Лукашэнка выступіў перад дэпутатамі. Што ён сказаў – і што з гэтага праўда


Выступ Лукашэнкі 26 траўня.
Фота: Прэс-служба Лукашэнкі

26 траўня Аляксандр Лукашэнка выступіў з абяцаным зваротам. Улады заяўлялі, што ён «усё расставіць па месцах». Разбіраемся, што з гэтага атрымалася.

Абяцалі «агонь»

Удзень 23 траўня ў Менску быў пасаджаны самалёт «Ryanair», які ляцеў з Афінаў у Вільню і на борце якога быў апазіцыйны блогер Раман Пратасевіч. Блогера з ягонай сяброўкаю затрымалі, а самалёт праз некалькі гадзінаў адпусцілі ў Вільню.

Такія дзеянні ўладаў сталі нагодаю для вельмі сур’ёзнай міжнароднай рэакцыі. Лідары краіны па абодва бакі Атлантычнага акіяну выступілі з крытыкай уладаў Беларусі. Гучалі заявы пра дзяржаўны тэрарызм і пірацтва. У адказ на пасадку самалёта пачаліся забароны на палёты над Беларуссю, забароны для кампаніі «Белавія» і размовы пра новыя, у тым ліку сектаральныя, санкцыі.

Hавiны
Еўрапейскае агенцтва авіябяспекі заклікала пазбягаць паветранай прасторы Беларусі
2021.05.26 15:19

Увесь гэты час Лукашэнка, які паводле «Пула Первого» сам загадаў падняць МіГ-29 для суправаджэння грамадзянскага самалёту, маўчаў. Апошні раз ён быў на публіцы 21 траўня. Увесь астатні час ён толькі размаўляў па тэлефоне, падпісваў законы і дасылаў тэлеграмы.

24 траўня «Пул» праанансаваў заяву Лукашэнкі з нагоды апошніх падзеяў. Маўляў, ён выступіць на наступны дзень, «будзе агонь», і «ўсё расставіць па месцах». Але на заўтра ніякага выступу зноў не адбылося. Замест гэтага выступ перанеслі ўжо на 26 траўня, сумясціўшы з пасланнем дэпутатам. Маўляў, яны самі пра гэта папрасілі.

Выступ пачаўся а 10:00. Пра што таксама паведамілі толькі сёння раніцай – за паўгадзіны да пачатку. Раней пра яго сведчылі толькі студэнты галоўнага корпусу БДУ, якім забаранілі падыходзіць да вокнаў – менавіта праз дарогу месціцца парламент, дзе і меўся выступаць Лукашэнка.

У адрозненне ад папярэдніх гадоў выступ не трансляваўся онлайн. Даведацца пра тое, што там гаворыцца, можна было толькі з паведамленняў афіцыйных і не вельмі рэсурсаў. Выступ цягнуўся толькі гадзіну, пасля чаго Лукашэнка адказаў трохі на пытанні і скончыў свой стэндап.

Ці на ўсе пытанні адказаў?

Выступ пачаўся, працягваўся і скончыўся абвінавачаннямі іншых дзяржаўва у тым, што «пераступілі мноства чырвоных лініяў, перайшлі межы здаровага сэнсу і чалавечай маралі». У прыватнасці, Лукашэнка заявіў, што «ў гэтай вайне Беларусь не разлічвае на перамогу», але збіраецца «нанесці непрымальную шкоду суперніку».

Усё гэта суправаджалася тлумачэннямі афіцыйнай версіі пасадкі самалёта, якую адпрэчылі нават праўладныя і расейскія эксперты і дзеячы, што называлі пасадку самалёта бліскучай аперацыяй спецслужбаў.

Разбярэм некаторыя заявы Лукашэнкі.

Лукашэнка: Прыняўшы самыя жорсткія меры, мы задушылі ў зародку хвалю неанацызму.

У Беларусі былі задушаныя мірныя пратэсты, мэтаю якіх былі сумленныя выбары і спыненне гвалту. Пры гэтым менавіта прадстаўнікі ўладаў казалі і стваралі канцлагеры для востракапытных, змяшчалі нацысцкую сімволіку ў месцах памяці ахвяраў, забаранялі спектаклі пра Галакост і штрафавалі за ўшанаванне памяці ахвяраў гета. А палітвязня, якіх паведаміў пра біркі ў калоніі для палітычных, знайшлі мёртвым.

Лукашэнка: Тры чалавекі выйшлі з самалёта ў Менску, каб не вяртацца сюды з Вільні, але з іх зрабілі фэйкавых супрацоўнікаў КДБ.

Пра тое, што за Раманам Пратасевічам сочаць, ён паведаміў перад самым вылетам з аэрапорту ў Афінах. Пра меркаваных супрацоўнікаў КДБ на борце казаў і гендырэктар «Ryanair». Па БТ паказалі трох чалавек – аднаго грэка і двух беларусаў, якія сышлі ў Менску, бо ім, маўляў, усё адно трэба было сюды вяртацца з Вільні. Двое адпрэчылі сваю датычнасць да спецслужбаў, а трэцяму слова не далі. На тле адной з пасажырак падчас інтэрв’ю відаць быў бюст заснавальніка ЧК-КДБ Фелікса Дзяржынскага. Сцвярджаць выключна на падставе іхных сведчанняў, што яны не супрацоўнікі КДБ, са 100-адсоткавай дакладнасцю нельга.

Лукашэнка: Самалёт развярнулі каля БелАЭС.

Самалёт павярнулі каля Лідскага раёну, а БелАЭС месціцца ў Астравецкім. Да Вільні яму было ляцець каля 70 кіламетраў, а да станцыі – 110. На падобнай адлегласці, але ў іншым кірунку ад БелАЭС, месціцца і аэрапорт, у якім пасадзілі самалёт.

Hавiны
Новая версія: Лукашэнка заявіў, што паведамленне пра мінаванне самалёту Ryanair паступіла са Швейцарыі
2021.05.26 12:23

Лукашэнка: Паведамленне аб мінаванні самалёта паступіла з Швейцарыі.

Раней улады казалі, што гэта была палестынская арганізацыя ХАМАС. Але яна сама адпрэчыла сваю датычнасць да «мінавання». Дарэчы, менавіта ў Швейцарыі ўсяго толькі зарэгістраваная зашыфраваная паштовая служба «ProtonMail», з дапамогай якой, паводле ўладаў, і прыйшоў ліст пра мінаванне.

Лукашэнка: Не паспеў самалёт сесці ў Менску, як пасыпаліся напісаныя пад капірку абвінавачанні з Захаду і забароны на палёты. Занадта ўжо хутка «зрэагавалі».

Рэакцыя Захаду сапраўды была вельмі хуткая і моцная, але выкліканая перадусім той небяспекай, якую ствараюць для грамадзянаў краін – чальцоў Еўразвязу і NATO падобныя дзеянні цяперашніх уладаў Беларусі.

Лукашэнка: У бліжэйшы час мы прадставім вам усё, што яны нагаварылі. У тым ліку і нядаўна затрыманыя.

Міжнародныя лідары і міністры замежных справаў заходніх краінаў ужо звярнулі ўвагу на магчымы прымус да дачы паказанняў Рамана Пратасевіча. Відаць і сляды катаванняў. Прызнанні, атрыманыя такім чынам, не прызнаюцца незалежнымі судамі. Пра гэта ведае нават Маргарыта Сіманьян, якая яшчэ ў верасні перагарнула старонку разам з Лукашэнкам.

Больш за тое, Крымінальны кодэкс Беларусі прадугледжвае ад 3 да 10 гадоў зняволення за катаванні дзеля атрымання прызнанняў (п. 3 арт. 394 КК).

Падчас выступу Лукашэнкі 26 траўня.
Фота: Прэс-служба Лукашэнкі

Лукашэнка: Экіпаж раіўся з гаспадарамі самалёта і аэрапортам у Вільні, але прыняў рашэнне прызямліцца ў Менску.

Паводле стэнаграмы, апублікаванай Дэпартаментам авіяцыі Міністэрства транспарту і камунікацыяў Беларусі, заданне сядаць у Менску далі самалёту менавіта беларускія дыспетчары. Прычым неаднаразова.

Лукашэнка: Хай заходнія абаронцы адкажуць: на якія спецслужбы працавалі двое затрыманых?

Як адзначыла расейскі палітолаг Кацярына Шульман, калі б Раман Пратасевіч сапраўды працаваў на нейкія спецслужбы, а не проста выказваў абурэнне дзеяннямі ўладаў, то ён бы не выязджаў на адпачынак у Грэцыю і тым больш не вяртаўся б праз Беларусь.

«Калі б у гэтых людзей сапраўды былі нейкія куратары з нейкіх еўрапейскіх выведак, яны б у аніякім разе не дазволілі б ім зусім лятаць на адпачынак на самалётах. Трапіў у бяспечнае месца – там і сядзі», – заявіла яна.

Лукашэнка: Хто плаціў падонку, які забіваў людзей у братэрскай Украіне?

Нягледзячы на заявы ўладаў, былы камандзір «Азову» адзначыў, што Пратасевіч не ваяваў на ўсходзе Украіны, а працаваў як журналіст.

«Адразу расстаўлю ўсе кропкі над «і». Так, Раман сапраўды разам з «Азовам» ды іншымі вайсковымі часткамі змагаўся супраць акупацыі Украіны. Ён быў з намі пад Шырокінам, дзе атрымаў раненне. Але ягонай зброяй быў не аўтамат, а слова», – сказаў Андрэй Білецкі.

Што цікава, сам Раман Пратасевіч да студзеня 2020 года, калі ён з’ехаў у Польшчу, працаваў спакойна журналістам у Беларусі, у тым ліку наведваў мерапрыемствы з удзелам кіраўніцтва краіны. Тады ягонае ўкраінскае мінулае ва ўладаў пытанняў не выклікала.

Лукашэнка: Манеўр з разваротам выглядае нелагічна (да Вільні было 70 км), але пытанне: чаму іншыя аэрапорты не прынялі самалёт?

Іншыя, бліжэйшыя за Вільню, – гэта іншыя беларускія аэрапорты. Бо патрабаванне прызямляцца ў Менску пілотам далі, калі самалёт ужо быў над тэрыторыяй Беларусі. Найбліжэйшыя аэрадромы былі ў Лідзе ды Горадні. Пытанне ж, чаму дыспетчар загадваў сядаць менавіта ў Менску, варта задаваць самым уладам Беларусі.

Лукашэнка: Прымус лайнера да пасадкі знішчальнікам МіГ-29 – абсалютная хлусня!

Пра тое, што для суправаджэння самалёта быў падняты знішчальнік, паведаміў паўафіцыйны тэлеграм-канал «Пул Первого». Паводле расейскага авіяэксперта Вадзіма Лукашэвіча, аналіз палёту лайнера паказвае, што менавіта з’яўленне вайсковага самалёта прымусіла яго павярнуць ад Вільні, да якой заставалася каля 70 кіламетраў і 30 кіламетраў да мяжы, на Менск, адлегласць да якога была нашмат большая.

Лукашэнка: Утрыманне ў аэрапорце экіпажу і пасажыраў узброенымі людзьмі – чарговае трызненне.

Пра тое, што пасажыры сутыкнуліся са стрэсам, а да іх ставіліся, як да вязняў, распавядаюць пасажыры лайнера.

Падчас выступу Лукашэнкі 26 траўня.
Фота: Прэс-служба Лукашэнкі

Лукашэнка: Паведамленне аб мінаванні паступіла ў аэрапорты Афінаў, Вільні і Менску адначасова.

Ніводны аэрапорт больш не інфармаваў пра паведамленне аб мінаванні. Але і ўключыць тры мэйлы ў адну рассылку не складае цяжкасці нікому, тым больш беларускім спецслужбам.

Лукашэнка: У нас у паветры пад пагрозай былі 123 пасажыры з розных краінаў і 6 чальцоў экіпажу.

Паводле стэнаграмы Дэпартаменту авіяцыі, на борце было 133, а не 129 чалавек.

Лукашэнка: Я не мог дапусціць, каб самалёт упаў на галовы нашых людзей.

Да мяжы з Літвой заставалася каля 30 кіламетраў. Перанакіраваўшы самалёт у Менск, улады яшчэ больш бы падставілі пад рызыку грамадзянаў Беларусі, калі б на лайнеры сапраўды была бомба.

У рэшце свайго выступу Лукашэнка патлумачыў, з чаго складаецца новая беларуская шматвектарнасць, пахваліў афіцыйных журналістаў і распавёў пра рост эканомікі, заробкаў і пенсіяў грамадзянаў.

«Ніякіх крокаў насустрач»

Палітолаг, прадстаўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Валер Карбалевіч у каментары belsat.eu адзначыў, што Лукашэнкаў выступ адкладаўся столькі дзён, бо «трэба было зразумець маштаб рэакцыі з боку Захаду, праясніць сітуацыю з наступствамі».

На ягоную думку, з улікам таго, што «сітуацыя не вельмі пэўная», улады вырашылі не даваць выступ у жывой трансляцыі, а «лепш паказаць гэта ўвечары ў адрэжысаваным варыянце».

Наведнікі выступу Лукашэнкі 26 траўня.
Фота: Прэс-служба Лукашэнкі

Каментуючы пытанне, ці расставіў Лукашэнка ўсё па месцах, як гэта абяцаў «Пул Первого», Валер Карбалевіч адзначыў:

«Я думаю, што на тыя пытанні, якія былі ў дэпутатаў, можа, ён і адказаў. Але я не думаю, што ў іх увогуле былі пытанні. Не для таго там сядзяць, каб пытанні задаваць. Яны сядзяць там, каб слухаць».

А што датычаць пытанняў грамадства, то, мяркуе палітолаг, «Лукашэнку не вельмі нават цікава, якія ў грамадства ёсць пытанні».

Не ўпэўнены Валер Карбалевіч і ў тым, што сённяшні спіч можа паўплываць на пазіцыю Захаду да Беларусі.

«Не было прапанавана ніякіх крокаў насустрач. Ніякіх прапановаў наконт дыялогу», – заявіў ён.

На думку эксперта, пакуль з беларускага боку няма жадання нармалізаваць дачыненні з Захадам, «хутчэй наадварот – усё развіваецца па шляху эскалацыі».

ПС belsat.eu

Стужка навінаў