З 2020 года ў Еўразвяз з Беларусі рэлакаваліся больш за 2000 кампаній


80% з 2000 кампаній, якія пераехалі пасля 2020 года ў Еўразвяз, аселі ў Польшчы, 10% – у Літве. Гэтыя лічбы былі агучаны Асацыяцыяй беларускага бізнесу за мяжой падчас правядзення II Беларускага бізнес-форуму ў Вільні.

Як адзначыў віцэ-прэзідэнт і прадстаўнік Асацыяцыі беларускага бізнесу за мяжой (ABBA) у Літве, Латвіі і Эстоніі Сяргей Наўродскі, пасля жніўня 2020 года беларускі бізнес зазнаў меншую хвалю эміграцыі ў параўнанні з той, што адбылася ў 2022-м, пасля пачатку вайны з Украінай.

Выступленне Святланы Ціханоўскай на Belarus Business Harbour in Baltics. 26 красавіка 2023 года
Фота: facebook.com/abbabusiness.org

Пры гэтым ІТ-сектар знаходзіцца далёка не на першым месцы. У лідарах апынуліся кампаніі аптова-рознічнага гандлю, многія з якіх маюць беларускіх «дачок».

Следам за імі ідуць кампаніі са сферы паслуг – касметычныя, аўтасэрвісы, кансультацыйныя і іншыя.

Трэцяе месца – у кампаній, якія займаюцца вытворчасцю.

У той жа час, як адзначыў Сяргей Наўродскі, менавіта ІТ-сектар стварае найбольшую колькасць працоўных месцаў – «сотні, а часам і больш». Так, паводле ягоных словаў, у Літве такія кампаніі стварылі каля 6000 працоўных месцаў і прыкладна столькі ж – у Польшчы.

Раман Шавель belsat.eu

 

Стужка навінаў