Крушэнне расейскага Іл-76: разбіраемся ў версіях і магчымых наступствах


24 студзеня над Белгародскай вобласцю быў збіты расейскі вайскова-транспаратны самалёт Іл-76. Улады Расеі сцвярджаюць, самалёт нібыта перавозіў украінскіх палонных (65 чалавек) і ўсе яны загінулі. Украінскае кіраўніцтва сумняецца ў тым, што на борце былі палонныя, настойвае на тым, што Іл-76 быў легітымнай ваеннай цэллю, а таксама патрабуе міжнароднага расследавання. Belsat.eu распавядае, што вядома пра здарэнне і чаму гэта важна.

Абломкі збітага над Белгародскай вобласцю вайскова-транспартнага самалёта Іл-76. 25 студзеня 2024 года.
Фота: Handout / Russian Investigative Committee / AFP / East News

Пакуль у гісторыі крушэння Іл-76 над Белгародскай вобласцю больш пытанняў, чым адказаў. Праз двое содняў абсалютна дакладна вядома толькі тры рэчы:

  • вайскова-транспартны самалёт сапраўды разбіўся і адбылося гэта прыкладна ў 50 км ад мяжы з Украінай;
  • самалёт быў збіты – хутчэй за ўсё, зенітнай ракетай. На гэта, у прыватнасці, указвае той факт, што абломкі фюзеляжу маюць сляды буйных паражаючых элементаў. З відэа падзення самалёту і сведчанняў відавочцаў можна зрабіць выснову, што ён загарэўся яшчэ ў паветры;
  • у дзень крушэння, 24 студзеня, паміж РФ і Украінай планаваўся буйны абмен палоннымі – гэта пацвярджаюць абодва бакі.

Разам з тым, дасюль няма адназначных адказаў на пытанні, хто адказны за крушэнне самалёта і хто знаходзіўся на борце.

Версія Расеі

Расейскі бок ад самага пачатку заявіў, што самалёт перавозіў украінскіх палонных, прычым Украіна нібыта была папярэджана пра гэта. Улады РФ сцвярджаюць, што Іл-76 быў збіты амерыканскімі зенітнымі ракетамі Patriot або нямецкімі IRIS-T, якія ўкраінцы запусцілі з пасёлку Ліпцы пад Харкавам. Паводле расейцаў, усяго на борце было 65 палонных, тры канваіра і шэсць чальцоў экіпажу. Усе яны загінулі.

Медыі распаўсюдзілі жахлівыя кадры з месту падзення самалёту, дзе бачны фрагменты целаў загінулых. Аднак з гэтых кадраў немагчыма зрабіць выснову, колькі чалавек было на борце і ці сапраўды сярод іх былі ўкраінскія палонныя. Расейская прапагандыстка, галоўны рэдактар RT Маргарыта Сіманьян неўзабаве пасля здарэння апублікавала спіс асобаў, якія нібыта знаходзіліся на борце. І расейскія, і ўкраінскія медыі звярнулі ўвагу на тое, што прынамсі некаторых палонных са спісу Сіманьян насамрэч абмянялі раней. Гэта дае падставу лічыць, што ўвесь спіс можа быць фальшыўкай.

Выклікаюць падазрэнні і іншыя дэталі. Напрыклад, ёсць пытанні да маршрута самалёту. Калі Іл-76 сапраўды перавозіў палонных, то Белгарад мусіў быць ягонай кропкай прызначэння – адтуль палонных ужо на наземным транспарце павінны былі даставіць да таго месца на мяжы, дзе планаваўся абмен. Аднак паводле той інфармацыі, што цяпер ёсць у адкрытай прасторы, можна зрабіць выснову, што ў момант падзення самалёт рухаўся не ў кірунку Белгараду (то бок не заходзіў на пасадку), а ад Белгараду (то бок пакідаў горад). Гэта не стоадсоткавы аргумент супраць версіі расейскага боку (тэарэтычна ўсё можна спісаць на дадатковы манеўр пілотаў), але гэты факт усё-ткі патрабуе тлумачэння.

Таксама сумнеўна выглядае сцверджанне расейскага боку, што 65 палонных суправаджалі толькі трое канваіраў. Як мінімум гэта не адпавядае правілам канваіравання, якія дзейнічаюць у Расеі. Паводле ўказу МУС РФ ад 2006 года, звычайны канвой прызначаецца з разліку: два канваіры – на 1-2 канваіраваных; тры канваіры – на 3-6; сем канваіраў – на 7-10. А ў выпадку прызначэння ўзмоцненага канвою, канваіры наогул павінны быць у большасці. То бок, паводле стандартных правілаў, 65 палонных мусілі сцерагчы некалькі дзясяткаў расейскіх сілавікоў. Украінскія палонныя, якіх абменьвалі раней, таксама распавядалі журналістам, што іх суправаджала значна больш вайскоўцаў.

Супрацоўнік Следчага камітэту Расеі аглядае месца крушэння вайскова-транспартнага самалёта Іл-76. Белгародская вобласць, Расея. 25 студзеня 2024 года.
Фота: Handout / Russian Investigative Committee / AFP / East News

Нарэшце нічым не пацвярджаецца заява расейскага боку, што Украіна нібыта была папярэджана аб маршруце перакідвання палонных. Украінскі бок адназначна сцвярджае, што не атрымліваў ніякай інфармацыі на гэты конт.

Пазіцыя Украіны

Першыя каментары ўкраінскага кіраўніцтва наконт крушэння Іл-76 былі досыць асцярожнымі. Па сутнасці, Украіна не пацвярджала, але і не адмаўляла, што самалёт быў збіты ўкраінскай ракетай.

У заяве Генштабу ЗСУ ўвечары пасля здарэння адзначалася, што ўкраінскі бок фіксуе павелічэнне інтэнсіўнасці расейскіх ракетных абстрэлаў Харкаўскай вобласці і звязаны з гэтым рост колькасці вайскова-транспартных самалётаў, што прылятаюць у Белгарад, каб даставіць ракеты.

«З улікам гэтага, Збройныя сілы Украіны будуць і надалей прымаць меры па знішчэнні сродкаў дастаўкі, кантролю за паветранай прасторай для знішчэння тэрарыстычнай пагрозы, у тым ліку на Белгарадска-Харкаўскім кірунку», – адзначалася ў заяве.

У заяве ГУР Мінабароны Украіны ўпор рабіўся на тое, што яны не валодаюць інфармацыяй, ці былі палонныя на борце, але абмен сапраўды планаваўся і за бяспеку палонных у любым выпадку адказвае РФ. «Пасадка транспартнага самалёта ў 30-кіламетровай зоне вядзення баявых дзеянняў не можа быць бяспечнай і ў любым выпадку павінна абмяркоўвацца абодвума бакамі, бо ў адваротным выпадку гэта падвяргае небяспецы ўвесь працэс абмену», – падкрэслілі ГУР.

«Мы можам канстатаваць, што размова ідзе аб вайсковым самалёце, які быў задзейнічаны ў перавозцы расейскай зброі і варожага асабовага складу неаднаразова, і Расея не паведамляла Украіне, што на гэтым самалёце будуць транспартаваць украінскіх ваеннапалонных», – заявіў падчас тэлемарафону прадстаўнік ГУР Андрэй Юсаў.

У інтэрв’ю «Радіо Свобода» Юсаў выказаў сумнеў у тым, што самалёт перавозіў палонных, бо няма звестак пра вялікую колькасць целаў на месцы трагедыі. Паводле спікера ГУР, у мясцовы морг даставілі толькі пяць целаў, што адпавядае колькасці экіпажа самалёта. Але пры гэтым у ГУР не выключаюць, што палонныя ўсё-ткі на борце былі.

«Мы дапускаем любыя сцэнары, у тым ліку свядомую правакацыю, таксама з выкарыстаннем украінскіх ваеннапалонных фактычна як жывога шчыта для транспартавання БК і ўзбраення для ракетных комплексаў, якія знішчаюць украінскія гарады», – заявіў Юсаў.

Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі заявіў, што лёс палонных цяпер высвятляе ГУР, а СБУ расследуе ўсе акалічнасці інцыдэнта. Ён даручыў МЗС падзяліцца з усімі партнёрамі звесткамі, якія мае Украіна. Кіраўнік дзяржавы таксама падкрэсліў, што Кіеў будзе настойваць на міжнародным расследаванні.

Паводле крыніцаў РБК-Украіна ў Офісе прэзідэнта, Зяленскі на фоне крушэння Іл-76 змяніў працоўны графік: адмяніў паездку ў цэнтральныя рэгіёны краіны і забараніў прызначаць сустрэчы для віншаванняў са сваім днём нараджэння.

Што гэта магло быць

Тэарэтычна збіць Іл-76 над Белгародскай вобласцю маглі як расейскія войскі, гэтак і ЗСУ.

Тэхнічныя магчымасці дзеля гэтага ў Украіны існуюць: амерыканскі ЗРК Patriot здольны збіць цэль на такой адлегласці (а вось нямецкаму IRIS-T гэтая задача не пад сілах). Акрамя таго, украінцы раней ужо праводзілі аперацыі, падчас якіх збівалі расейскія баявыя самалёты над расейскай тэрыторыяй: напрыклад, 13 траўня 2023 году ў выніку бліскучай аперацыі над Бранскай вобласцю сілы СПА Украіны знішчылі 2 расейскіх знішчальнікі і 2 верталёты.

Іл-76 мог быць збіты і расейскай ракетай – у гэтай версіі няма ніякай канспіралогіі. За час поўнамаштабнай вайны было зафіксавана шмат выпадкаў, калі расейскія СПА памылкова «адпрацоўвалі» па ўласнай авіяцыі, у выніку чаго цярпелі крушэнне самалёты РФ і гінулі лётчыкі. Прадстаўнік ГУР Андрэй Юсаў у каментары «Белсату» зазначыў, што варыянт расейскага «friendly fire» выключаць нельга, тым больш, што ў той дзень над Белгародскай вобласцю працавалі ўкраінскія беспілотнікі.

Разам з тым, рэакцыя афіцыйных асобаў Украіны сведчыць пра тое, што яны як мінімум дапускаюць, што самалёт быў сапраўды збіты ўкраінскімі сіламі СПА. Імаверна, калі б камандаванне было ўпэўнена, што ЗСУ не запускалі ў той дзень ракетаў над тэрыторыяй РФ (а гэта вельмі лёгка спраўдзіць), то яны б на гэтым адназначна настойвалі. Замест гэтага ў Кіеве акцэнтуюць увагу на тым факце, што самалёты Іл-76 выкарыстоўваюцца для транспартавання ракетаў, якія потым запускаюць па ўкраінскіх гарадах.

Калі на Іл-76 сапраўды былі палонныя і яго сапраўды збіла ракета ЗСУ, то трагедыя магла стаць проста вынікам памылкі ўкраінскага боку. Напрыклад, сілы супрацьпаветранай абароны адпрацоўвалі маршрут, па якім расейцы звычайна транспартуюць у Белгарад зброю, і проста не ведалі (іх не папярэдзілі), што ў той жа час у Белгарад прывязуць палонных.

Месца крушэння вайскова-транспартнага самалёта Іл-76. Белгародская вобласць, Расея. 25 студзеня 2024 года.
Фота: Handout / Russian Investigative Committee / AFP / East News

Ці магла адбыцца наўмысная правакацыя з боку РФ, у рамках якой расейцы падставілі пад агонь ЗСУ ўкраінскіх палонных? Такі варыянт нельга выключаць. Аднак варта зазначыць, што кошт аперацыі быў досыць высокі – гібель расейскага вайскова-транспартнага самалёта са ўсім экіпажам. То бок мэта правакацыі ў вачах яе арганізатараў мусіла быць настолькі важнай, каб апраўдаць падобныя сродкі.

Магчымыя наступствы

Крушэнне Іл-76 над Белгародскай вобласцю ўлады Расеі адразу сталі выкарыстоўваць у прапагандысцкіх мэтах. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу па артыкуле «тэракт». Кіраўнік камітэту Дзярждумы па міжнародных справах Леанід Слуцкі заявіў, што адказнасць за «расстрэл ваеннапалонных у паветры» нясе не толькі Украіна, але і ўлады ў Вашынгтоне і Бруселі. Спікер Дзярждумы Вячаслаў Валодзін заявіў, што Дзярждума падрыхтуе зварот да парламентаў ЗША і Нямеччыны, «каб дэпутаты нарэшце зразумелі, каго яны фінансуюць і каму дапамагаюць». Расея нават ініцыявала паседжанне Рады бяспекі ААН з гэтай нагоды, дзе абвінаваціла Украіну ў «наўмысным і прадуманым злачынстве».

Такім чынам, Расея яўна імкнецца за кошт гэтай гісторыі дыскрэдытаваць Украіну і аслабіць міжнародную падтрымку, у першую чаргу ў пытанні паставак заходняй зброі. Аднак, хутчэй за ўсё, эфектыўнасць гэтай прапагандысцкай кампаніі будзе невысокай. Украіна збіла не цывільны самалёт, а вайскова-транспартны, які шырока выкарыстоўваюцца ў зоне баявых дзеянняў для перакідвання вайскоўцаў і зброі. То бок Іл-76 аб’ектыўна з’яўляецца легітымнай ваеннай цэллю, прычым знаходзілася цэль не ў глыбокім тыле, а ў памежнай тэрыторыі.

Наўрад ці хтосьці паверыць, што ЗСУ наўмысна забіла сваіх палонных (дарэчы, расейскі бок не здолеў патлумачыў, навошта ўкраінцам было гэта рабіць). Таксама цяжка ўявіць, што Захад адмовіцца пастаўляць новыя зенітныя комплексы Украіне на фоне масаваных абстрэлаў украінскіх гарадоў з боку Расеі. Паказальна, што 26 студзеня Нямеччына анансавала новы пакет вайсковай дапамогі, куды сярод іншага войдуць зенітныя сістэмы і танкі.

Аднак гэта не значыць, што крушэнне Іл-76 не будзе мець ніякіх наступстваў. Тэма палонных – вельмі важная і далікатная для Украіны. Калі высветліцца, што палонныя сапраўды загінулі, то ў будучым украінскае камандаванне, імаверна, будзе вымушана больш асцярожнічаць пры правядзенні аналагічных аперацыяў на тэрыторыі РФ.

Акрамя таго, далейшыя абмены палоннымі непазбежна забуксуюць. «Цяпер пакуль аб абмене размовы ісці не можа», – заявіў кіраўнік камітэту Дзярждумы па абароне Андрэй Картаполаў адразу пасля крушэння самалёту.

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў