многія жанчыны, многія ўцекачы прыязджаюць з дзецьмі школьнага ўзросту. Сам факт, што краіны – сябры ЕЗ адкрываюць бясплатны доступ да сістэмы адукацыі, гэта вельмі важны жэст, але ён не здымае некаторых практычных пытанняў. Настаўнікі з веданнем мовы, так званыя міжкультурныя асістэнты, якія дапамагаюць у інтэграцыі гэтых дзяцей у асобных класах, гэта таксама пэўныя заканадаўчыя пытанні. У польскай школе паводле закону нельга вучыцца на ўкраінскай мове і паводле ўкраінскай праграмы. На ўкраінскай мове паводле польскай праграмы можа вучыцца нацменшасць. Але ўцекачы – гэта не нацменшасць.

Другая сярэднетэрміновая праблема – гэта доступ да сістэмы аховы здароўя. Гэта значыць, зноў жа, дырэктыва Рады Еўразвязу, якую дзяржавы цяпер імплементуюць у выглядзе законаў, якія прымаюцца на месцах. Польшча такі закон прыняла яшчэ ў сярэдзіне сакавіка, яна плануе бясплатны доступ да сістэме дзяржаўнай медыцыны. Але зноў жа, калі мы паглядзім на польскую сітуацыю, тут з такім доступ не вельмі добра і для грамадзянаў. Безумоўна, хуткая дапамога працуе. Калі вы вельмі цяжка хворы, вас прааперуюць, вам нададуць дапамогу. Аднак каб трапіць, напрыклад, да эндакрынолага або неўрапатолага ў той жа Варшаве, трэба чакаць месяцамі. Палякі ратуюцца паходамі ў прыватную медыцыну. Але, напрыклад, кансультацыя эндакрынолага за 300 злотых (70–80 долараў), зноў жа, хіба па сілах для ўкраінак з маленькімі дзецьмі?

Інтэрв’ю
Украінская ўцякачка – пра тое, як яе прыняла Беларусь
2022.05.25 16:46

Мы прыходзім да рынку працы – доўгатэрміновыя выклікі. Бо вельмі доўгі час у заходніх краінах існаваў такі кансэнсус, што эканамічная міграцыя – гэта нешта адно, а ўцякацкая міграцыя – нешта другое. Адпаведна, у адносінах іх маюць быць нейкія розныя інтэграцыйныя палітыкі. Бо наданне статусу ўцекача якраз і звязанае з тым, што дзяржава мусіць паклапаціцца пра жыллё для гэтага чалавека, пра дапамогу.

Калі мы паглядзім, напрыклад, на сацыялагічнае апытанне, якое ў Польшчы праводзіла «EWL Group», гэта вялікая кампанія, якая займаецца рэкрутынгам замежных работнікаў, больш за 60 % украінскіх уцекачоў кажуць пра тое, што яны б хацелі знайсці працу ў Польшчы, каб сябе ўтрымліваць. 20 % кажуць, што ў іх ёсць ашчаджэнні. Астатнія пакуль у прастрацыі. Дык вось, тут мы прыходзім да такой праблемы, як попыт і прапанова. Еўрапейскія грамадства цяпер перажывае і старэнне насельніцтва, і дэпапуляцыю. Гэта значыць, рабочыя рукі патрэбныя. Але пытанне ў тым, якія рукі. Напрыклад, на польскім рынку працы да пачатку поўнамаштабнага ўварвання было каля 200 тысяч вакансіяў, гэта былі вакансіі пераважна ў будаўніцтве, у ІТ, у інжынерыі, у лагістыцы, у транспарце. Наколькі гэта прыдатныя працы для мам з двума маленькімі дзецьмі? У мяне з гэтай нагоды ёсць сумневы.

Мы бачым, што цяпер расце колькасць тых, хто едзе назад. Маё ўражанне ад размоваў з людзьмі, што галоўны драйвер вяртання – усё ж такі жыллё. Праца дзесьці вось ужо на нейкім другім, трэцім месцы.

АМ belsat.eu

Стужка навінаў