У Менску мужчына вырошчваў каноплі праз панічную боязь ковіду


У Менску затрымалі мужчыну, які ўдома высадзіў 12 кустоў канопляў. Ён заявіў міліцыянтам, што панічна баяўся захварэць на ковід, таму пастанавіў ужываць марыхуану дзеля прафілактыкі ды супакаення, піша агенцтва «Минск-Новости».

Каноплі. Фото: pixabay.com

Афіцыйна беспрацоўны 40-гадовы мянчук набыў неабходнае абсталяванне, высадзіў каноплі і схаваў гаршкі ў тканінных шафах. Ён паспеў сабраць першы ўраджай: міліцыянты знайшлі ў кватэры 325 грамаў марыхуаны. Таксама былі канфіскаваныя прыстасаванні для курэння і электронныя шалі. У момант затрымання мужчына быў у стане наркатычнага ап’янення. Супраць яго завялі крымінальную справу паводле двух артыкулаў. Максімальная санкцыя – 15 гадоў зняволення.

Мужчына сцвярджаў, што баіцца падхапіць каронавірусную інфекцыю, вырошчваў каноплі і ўжываў марыхуану, каб супакоіцца і дзеля прафілактыкі.

Агулам, як паведамілі ва ўпраўленні наркакантролю ГУУС Менгарвыканкаму, летась у сталіцы выяўлена 1378 злачынстваў, звязаных з незаконным абаротам забароненых рэчываў (у 2021 было меней: 1299). Да адказнасці паводле артыкулу аб незаконным абароце наркатычных сродкаў прыцягнутыя 644 асобы (у 2021 годзе – 572).

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў