«Шчыльнымі радамі». Больш за 5 тысяч беларусаў прайшлі па Варшаве Маршам Свабоды


Больш за 5 тысячаў беларусаў узялі ўдзел у Маршы Свабоды, які прайшоў у Варшаве 26 сакавіка з нагоды Дня Волі. Беларусы з бел-чырвона-белымі і жоўта-блакітнымі сцягамі прайшлі ад плошчы Канстытуцыі да расейскага пасольства ў Варшаве, дзе паслалі «расейскі вайсковы карабель» у належным накірунку, выказаўшы сваё стаўленне да агрэсара.

Акцыя, прысвечаная святкаванню Дня Волі ў Варшаве. 26 сакавіка 2022 г.
Фота: Света Фар / Белсат

Перад шэсцем на плошчы Канстытуцыі ў Варшаве прайшоў мітынг, які распачаўся гімнамі БНР («Мы выйдзем шчыльнымі радамі») і Украіны ў выкананні трубачоў. З Днём Волі беларусаў віншавалі сябра прэзідыуму Каардынацыйнай рады Вольга Кавалькова, кіраўнік НАУ Павел Латушка, алімпійская прызёрка Аляксандра Герасіменя, палітык Вячаслаў Сіўчык, сястра палітзняволенай Марыі Калеснікавай Таццяна Хоміч, дэпутат польскага Сейму Міхал Шчэрба, кіраўнікі беларускіх арганізацыяў ды іншыя.

Лейтматыў выступаў: «Мы разам з Украінай», «Без вольнай Украіны не будзе вольнай Беларусі». Кожная прамова падмацоўвалася выбуховымі «Жыве Беларусь!» і «Слава Украіне!». Перад сабранымі выступіў таксама легендарны «Вольны хор».

Але ўсе чакалі Святлану Ціханоўскую

«Хочацца, каб гэты кашмар скончыўся»

Беларуская лідарка з’явілася на мітынгу падчас выступу каардынатаркі «Free Belarus Center» Паліны Бродзік і была сустрэтая авацыямі. Святлану Ціханоўскую прадставілі як абраную прэзідэнтку Беларусі, пасля чаго хтосьці з масы людзей выгукнуў правакацыйнае «Ганьба!», якое адразу было перакрытае магутным «Жыве Беларусь!».

Фота: Света Фар / Белсат

Святлана Ціханоўская прамаўляла па-беларуску і адразу прызналася, што хоча ўсіх абняць, нават таго, хто крычаў ёй «Ганьба!». Заўважыла, што ёй прыемна бачыць так шмат беларускіх і ўкраінскіх сцягоў побач.

«Не магу нават апісаць той боль, праз які праходзяць нашыя народы – украінскі і беларускі. Нас абʼяднала супольная бяда. Хочацца, каб гэты кашмар як найхутчэй скончыўся і каб мы ўсе маглі вярнуцца дадому… На жаль, у нашым доме працягвае панаваць тыранія. А нядаўна ў наш дом прыйшла яшчэ і вайна», – сказала Святлана Ціханоўская.

Фота: Света Фар / Белсат

Беларуская лідарка сцвердзіла, што беларусаў могуць запалохаць, але ніколі не змогуць пазбавіць гонару «самастойны, незалежны і вольналюбівы народ».

«Мы, беларусы, супраць любых спробаў агрэсара захапіць і знішчыць Украіну. Мы – за мір. Мы – супраць гэтай вайны… Мы патрабуем вываду расейскіх войскаў з тэрыторыі Беларусі. І пакуль нашая краіна пад часовай акупацыяй, мы будзем пашыраць антываенны рух», – заявіла Ціханоўская.

Фота: Света Фар / Белсат

Яе прамова некалькі разоў перарывалася апладысментамі, асабліва доўгімі, калі Ціханоўская згадала пра батальён імя Кастуся Каліноўскага, які ваюе цяпер за Украіну. Авацыямі віталі і віншаванні беларускага добраахвотніка Яўгена Жураўскага, які даслаў аўдыё з прамовай з Украіны.

«Маё сэрца бел-чырвона-белае»

Пасля мітынгу вялікая калона беларусаў накіравалася да амбасады Расеі ў Польшчы. Як і ў мірных маршах у 2020 годзе, на чале калоны ішлі музыкі – дудары. За імі неслі вялікую бел-чырвона-белую расцяжку з надпісам «Беларусь будзе вольнай» на трох мовах (беларуская, польская, ангельская).

Фота: Света Фар / Белсат

Асаблівую «электрычнасць» святочнай атмасферы надавала прысутнасць за некалькі кіламетраў ад калоны амерыканскага прэзідэнта Джо Байдэна, які быў у Варшаве з візітам. Павел Латушка нават выбачаўся ў выступе перад беларусамі за свой занадта афіцыйны выгляд (з нагоды магчымай сустрэчы з кіраўніцтвам ЗША).

Фота: Света Фар / Белсат
Фота: Света Фар / Белсат

«Маё сэрца бел-чырвона-белае, і калі я бачу столькі БЧБ-сцягоў, яно па-сапраўднаму цешыцца», – кажа падчас шэсця актывіст Зміцер Піменаў, які разам з сябрамі прыехаў у Варшаву з Бельгіі, каб перадаць гуманітарную дапамогу байцам батальёну імя Кастуся Каліноўскага. Нясе вялікі плакат «Мы – разам».

З акна на другім паверсе выглядвае мужчына з сабакам, справа ад іх – вялікі партрэт Пуціна-Гітлера. Калона выбухае воплескамі і ўзгадвае стары добры вокліч «Сабачку!». Пазней ён перабіваецца лозунгамі «Не – вайне» і «Лукашэнку ў аўтазак!».

«Мы носім з сабой сваю Беларусь»

Выпадкова апынаемся побач з вядомым беларускім паэтам Андрэем Хадановічам.

«Уражанні светлыя, наколькі яны могуць быць светлыя ў цёмныя часы, калі ўсім балюча і ўсе спрабуюць трымацца. Добра, што мы разам. Добра што разам з беларусамі – украінцы, добра, што падтрымліваюць палякі. І, як сказаў герой Караткевіча, кожны чалавек носіць сваё неба з сабой. А мы носім з сабой сваю Беларусь, сваю свабоду і сваю дзяржаву. Дзе мы ёсць у свеце і заяўляем пра сябе, там Беларусь», – кажа Андрэй Хадановіч.

Фота: Света Фар / Белсат

Як толькі калона падышла да расейскага пасольства на вуліцы Бэльвэдэрскай, людзі пачалі скандаваць «Пуцін – х…ло». Успомнілі і пра «расейскі вайсковы карабель». Размясціцца ўсім насупраць пасольства не ўдалося – беларусаў было занадта шмат, арганізатары пастаянна прасілі прайсці наперад.

Больш за 5 тысячаў беларусаў узялі ўдзел у Маршы Свабоды, які адбыўся ў польскай сталіцы з нагоды Дня Волі. Беларусы прайшлі ад плошчы Канстытуцыі да расейскага пасольства ў Варшаве, Польшча. 26 сакавіка 2022 года. Фота: Света Фар / Белсат
БНР, Дзень волі, акцыя пратэсту, Марш Свабоды, беларуская дыяспара, мітынг, беларусы, салідарнасць, Варшава, Польшча
Больш за 5 тысячаў беларусаў узялі ўдзел у Маршы Свабоды, які адбыўся ў польскай сталіцы з нагоды Дня Волі. Беларусы прайшлі ад плошчы Канстытуцыі да расейскага пасольства ў Варшаве, Польшча. 26 сакавіка 2022 года. Фота: Света Фар / Белсат
БНР, Дзень волі, акцыя пратэсту, жоўта-блакітны сцяг, сцяг Украіны, украінскі сцяг, Марш Свабоды, беларуская дыяспара, мітынг, беларусы, салідарнасць, Варшава, Польшча
Надпіс на плакаце: «Беларусы – таксама ўцекачы». Больш за 5 тысячаў беларусаў узялі ўдзел у Маршы Свабоды, які адбыўся ў польскай сталіцы з нагоды Дня Волі. Беларусы прайшлі ад плошчы Канстытуцыі да расейскага пасольства ў Варшаве, Польшча. 26 сакавіка 2022 года. Фота: Света Фар / Белсат
БНР, Дзень волі, акцыя пратэсту, Марш Свабоды, беларуская дыяспара, мітынг, беларусы, салідарнасць, Варшава, Польшча
Больш за 5 тысячаў беларусаў узялі ўдзел у Маршы Свабоды, які адбыўся ў польскай сталіцы з нагоды Дня Волі. Беларусы прайшлі ад плошчы Канстытуцыі да расейскага пасольства ў Варшаве, Польшча. 26 сакавіка 2022 года. Фота: Света Фар / Белсат
БНР, Дзень волі, акцыя пратэсту, бчб-сцяг, бел-чырвона-белы сцяг, беларускі нацыянальны сцяг, сцяг Беларусі, Марш Свабоды, беларуская дыяспара, мітынг, беларусы, салідарнасць, Варшава, Польшча
Больш за 5 тысячаў беларусаў узялі ўдзел у Маршы Свабоды, які адбыўся ў польскай сталіцы з нагоды Дня Волі. Беларусы прайшлі ад плошчы Канстытуцыі да расейскага пасольства ў Варшаве, Польшча. 26 сакавіка 2022 года. Фота: Света Фар / Белсат
БНР, Дзень волі, акцыя пратэсту, бчб-сцяг, бел-чырвона-белы сцяг, беларускі нацыянальны сцяг, сцяг Беларусі, Марш Свабоды, беларуская дыяспара, мітынг, беларусы, салідарнасць, Варшава, Польшча

 

Удзельнікі шэсця спелі гімн «Магутны Божа». А пасля да мікрафона падышоў Андрэй Хадановіч з гімнам беларускай рэвалюцыі 2020 года. «Мур хутка рухне, рухне, рухне!» – гучала ашаламляльна. Расейскае пасольства маўчала…

Паводле прыблізных падлікаў, у шэсці 26 сакавіка, прымеркаваным да Дня Волі і 104-х угодкаў абвяшчэння БНР, узялі ўдзел больш за 5 тысяч беларусаў.

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў