«Агнястрэльныя раненні, падпалы жывога чалавека». Вольга Гарбунова – пра хатні гвалт у Беларусі


Карціна хатняга гвалту ў Беларусі моцна змянілася, адбываецца шмат сапраўды жудасных здарэнняў, а амаль уся статыстыка па гэтай тэме схаваная. Пра гэта заявіла прадстаўніца па сацыяльных пытаннях Аб’яднанага пераходнага кабінету Вольга Гарбунова ў сваёй заяве да пачатку кампаніі ААН «16 дзён актыўных дзеянняў супраць гендарнага гвалту», якая распачалася 25 лістапада.

Вольга Гарбунова
Вольга Гарбунова падчас грамадскіх слуханняў прадстаўнікоў Аб’яднанага пераходнага кабінета у Каардынацыйнай радзе Беларусі. Варшава, Польшча. 3 жніўня 2023 года.
Фота: Ян Лісіцкі / Белсат

У Беларусі вялізныя праблемы з хатнім гвалтам, кажа Вольга Гарбунова.

«Па-першае, амаль уся статыстыка па тэме схаваная, але, мяркуючы па сведчаннях людзей унутры Беларусі і па матэрыялах у СМІ, карціна хатняга гвалту ў краіне вельмі змянілася. Цяпер гэта і агнястрэльныя раненні, і падпалы жывога чалавека, аблітага бензінам, і шмат іншых жудасных здарэнняў. Нядзіўна, што звесткі пра такія выпадкі не публікуюцца ў афіцыйных крыніцах».

Прадстаўніца Кабінету звяртае ўвагу на тое, што ў Беларусі дагэтуль няма закону аб хатнім гвалце, а тыя змяненні, што былі ўведзеныя ў дзейснае заканадаўства, вельмі спрэчныя. Напрыклад, невядома, дзеля чаго адкрываецца доступ да фактаў гвалту для КДБ і Рады бяспекі.

«Магчыма, гэта інструмент для таго, каб перакручваць статыстыку, уплываць на тэндэнцыі», – мяркуе Вольга.

Трэба пагаварыць
«Ён мяне згвалтаваў». Самае страшнае робяць самыя блізкія
2023.03.26 14:00

Асобна прадстаўніца па сацыяльных пытаннях згадвае ліквідацыю ў Беларусі НДА, якія маглі аказваць дапамогу пацярпелым ад хатняга гвалту.

«Нас выгналі, няма каму праводзіць асветніцкія інфармацыйныя кампаніі. Па словах чыноўнікаў, «праблема не стаіць востра», – зазначае Гарбунова.

Паводле прадстаўніцы дэмакратычных сілаў, частка беларускага грамадства жыве з думкай, што ёсць «дапушчальны гвалт», які адбываецца за зачыненымі дзвярыма ў асобных сем’ях.

«З цягам часу ён перарос у маштабны палітычны гвалт. А цяпер дзяржаўная машына дэманструе, што гвалт можа быць беспакараным – і правакуе з’яўленне новых жахлівых прыкладаў. Упэўненая, што гвалт у турмах і хатні гвалт – узаемазвязаныя працэсы. У нас, ва ўсяго грамадства, наперадзе комплексная праца па іх спыненні і пераадоленні наступстваў», – кажа Вольга.

26 лістапада Вольга Гарбунова прыме ўдзел у фестывалі супраць хатняга гвалту ў Вільні і выступіць на тэму «Праблема хатняга гвалту ў аўтарытарнай дзяржаве: кейс Беларусі».

Аналітыка
З пекла ды ў агонь: беларускі перад тварам гвалту – ад мужчыны і дзяржавы
2022.12.11 08:00

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў