Былы баец батальёну «Волат»: Беларусам трэба рыхтавацца да вялікай вайны


Былы баец палка Каліноўскага і батальёну «Волат» з пазыўным Дуб расказаў у размове з «Белсатам», чаму пайшоў працаваць інструктарам у Беларускую грэнадзёрскую харугву Паспалітага рушэння ў Беластоку і ў якім выпадку зноў возьмецца за баявы аўтамат, каб пайсці ў бой.

Інструктар з пазыўным Дуб Беларускай грэнадзёрскай харугвы Паспалітае рушэнне ў Беластоку, Польшча. 4 красавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Дуб навучаў вайсковай справе беларусаў яшчэ ва Украіне – да пачатку расейскага ўварвання. Паветра ўжо тады было прасякнутае «прадчуваннем вайны», але ўсе думкі і надзеі былі пра хуткае вяртанне ў Беларусь, да якога трэба было добра падрыхтавацца. Трэнаваліся ў тым ліку і на базе славутага батальёну «Азоў»

«Рабілі гэта, каб умець трымаць у руках зброю і аказваць супраціў, а не проста разбягацца», – кажа Дуб.

«Выбіваць адтуль рэшткі «саўка»

24 лютага 2022 года стала зразумела, што набытыя навыкі прыдадуцца беларусам найперш для абароны краіны, якая іх прытуліла. Ужо 25 лютага Дуб быў у шэрагах беларускіх добраахвотнікаў. Стаў байцом батальёну «Волат». Удзельнічаў у штурме Лазавога і ў баях пад Севераданецкам. Але ў ліпені, праз непаразуменні з кіраўніцтвам палка Каліноўскага, вымушаны быў звольніцца і зʼехаць у Польшчу. Праз нейкі час адкрыў у Беластоку сваю справу. Аднак падкрэслівае, што не дзеля гэтага вярнуўся да цывільнага жыцця.

«Вярнуўся дзеля таго, каб выбудоўваць іншае. Бо разумею: тымі сіламі, якія ёсць у палку Каліноўскага ды іншых падраздзяленнях, паўплываць на сітуацыю можам не дужа і ненадоўга. Нам трэба выбудоўваць больш шырокі мілітарны рух. Каб ахопліваў усіх беларусаў у кожнай краіне. Таму што, па-добраму, трэба рыхтавацца да вялікай вайны, да якой усё коціцца. І на вяршыні гэтай хвалі вызваляць Беларусь – выбіваць адтуль рэшткі «саўка», які прайшоў там ужо перыяд паўраспаду і чакае распаду канчатковага», – гаворыць былы баец палка Каліноўскага.

Функцыю такога мілітарнага руху мае выканаць, на думку нашага суразмоўцы, Паспалітае рушэнне, якому аддае зараз шмат сіл і асабістага часу. Дуб – галоўны інструктар Беластоцкай грэнадзёрскай харугвы. Сам складае планы, рыхтуе матэрыялы, праводзіць заняткі. У складзе харугвы – ужо два звязы (узводы). Адзін асноўны, другі – вучэбны. Зусім нядаўна навічкоў, якіх трэнавалі па праграме для пачаткоўцаў, далучылі да асноўнага звязу.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Палявыя вучэнні Варшаўскай харугвы Паспалітага рушэння. 13 сакавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Але ўзровень усё адно трэба падцягваць. Плюс – новыя людзі на падыходзе. Будзем яшчэ адзін вучэбны ўзвод рабіць. Беларусы ідуць патроху. Чым больш інфармацыі, тым больш людзей прыходзіць. Яны зацікаўленыя, водгукі пазітыўныя. Расцём», – па-вайсковаму дае справаздачу Дуб.

«Ідзём шляхам Булак-Балаховіча»

Актыўнасць і дастаткова хуткае развіццё харугвы Дуб тлумачыць лепшым, чым у іншых, забеспячэннем, за што складае падзякі аднаму беларускаму патрыёту і бізнесоўцу ў Беластоку. Акурат дзякуючы яму беластоцкія грэнадзёры маюць магчымасць выязджаць на стрэльбішча і нават здымаць памяшканні для адпрацоўкі дзеянняў ва ўмовах гарадскіх баёў. Няма праблемаў і са страйкбольнымі рэплікамі. Трэнінгі адбываюцца два разы на тыдзень, бывае, і часцей.

«Але, як я кажу, на любую справу патрэбныя час і сродкі. А добрая справа патрабуе дужа часу і добра грошай. Можна шмат чаго рабіць у якасці валанцёра, але гэта будзе не так хутка і не так якасна: людзям трэба працаваць і зарабляць на хлеб. Як будзе нейкае фінансаванне, то ўсё будзе выглядаць куды лепей, я спадзяюся», – мяркуе інструктар харугвы.

Дадае, што хацелася б бачыць яшчэ больш паразумення ад мясцовых урадавых структураў у Беластоку. Але адзначае, што насамрэч палякі ўжо добра разумеюць, навошта ім гэта трэба («Каб мы стваралі такое рушэнне ў якім 2018 годзе – у іх бы вочы на лоб палезлі»), і «ўсё ідзе зараз у пазітыўным кірунку».

«Я б сказаў, мы ідзём зараз шляхам генерала Булак-Балаховіча, які недалёка адсюль фармаваў сваё войска 100 гадоў таму. Такая пераемнасць пакаленняў. Але хацелася б зрабіць лепей, чым ён, і не паўтараць ягоных памылак. Булак-Балаховіч не дамовіўся з Радай БНР. А нам трэба дамовіцца міжсобку, каб дзейнічаць разам і біць адным кулаком. Гэтым і пераможам», – гаворыць Дуб.

«Забіваць здраднікаў – гэта дэакупацыя»

«100 гадоў таму было праліта нямала беларускай крыві. Не баішся, што, калі, як ты кажаш, пойдзем «выбіваць саўка», крыві праліецца яшчэ больш і дойдзе да грамадзянскай вайны?» – пытаемся.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Палявыя вучэнні Варшаўскай харугвы Паспалітага рушэння. 13 сакавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Дык грамадзянская вайна ўжо ідзе. Проста ў нас страляюць, а мы пакуль не страляем у адказ. Я разглядаю сённяшнюю Беларусь фактычна акупаванай тэрыторыяй, якой кіруе невялікая група манкуртаў, здраднікаў, вырадкаў і тэрарыстаў. Нічога агульнага з маім народам яны не маюць. А забіваць здраднікаў – гэта як бы і не грамадзянская вайна, а дэакупацыя», – выказвае меркаванне былы баец ПКК з пазыўным Дуб.

На ягоную думку, прыклад вызваленых тэрыторыяў украінскага Данбасу паказвае, што інфармацыйная праца, якую праводзяць з бабулямі і дзядулямі, што раней маглі дасылаць эсэмэсы з лакалізацыяй расейскім вайскоўцам, дае вынік. Проста людзям паказваюць, як разбудоўваецца інфраструктура і культура вызваленых Украінай мястэчак. І сярод насельніцтва ўжо мала тых, хто працягвае падтрымліваць ідэю так званага «русского мира». Колькасць «ждуноў» і «сепараў» таксама паменела, сцвярджае Дуб.

«А ў Беларусі ж большасць грамадзян пасля 2020 года добра ўжо разумеюць, што робіцца. Ну а тыя, хто не разумее і каму важнейшая чарка і скварка, пры любой уладзе не будуць разумець. Нашая задача запэўніць іх, што і чаркі са скваркай па вызваленні краіны ў іх будзе куды больш», – мяркуе наш суразмоўца.

Што да колькасці скварак, мужчына прызнаецца, што пакуль не дужа зарабляе на Беласточчыне (на вайне меў забеспячэнне ў памеры прыблізна 3000 долараў), але і цяперашні ягоны заробак у пяць разоў большы за тыя 200-300 долараў, за якія гарбацяцца простыя працаўнікі ў Беларусі.

«Калі зразумею, што без мяне там ніяк, – вярнуся»

Дуб кажа, што пасля вяртання з вайны ва Украіне было не вельмі проста сацыялізавацца.

«Калі ты там прабыў пэўны час, складана ўліцца пасля войска ў мірнае жыццё. Нават з беларускай арміі гэта складана зрабіць. А з Украіны прыехаўшы – яшчэ складаней. Там пабрацімы, ёсць свой азарт, свая атмасфера. І калі прывыкаеш да яе, яна не так лёгка адпускае. Плюс – поўнае забеспячэнне і пашана Украіны: толькі ваюй. І тут я часам думаў, што прасцей будзе вярнуцца туды, чым напружвацца ў цывільным жыцці. Але…» – робіць доўгую паўзу наш суразмоўца.

«То бок усярэдзіне цябе сядзіць былы баец батальёну «Волат» і падбухторвае цябе вярнуцца на поле бою – што ты яму адказваеш?» – задаём пытанне.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Палявыя вучэнні Варшаўскай харугвы Паспалітага рушэння. 13 сакавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

«Я яму кажу: яшчэ не час, пойдзем пры пэўных абставінах. Калі зразумею, што без мяне там ніяк, то вярнуся. Прыкладам, калі Аляксандр Лукашэнка сваіх прыслужнікаў адправіць ва Украіну, скажам, за пэўныя грошы і калі яны сапраўды туды палезуць, то гэта будзе справай годнасці – выгнаць іх і на галовах вярнуцца на радзіму. Але пакуль што, я ж казаў, бачу іншы варыянт дэакупацыі Беларусі. Працую на яго тут. І лічу, што працягваю выконваць карысную вайсковую справу», – адказвае Дуб.

Па ягоных словах, многія беларусы, якія прыйшлі ў Паспалітае рушэнне, успрымаюць заняткі ў харугвах як курс дапрызыўнай падрыхтоўкі, неабходнай для ўступлення ў вайсковыя падраздзяленні ва Украіне. І такіх людзей нямала. Некаторыя выхаванцы Дуба ўжо паехалі ваяваць.

«Калі будзем займацца палітыкай – будзе грызня»

Беларусы, як мяркуе Дуб, ужо не едуць бараніць Украіну на хвалі эмоцыяў, як гэта было на пачатку, – едуць цяпер «з большым розумам». Хтосьці – праз «ідэйную нянавісць да агрэсара», хтосьці – каб набыць баявы досвед. Але ёсць і авантурнікі, і тыя, хто плануе зарабіць там вялікія грошы («Я, шчыра кажучы, не ведаю ніводнага чалавека, хто б умудрыўся на гэтай вайне зарабіць бабла»). Здараецца – і рамантыкі. У кожным разе ручай беларускіх добраахвотнікаў не знікае.

«Так, хтосьці сыходзіць па раненні ці з іншых прычын. Але гэты ручаёк навабранцаў пастаянна цячэ. Адно што – менавіта ручаёк, а не нейкі паток», – заўважае былы ваяр палка Каліноўскага.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Палявыя вучэнні Варшаўскай харугвы Паспалітага рушэння. 13 сакавіка 2023 года.
Фота: Аліса Ганчар / Белсат

Перарасці ў паток ручай беларускіх добраахвотнікаў зможа толькі ў выпадку, калі адбудуцца радыкальныя змены на франтах, упэўнены былы баец Дуб. Ён таксама крытычна выказваецца на адрас кіраўніцтва палка Каліноўскага, якія пачалі пазіцыянаваць падраздзяленне як «палітычную сілу з аўтаматам у руках». Гэта, на погляд былога ваяра ПКК, стрымлівае многіх патэнцыйных рэкрутаў.

«Калі рабіць справу – то будзем рабіць справу. Калі будзем займацца палітыкай – давайце, але тады будзе грызня», – перакананы наш суразмоўца.

Былы ваяр і інструктар Беластоцкай харугвы Паспалітага рушэння Дуб не любіць, калі яго называюць ветэранам. Кажа: «Лепей ужо – адстаўнік». Свой пазыўны прыдумаў, успамінаючы пра адзін дуб, які ў свой час пабачыў на старажытным капішчы на Гарадзеншчыне. Стары дуб быў амаль увесь спалены маланкай і пазбаўлены кароны – толькі кара ды частка ствала заставаліся. І гэтая руіна працягвала пускаць зялёныя парасткі…

«Працягваў жыць, хоць увесь быў выпалены фактычна. Але галінкі зялёныя пайшлі. І нічога яму, нармальна», – тлумачыць Дуб і пасміхаецца.

Мяркуе, што менавіта гэтае дрэва ёсць сімвалам Беларусі і беларускасці.

«Не выпаліла цябе вайна?» – запытваемся.

«Не. Працягваю жыць і працаваць на Беларусь. І калі што, вазьмуся зноў за аўтамат», – адказвае мужчына.

Калі вы жывяце ў Беластоку ці Падляскім ваяводстве і жадаеце далучыцца да Беларускай Грэнадзёрскай Харугвы, пішыце ў афіцыйны чат-бот Паспалітага рушэння.

Рэпартаж
Манро з аўтаматам, граната пад нагамі Халілава… Пабывалі на вучэннях варшаўскай харугвы
2023.03.24 07:26

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў