Беларускія футбалісты паспрабуюць трапіць на «Еўра-2024», якія шанцы ў нацыянальнай зборнай?


Нацыянальная зборная Беларусь па футболе ніколі не выходзіла ў фінальныя турніры топ-турніраў. Цяпер шанцаў на гэта яшчэ менш – усе хатнія гульні яна правядзе на нейтральным полі ды пры пустых трыбунах. Акрамя гэтага, каманда будзе зазнаваць ціск з усіх бакоў, шмат хто патрабуе адхіліць зборную Беларусі ад удзелу ў еўрапейскім адборы ўслед за Расеяй. Але каманда Георгія Кандрацева як мінімум у ім дэбютавала. На Дзень Волі ў сербскім горадзе Нові Сад прымала каманду Швейцарыі і пацярпела ганебную паразу – 0:5.

Нацыянальная зборная Беларусі па футболе напярэдадні гульні са Швейцарыяй. Нові-Сад, Сербія – 25 сакавіка 2023 г.
Фота: MARKO DJURICA / Reuters / Forum

Не перамагалі два гады

Нагадаем, што з пачатку ваеннай агрэсіі супраць Украіны Расея атрымала поўны бан. А вось беларусам пашанцавала больш: пакуль іх не выгналі з футбольнай сямʼі, але забаранілі гуляць на тэрыторыі Беларусі, пры гэтым хатнія гульні павінны праходзіць без гледачоў. Ні адна краіна Еўразвязу не пагадзілася прапанаваць лукашэнкаўскай Беларусі стадыён для хатніх матчаў. Выбавіў сербскі Нові Сад. Зборная Беларусі ўжо гуляла тут летась матчы Лігі нацыяў, і пакуль яшчэ не перамагала. За апошнія гады ў афіцыйных матчах зборная Беларусі лідаравала вельмі рэдка. У двух апошніх адборачных турнірах чэмпіянату Еўропы і свету Беларусь змагла выгуляць толькі двойчы – нядзіўна, што яна займала апошнія месцы і нікуды не выходзіла. Апошняя перамога ў афіцыйных матчах здарылася амаль два гады таму: 27 сакавіка 2021 года, яшчэ ў Менску, перагулялі зборную Эстоніі – 2:1. Цікава, што на гульню ў Нові Сад зборная Беларусі дабіралася 14 гадзінаў, бо самалётам «Белавіі» забароненыя палёты ў Еўропу. Давялося ляцець над Казахстанам і праз Стамбул.

Адборачны матч да Еўра-2024 – група I – Беларусь – Швейцарыя. Нові-Сад, Сербія – 25 сакавіка 2023 г. На фота Андрэй Кудравец.
Фота: MARKO DJURICA / Reuters / Forum

3 % шанцаў убачыць Беларусь у фінале «Еўра-2024»

Зборная Беларусі будзе гуляць у адной групе з камандамі Швейцарыі, Румыніі, Ізраілю, Косава і Андоры. Цікава, што ўлады Беларусі да гэтага часу не прызналі незалежнасці Косава, хаця Лукашэнка некалькі разоў абяцаў зрабіць гэта. Пачынала каманда Георгія Кандрацева з гульні са Швейцарыяй, а 28 сакавіка згуляе ў Румыніі. Па сутнасці, горшы старт не прыдумаеш – гэта галоўныя фаварыты групы. Выданне «We Global Football» ацэньвае шанцы на выхад Беларусі з групы – на 3 %, а Швейцарыі – на 97 %.

«Перамагаць можна любога. Ніхто мяне ў гэтым не пераканае. Чаго баяцца? Застаемся ў канцы першай сотні сусветнага рэйтынгу. Швейцарцы – наверсе. Няхай яны нас баяцца… Адзін канкрэтны двубой заўсёды можна пакінуць за сабой. Непераможных няма. Не лыкам шытыя і румыны. Ведаю, што яны таксама паставілі задачу выйсці ў наступнае кола», – сказаў дзяржаўным беларускім медыям Георгій Кандрацеў перад матчамі са зборнымі Швейцарыі ды Румыніі.

Адборачны матч да Еўра-2024 – Група I – Беларусь – Швейцарыя. Нові-Сад, Сербія – 25 сакавіка 2023 г.
Фота: MARKO DJURICA / Reuters / Forum

Гульня ў сербскім Нові-Садзе фактычна скончылася яшчэ ў першым тайме, калі хет-трык зрабіў 31-гадовы паўбаронца Рэната Штэфен – для гэтага яму хапіла паўгадзіны. Пасля перапынку галы забівалі Граніт Джака і Махамед Амдуні. Зборная Беларусі выглядала вельмі слаба, і ў другой палове Швейцарыя проста пераключылася ў рэжым трэнавання. Паражэнне 0:5 стала самай буйной хатняй паразай зборнай Беларусі. Да гэтага было 0:4 ад Швецыі, Нарвегіі, Іспаніі. У 2003 годзе Беларусь прайгравала 0:5 на выездзе Аўстрыі. Але самай буйной у гісторыі зборнай стала паражэнне ў 2021 годзе ў Бельгіі – 0:8. У першым туры адборачнага турніру ЧЕ-2024 ні адна зборная не прайграла так ганебна як Беларусь.

Зняць з дыстанцыі

Зрэшты, могуць зняць і ўсю зборную Беларусі. 104 дэпутаты Еўрапарламенту накіравалі прэзідэнту УЕФА Александэру Чэфэрыну (Aleksander Čeferin) ліст з просьбай выключыць беларускую зборную з удзелу ў адборачных матчах чэмпіянату Еўропы 2024 года.

Свой заклік яны матывавалі рэпрэсіямі ў Беларусі і суўдзелам беларускіх уладаў у вайне супраць Украіны. «Лічым важным, каб УЕФА перагледзеў сваю цяперашнюю пазіцыю ў дачыненні Беларускай федэрацыі футболу. З міжнароднага пункту гледжання ясна, што цяперашнія захады неадэкватныя і не адлюстроўваюць таго, што робяць улады Беларусі ў адносінах правоў чалавека ды іншых каштоўнасцяў УЕФА», – гаворыцца ў лісце.

І рэакцыя не забавілася. «УЕФА ўжо даўно мае намер абмеркаваць сітуацыю ў Беларусі на пасяджэнні нашага выканаўчага камітэту», – гаворыцца ў лісце кіраўніка УЕФА Александэра Чэфэрына, накіраванага дэпутатам Еўрапарламенту.

Найбліжэйшае пасяджэнне выканкаму УЕФА запланаванае на 4 красавіка ў Лісабоне. 5 красавіка Партугалія прыме Кангрэс УЕФА.

Ніхто з гэтага складу зборнай Беларусі не выказаўся супраць вайны

З 23 футбалістаў зборнай Беларусі, якія прыехалі на першыя матчы адбору, ніхто не абазначыў сваю пазіцыю адносна вайны і сітуацыі, якая мае месца ў Беларусі. Чацвёра гуляюць у Расеі, пры гэтым Раман Юзапчук (ён стаў самым слабым гульцом у гульне супраць Швейцарыі і быў заменены яшчэ да перапынку) выступае за маскоўскае «Тарпеда», якое адкрыта ўхваляе вайну. Раней за клуб з такою ж акрэсленаю пазіцыяй гуляў Захар Волкаў, але былы ўдзельнік дамоўных гульняў вярнуўся з «Хімак» у БАТЭ. Адразу ў двух гульцоў зборнай, Капленкі і Палякова, – расейскія пашпарты, хапае і падпісантаў зваротаў у падтрыманне дзейных беларускіх уладаў: Яблонскі, Клімовіч, Быкаў, Бахар ды іншыя. Цікавая гісторыя апошняга, у 2020 годзе адкрыта падтрымліваў народ, гуляў з белым бранзалетам, але затым рэзка змяніў пазіцыю і выступіў на баку ўладаў.

Гульню супраць Швейцарыі, як і матч супраць Румыніі, дзяржаўныя канал паказаць не змогуць, бо таксама застаюцца пад санкцыямі.

Меркаванні
Адзінагалосна! Абраны новы старшыня Беларускай федэрацыі футболу
2023.03.23 17:13

АС belsat.eu

Стужка навінаў