Беларускія ўлады працягваюць скардзіцца на тое, што Еўразвяз не пералічвае ім грошы на ўтрыманне ў Беларусі мігрантаў, завезеных рэжымам з іншых краіны. З чарговай заявай выступіў прэс-сакратар МЗС Анатоль Глаз.
Спачатку ён паскардзіўся, што пасля візіту прадстаўнікоў Еўракамісіі «акрамя заяў аб намерах нічога няма», піша БелТА.
А пасля Глаз згадаў і тое, што адменены рэйс з Іраку, які меўся забраць мігрантаў.
«Бачыў у навінах, што рэйс адменены з-за праблем з плацяжамі ад нашых еўрапейскіх партнёраў. Пакуль ніякіх плацяжоў мы ад іх не атрымалі ні па адным з узгодненых напрамкаў. Пакуль толькі дэкларацыі аб намерах», – адзначыў прэс-сакратар МЗС.
Раней на адсутнасць грошай ад Еўразвязу скардзіўся і дзяржаўны сакратар Савету бяспекі Аляксандр Вольфавіч.
«Дзе дапамога з боку Еўразвязу? Яе проста не бачна», – заявіў ён.
МГ belsat.eu