Расейская атака зачапіла будынкі блізу Хмяльніцкай АЭС


Уначы на 25 кастрычніка расейскія войскі нанеслі ўдары па Хмяльніцкай вобласці Украіны. Сярод іншага, выбухамі пашкодзіла вокны карпусоў Хмяльніцкай атамнай электрастанцыі, паведамляе Міністэрства энергетыкі Украіны. АЭС не пацярпела.

Хмяльніцкая АЭС
Хмяльніцкая АЭС.
Фота: Shepetivka.com.ua

Паводле Міністэрства энергетыкі Украіны, удары прыйшліся па тэрыторыі паблізу Хмяльніцкай АЭС, у выніку выбуху былі пашкоджаныя вокны ў адміністрацыйна-бытавым і лабараторна-бытавым карпусах АЭС.

Дзяржаўная служба надзвычайных сітуацыяў паведамляла таксама, што ў выніку начной атакі былі пашкоджаныя 11 шматпавярховых і 9 прыватных будынкаў у гарадах Славута і Нэцішын, што блізу Хмяльніцкай АЭС. Пацярпелі ў тым ліку дзве пажарныя часткі і аддзяленне паліцыі. Мэр Нэцішына пакінуў кантакт для сувязі тым, чые будынкі пацярпелі.

Імаверна, будынкі пацярпелі ад збітых беспілотнікаў: Хмяльніцкая абласная адміністрацыя ранкам паведамляла, што аскепкі збітых дронаў трапілі на тэрыторыю крытычнай інфраструктуры.

Як заўважае Украінская служба BBC, гэта першая атака, якая зачапіла Хмяльніцкую АЭС, але ў гэтым кірунку Расея б’е чацвёртую ноч запар.

Агулам уначы на 25 кастрычніка расейскія войскі запусцілі па Украіне 11 дронаў-камікадзэ, усе былі збітыя. Паветраная абарона працавала ў Жытомірскай, Мікалаеўскай, Палтаўскай, Херсонскай, Хмяльніцкай і Чаркаскай вобласцях. Акрамя таго, расейскія войскі нанеслі 6 ракетных і 51 авіяцыйны ўдар, дзясяткі абстрэлаў сістэмамі рэактыўнага залпавага агню.

Расейскія войскі працягваюць кантраляваць іншую атамную станцыю ва Украіне: Запарожскую АЭС. Блізу Запарожскай АЭС за час вайны ва Украіне неаднаразова гучалі выбухі, на тэрыторыі блізу АЭС заклалі міны, на даху станцыі бачылі штосьці падобнае да выбухоўкі, сама станцыя заставалася без электрычнасці. Украінскі бок баіцца як магчымай аварыі на АЭС, так і наўмыснага тэракту. Міністр энергетыкі Украіны нядаўна казаў, што на ЗАЭС не праводзяцца неабходных работаў, каб падтрымваць абсталяванне ў належным стане, і сітуацыя пагаршаецца.

Hавiны
На Запарожскай АЭС магчымы фукусімскі сцэнар
2023.07.03 17:39

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў