Што такое «брудная бомба», і навошта пра яе кажуць у Маскве


Расея вінаваціць Украіну ў намеры падарваць «брудную бомбу», прычым на ўласнай тэрыторыі. Афіцыйны Кіеў называе гэтыя абвінавачанні хлуснёй і падкрэслівае, што выкарыстаць такую зброю можа толькі Расея. Belsat.eu тлумачыць, што цяпер адбываецца.

Вайсковец стаіць ля кантраляванай Расеяй Запарожскай атамнай электрастанцыі падчас працы місіі экспертаў МАгАтЭ. 1 верасня 2022 года.
Фота: Alexander Ermochenko / Reuters / Forum

Тэма «бруднай бомбы» з’явілася ў інфармацыйнай прасторы ў нядзелю 23 кастрычніка. У гэты дзень расейскі міністр абароны Сяргей Шайгу патэлефанаваў чатыром міністрам абароны краінаў NATO (ЗША, Вялікая Брытанія, Францыя, Турэччына) і заявіў ім, што Расеі нібыта стала вядома пра намер Украіны выкарыстаць на сваёй тэрыторыі «брудную бомбу», каб потым абвінаваціць у гэтым РФ. Аналагічныя званкі зрабіў начальнік расейскага Генеральнага штабу Валерый Герасімаў начальніку штабу абароны Брытаніі ды старшыні Аб’яднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША.

Міністр замежных справаў РФ Сяргей Лаўроў заявіў: расейскі бок мае намер падняць гэтае пытанне на ўзроўні Рады бяспекі ААН. І падкрэсліў, што звесткі пра бомбу нібыта пераправераныя, гэта не пустое абвінавачанне. Сталы прадстаўнік РФ у ААН Васілій Нябензя ў лісце генеральнаму сакратару ААН адзначыў: Масква будзе разглядаць выкарыстанне Украінаю «бруднай бомбы» як акт ядравага тэрарызму, а сама Расея нібыта выкарыстоўваць ядравай зброі не збіраецца.

Абсалютна ніякіх доказаў Масква так і не агучыла. Фактычна ўсе аргументы расейскага боку зводзяцца да таго, што Кіеў проста мае матэрыяльна-тэхнічную (атамныя электрастанцыі) і навуковую (інстытуты, што бралі ўдзел у савецкай ядравай праграме) базу для гэтага.

У Расеі не ўпершыню пачынаюць казаць пра ўкраінскую «брудную бомбу». Яшчэ ў першыя тыдні ўварвання крамлёўскія прапагандысты заяўлялі, што Украіна нібыта распрацоўвала такую зброю на Чарнобыльскай АЭС. Але ніякіх доказаў зноў-такі не прыводзілася, а медыі спасылаліся ў сваіх матэрыялах на ананімныя крыніцы.

«Расейцы часта вінавацяць іншых у тым, што плануюць зрабіць самі»

Афіцыйны Кіеў зняпраўджвае ўсе абвінавачванні Крамля.

«Калі хтосьці можа ўжыць ядравую зброю ў нашай частцы Еўропы, то гэта толькі адзін субʼект – і гэты субʼект якраз і загадаў таварышу Шайгу кудысьці там тэлефанаваць», – заявіў прэзідэнт Уладзімір Зяленскі.

Кіраўнік МЗС Украіны Дмытро Кулэба назваў абвінавачанні Масквы хлуснёй і падкрэсліў, што ва Украіны няма «бруднай бомбы», і яна не збіраецца яе ствараць. Кіраўнік МЗС таксама прапанаваў МАгАтЭ скіраваць адпаведную місію ва Украіну, каб гэта спраўдзіць: «Расейцы часта вінавацяць іншых у тым, што плануюць зрабіць самі».

На Захадзе ў абвінавачанні на адрас Кіева ніхто не паверыў, але да самой рыторыкі Масквы паставіліся сурёзна, убачыўшы ў гэтым злавесны сігнал. ЗША, Францыя і Вялікая Брытанія выступілі з заявай, у якой адзначылі, што яны зняпраўджваюць адкрыта ілжывыя сцвярджэнні Расеі, быццам Украіна рыхтуецца ўжыць «брудную бомбу».

«Свет распазнае любую спробу выкарыстаць гэтае сцвярджэнне ў якасці падставы да эскалацыі. Мы таксама зняпраўджваем любую падставу да эскалацыі з боку Расеі», – гаворыцца ў дакуменце.

Генеральны сакратар NATO Енс Стольтэнбэрг таксама заявіў, што саюзнікі з Альянсу адхіляюць галаслоўныя сцвярджэнні Масквы. «Нас турбуе тое, што гэта частка мадэлі, якую мы бачылі раней з боку Расеі: у Сірыі, а таксама ў пачатку вайны або беспасярэдне перад пачаткам вайны ў лютым. Расея вінаваціць іншых у тым, што яна мае намер зрабіць сама», – сказаў ён у інтэрвю «Politico».

Што такое «брудная бомба»

«Брудная бомба» – гэта радыелагічная зброя масавага паражэння. Яна адрозніваецца ад ядравай бомбы прынцыпам дзеяння і паражальным эфектам.

Ядравая зброя выкарыстоўвае энергію дзялення ядра атамаў, што прыводзіць да ўзнікнення магутнай разбуральнай ударнай хвалі, знішчальнага светлавога выпраменьвання і пранікальнай радыяцыі. Магутнасць першай атамнай бомбы, якую амерыканцы скінулі на Хірасіму ў 1945 годзе, складала ад 13 да 18 кілатонаў у тратылавым эквіваленце. Магутнасць сучаснай боегалоўкі стратэгічнай ядравай зброі можа перавышаць 1000 кілатонаў.

Расейскія ваенныя аўтамабілі суправаджаюць картэж місіі экспертаў МАгАтЭ, які накіроўваецца да Запарожскай атамнай электрастанцыі. 1 верасня 2022 года.
Фота: Alexander Ermochenko / Reuters / Forum

«Брудная бомба» не выкарыстоўвае энергіі дзялення атамаў, таму разбуральнай ударнай хвалі і светлавога выпраменьвання пры выбуху не будзе. Фактычна «брудная бомба» – гэта звычайная боегалоўка, якую начынілі радыеактыўнымі рэчывамі. То бок пры яе выкарыстанні разбуральны эфект будзе як пры выбуху звычайнай бомбы, але пры гэтым яна забрудзіць радыяцыяй паветра, ваду і глебу, зрабіўшы вялікія тэрыторыі непрыдатнымі для пражывання на доўгія гады. Камісія ядравай рэгламентацыі ЗША адзначае, што «ступень лакальнага забруджання будзе залежаць ад шэрагу фактараў, у тым ліку абʼёму выбуховага рэчыва, колькасці і тыпу радыеактыўнага матэрыялу, сродкаў рассейвання і ўмоваў надворʼя».

Эфект ад «бруднай бомбы» можна параўнаць з Чарнобылем, то бок адбываецца ядравая катастрофа, але без ядравага выбуху.

«Калі коратка, «брудная бомба» – гэта той жа Чарнобыль, толькі ў значна меншых маштабах. У Чарнобылі на момант аварыі ў рэактары было некалькі тонаў радыеактыўных рэчываў. Разам з бомбаю можна перавозіць каля 50 кг высокарадыеактыўнага рэчыва. Калі не ўлічваць Чарнобылю, які можна лічыць вялізнаю «бруднаю бомбаю», то ў гісторыі не было [выпадкаў] яе практычнага выкарыстання», – адзначыў у інтэрвю агенцтву УНН эксперт у пытаннях радыяцыі і радыеактыўнасці Раман Паўлюк.

Навошта «брудная бомба» на вайне

Афіцыйна «брудная бомба» не стаіць на ўзбраенні ніводнай краіны свету, бо з ваеннага гледзішча выкарыстоўваць яе немэтазгодна. Выбух такой бомбы не дасць імгненнага эфекту: не прывядзе да маштабнага знішчэння жывой сілы і тэхнікі праціўніка, не зруйнуе ваенных заводаў ды інфраструктуры. То бок «бруднаю бомбаю» вайны не выйграць.

Безумоўна, радыяцыйнае забруджанне зробіць пацярпелыя раёны непрыдатнымі да жыцця і моцнае паўплывае на насельніцтва псіхічна. Але гэтыя выклікі будуць актуальныя і для таго, хто выкарыстаў «брудную бомбу». Вецер можа разнесці радыяцыю на дзясяткі кіламетраў ад эпіцэнтру выбуху і выклікаць цяжкія наступствы ўжо на падкантрольных агрэсару тэрыторыях.

Праз сваю ваенную неэфектыўнасць «брудную бомбу» часта называюць патэнцыйнаю зброяй тэрарыстаў, бо яна прыдатная толькі для тэрарыстычных задачаў – шантажу, запалохвання і застрашвання насельніцтва.

Навошта пра бомбу кажуць у Расеі

Складана ўявіць, што ў заявы Масквы пра ўкраінскую «брудную бомбу» наагул хтосьці ў свеце можа паверыць, улічваючы, што адметнаю рысаю палітыкі Уладзіміра Пуціна ўжо даўно зрабіўся шантаж зброяй масавага знішчэння. У Крамлі намякалі на магчымасць ужыць ядравую зброю і да ўварвання ва Украіну, і пасля пачатку поўнамаштабнай вайны. Яшчэ больш пагрозліва сталі гучаць такія заявы Масквы пасля афіцыйнай анексіі акупаваных тэрыторыяў Украіны. У канцы верасня Лаўроў казаў, што на далучаныя рэгіёны будзе распаўсюджвацца ядравая дактрына РФ, а Пуцін абяцаў, што для абароны Расеі ён гатовы выкарыстаць «усе існыя ў нашым распараджэнні сродкі».

Аналітыка
Колькі ядравай зброі ў Расеі, і ці можа Пуцін распачаць ядравую вайну?
2022.03.22 07:30

Украіна і краіны Захаду ставяцца да ядравай рыторыкі Крамля сурёзна і такога сцэнара не выключаюць. У гэтым кантэксце варта звярнуць увагу на тое, што ваенная дактрына РФ прадугледжвае выкарыстанне ядравай зброі ў выпадку ўжывання праціўнікам зброі масавага знішчэння. То бок, калі Крэмль арганізуе выбух маламагутнай «бруднай бомбы» пад «чужым сцягам», тэарэтычна гэтая правакацыя можа быць выкарыстаная як фармальная падстава для ядравага ўдару.

У Дзяржаўным дэпартаменце ЗША папярэдзілі 25 кастрычніка, што выкарыстанне і «бруднай бомбы», і ядравай зброі будзе мець для Расеі сур’ёзныя наступствы.

«Мы вельмі дакладна далі гэта зразумець», – сказаў афіцыйны прадстаўнік Дзярждэпартаменту ЗША Нэд Прайс.

Разам з тым, заходнія эксперты схільныя лічыць рыторыку Крамля наконт «бруднай бомбы» блефам, а не рыхтаваннем да рэальнага ўдару. Аналітыкі амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны (ISW) мяркуюць, што Расея такім чынам хоча запаволіць ці зусім спыніць заходнюю ваенную дапамогу Украіне, пасеяўшы раскол у NATO. На думку ISW, малаімаверна, што Расея насамрэч гатовая пайсці на выкарыстанне такой зброі.

Уладзімір Пуцін падчас трансляцыі навінавага рэпартажу расейскага дзяржаўнага тэлебачання на экране на вуліцы Энэргадару. 14 кастрычніка 2022 года.
Фота: Alexander Ermochenko / Reuters / Forum

Эксперт берлінскага фонду «Навука і палітыка» (SWP) Вольфганг Рыхтэр заявіў у інтэрвю «DW», што выкарыстанне «бруднай бомбы» ва Украіне было б абсурдам. Хутчэй тэарэтычнаю, чымся рэальнаю назваў такую пагрозу прафесар паліталогіі Тулэйнаўскага ўніверсітэту Крыстафэр Фэтўэйс у інтэрвю «Newsweek». Да тых жа высноваў прыйшлі эксперты, апытаныя «Wall Street Journal».

Цікава, што інфармацыйную хвалю наконт «бруднай бомбы» Крэмль падняў услед за гучнымі заявамі наконт магчымага падрыву Кахоўскай ГЭС. Абедзве гісторыі развіваюцца прыкладна па адным сцэнары: Масква выступае з галаслоўнымі абвінавачаннямі на адрас Украіны, а ў Кіеве і на Захадзе ўспрымаюць гэтыя заявы як сведчанне намеру Расеі зарганізаваць ваеннае злачынства пад «чужым сцягам».

Аналітыка
Пагроза разбурэння Кахоўскай ГЭС: навошта гэта трэба і ці рэальны такі сцэнар?
2022.10.21 17:11

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў