Тэракт на Дзень волі ад ГУБАЗіК, Банцэр зноў у ШІЗА, мігранты ляцяць дамоў: галоўнае за 25 лістапада


«Белсат» традыцыйна падводзіць вынікі дня. Пра самыя важныя падзеі чацвярга, 25 лістапада, чытайце ў нашым аглядзе.

Ініцыятыва былых сілавікоў «ByPol» апублікавала расследаванне, прысвечанае фэйкаваму тэракту на Дзень Волі 2021 года, у арганізацыі якога рэжым Лукашэнкі абвінаваціў лідараў апазіцыі. Паводле інфармацыі «ByPol», тэракт насамрэч рыхтаваўся пры ўдзеле ГУБАЗіКу.

Hавiны
Аляксандр Азараў параўнаў фэйкавы тэракт на Дзень волі з выбухам у метро ў 2011 годзе
2021.11.25 22:59

Падзеі, пра якія распавядаецца ў расследаванні «ByPol», адбыліся ў сакавіку. 24 сакавіка «ByPol» абвесціў, што атрымаў інфармацыю пра рыхтаванне тэракту ў адным з будынкаў органаў унутраных справаў сіламі Камітэту дзяржбяспекі. Мэта – дыскрэдытаваць пратэставы рух. Аднак 26 сакавіка ў МУС Беларусі самі заявілі пра перадухіленне тэрактаў. Затрымалі 35-гадовага жыхара Пінскага раёну Вячаслава Малейчука, які нібыта меў намер падарваць дзве самаробныя выбухоўкі (адну – у Менску на дзіцячай пляцоўцы, другую – каля вайсковай часткі ў Печах). Апазіцыйных палітыкаў Святлану Ціханоўскую і Паўла Латушку, а таксама шэраг былых сілавікоў, звязаных з ініцыятываю «ByPol», улады абвесцілі тэрарыстамі.

Мігранты ляцяць з Беларусі дамоў. Паводле іракскага консула, больш за тысячу грамадзянаў Іраку выказалі жаданне вярнуцца. На 25 і 26 лістапада Нацыянальны аэрапорт «Менск» анансаваў два вывазных рэйсы ад авіякампаніі Iraqi Airways.

Hавiны
Мігранты выйшлі на мітынг у «Брузгах»
2021.11.25 13:26

Рэйс, прызначаны на 14.30 25 лістапада, быў адменены. Дзяржсакратар Савету бяспекі Аляксандр Вальфовіч паскардзіўся, што Еўразвяз не спяшаецца дапамагаць вывазам мігрантаў:

«Дзе дапамога з боку Еўразвязу? Яе проста не бачна. Таму Беларусь дзейнічае і будзе дзейнічаць як нармальная цывілізаваная еўрапейская дзяржава ў адпаведнасці з усімі міжнароднымі нормамі і патрабаваннямі, выконваць усе міжнародныя дамовы», – заявіў Вальфовіч.

Пры гэтым мігранты, якія застаюцца ў Беларусі, усцяж спрабуюць атакаваць беларуска-польскую мяжу.

24 лістапада польскія памежнікі зафіксавалі 375 спробаў нелегальна перайсці беларуска-польскую мяжу. Пра гэта ў Twitter паведамляе Памежная ахова Польшчы.

Стала вядомая дата пачатку суду над блогерам Эдуардам Пальчысам. Слуханне пачнецца 6 снежня ў 10.00. Працэс пройдзе ў Менскім гарадскім судзе.

Супраць Пальчыса выставілі чатыры артыкулы:

  • «Распальванне варожасці групай асобаў з цяжкімі наступствамі» – ч. 3 арт. 130 КК РБ;
  • «Арганізацыя масавых беспарадкаў» – ч. 1 арт. 293 КК РБ.
  • «Арганізацыя дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак» – ч. 1 арт. 342 КК РБ.
  • «Заклікі да дзеянняў на шкоду нацыянальнай бяспецы» – ч. 3 арт. 361 КК РБ.

Гарадзенскага музыку, палітвязня Ігара Банцэра, які адбывае пакаранне ў папраўчай установе на «хіміі» 25 лістапада зноў адправілі ў ШІЗА на 10 содняў. 22 лістапада яго адпусцілі пасля папярэдняга пакарання ШІЗА. Разам з цяперашнім тэрмінам музыка правядзе ў штрафным ізалятары 70 содняў.

Артыкулы
«Справа дэфектная». Начальнік віцебскай «хіміі» не можа вылічыць, калі трэба вызваляць Ігара Банцэра
2021.11.25 19:33

У Віцебскім тэатры ім.Якуба Коласа, дзе звальняюць дырэктара пасля воклічаў «Жыве Фландрыя» у прэм’ерным спектаклі, не працягнулі кантракты таксама траім акторам.

Імёны актораў, якіх звальняюць з тэатру ўслед за дырэктарам Аляксандрам Старых: Анжаліка Баркоўская, Юлія Крашэўская, Арцём Герак. З 2 студзеня 2022 году яны застаюцца без працы.

Артыкулы
Беларусы Беластоку правялі ўжо традыцыйную акцыю салідарнасці з палітвязнямі
2021.11.25 21:10

Старшыні Саюзу Палякаў у Беларусі Анджэліцы Борыс працягнулі арышт яшчэ на тры месяцы – яна застанецца пад вартай да 25 лютага 2022 году. Імаверна, пастанова аб працягненні тэрміну арышту датычыць таксама журналіста Анджэя Пачобута.

ГГ, belsat.eu

Стужка навінаў