Хто стаў Калядным Дзедам для дзяцей палітвязняў і рэпрэсаваных сем’яў?


Стаць Калядным Дзедам для дзіцяці палітычнага вязня прапанаваў усім ахвочым фонд «Краіна для жыцця». Дзяцей жа папрасілі намаляваць або напісаць у лісце, што яны хочуць атрымаць на Новы год.

У выніку ўдалося сабраць падарункі для 220 беларускіх дзяцей.

«Гэта такое дабро, цяпло, якое дзецям, якога так не хапае дзеткам, у якіх мама або тата ў заключэнні. Дзеткі пісалі лісты, і ў некаторых былі такія фразы: я хачу чароўную палачку, каб вызваліць тату», – кажа кіраўнік фонду «Краіна для жыцця» Марыя Мароз.

Ад дзяцей паступіла вельмі шмат спартовых замоваў: баксёрскія рукавіцы, ролікі, мячы. Таксама дзеці прасілі ў Каляднага Дзеда лялькі, творчыя наборы. Кошт аднаго сабранага падарунка вагаўся ў межах 30 еўраў. У ролі казачнага персанажа для дзяцей палітычных вязняў выступілі беларускія дыяспары з усяго свету, розныя арганізацыі, у тым ліку з асяроддзя дэмакратычных сілаў.

«Гэты час нам дапамагае перажыць тое, што, як нам падаецца, мы робім карысную нейкую справу, каб нам хутчэй вярнуцца да дому, і мы дапамагаем тым, калі гэта неабходна», – зазначае актывістка фонду «Краіна для жыцця» Марына Гарбуз.

Свой навагодні падарунак атрымалі і каля 250 беларускіх дзяцей з семʼяў, якія зазналі рэпрэсіі. Асноўны пункт прызначэння – вядома, Беларусь. Але дзеці, чые семʼі былі вымушаныя выехаць у Польшчу, Украіну, Літву, Эстонію, нават у Францыю ды іншыя краіны, таксама не засталіся без увагі.

«Арыентаваліся ў асноўным на пол і ўзрост, плюс 8 – гэта хлопчыку васьмі або дзевяці ці сямі гадоў, каля таго. Гэта «Lego», дарослым, больш дарослым дзецям набывалі нешта з тэхнікі – калонкі, навушнікі, электрычныя зубныя шчоткі. Я, вядома, старалася даведвацца, тады мы арыентаваліся на тое, што любіць дзіцё», – тлумачыць арганізатарка ініцыятывы Юлія Юхно.

З лёгкай рукі грамадскай актывісткі Юліі Юхно да гэткай святочнай акцыі далучылася беларуская дыяспара ў Італіі, а таксама італьянцы: дапамагалі нават дэпутаты і прафсаюзы. Такім чынам, з Італіі ўдалося забяспечыць каля 80-ці адсоткаў заявак на падарункі, а астатнія 20 закрылі беларусы.

«Для італьянцаў гэта важна, бо яны вельмі эмпатычныя людзі па сутнасці сваёй, бо яны з той Еўропы, якая заўсёды жыла ў дастатку і таму яны вельмі эмпатычныя да ўсіх беларусаў, жанчын з Афганістану мігрантаў і гэтак далей. І калі я арганізавала такую ініцыятыву, на мяне пасыпалася шмат заявак, якія мне нават складана было скаардынаваць», – адзначае Юлія Юхно.

Станам на 25-га снежня палітычнымі вязнямі ў Беларусі прызнаныя ўжо 955 чалавек. Яшчэ дзясяткі тысяч беларусаў вымушаныя былі зʼехаць ад палітычнага пераследу за мяжу. Таму шмат семʼяў будуць сустракаць Новы год у няпоўным складзе. Ім усім неабходная нашая дапамога і падтрымка.

Ірына Карніенка, «Белсат»

Стужка навінаў