Праваабаронцы абвінавачваюць Расею ў спробах выкарыстоўваць голад як зброю ва Украіне


Юрысты-праваабаронцы разам з пракуратурай Украіны збіраюць дасье з фактамі наўмыснага выклікання голаду ва Украіне, які Расея праводзіць падчас вайны. Матэрыялы збіраюцца перадаць у Міжнародны крымінальны суд, паведамляе «The Guardian».

Будынак Міжнароднага суду ў Гаазе, Нідэрланды.
Фота: jbdodane / Flick

Выпадкі выкарыстання голаду ў якасці зброі збіраюцца юрыстамі ў адно дасье, дзеля таго, каб распачаць першую ў сваім родзе справу, абвінавачаным па якой можа выступіць прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін.

Як адзначае старшы юрыст кампаніі Global Rights Compliance Юсуф Хан, выкарыстанне прадуктаў харчавання ў якасці зброі адбывалася ў тры этапы, пачынаючы з моманту расейскага ўварвання на тэрыторыю Украіны, калі ўкраінскія гарады былі разгромленыя і абкружаныя расейскімі войскамі, а пастаўкі ежы ў іх былі спыненыя.

Да задакументаваных выпадкаў юрысты адносяць забойства 20 цывільных жыхароў у Чарнігаве 16 сакавіка 2022 года, якія стаялі ў чарзе па хлеб і прадукты, калі ў іх пацэлілі расейскія бомбы.

Сюды ж адносіцца аблога Марыупаля, падчас якой у горад былі спыненыя пастаўкі ежы, а калідоры гуманітарнай дапамогі былі заблакаваныя і атакаваныя, што абцяжарвала ўцёкі жыхароў, якія цярпелі голад.

Да другога этапу юрысты адносяць знішчэнне запасаў харчавання і вады, а таксама крыніц энергазабеспячэння па ўсёй Украіне падчас вядзення баявых дзеянняў, бо яны, паводле словаў Юсуфа Хана, былі неабходныя для выжывання цывільнага насельніцтва.

На думку юрыста, такія напады былі наўмыснымі злачынствамі, бо калі знішчаецца энергетычная інфраструктура, неабходная мірным жыхарам у самы разгар зімы, то можна спрагназаваць, якую шкоду гэта нанясе людзям.

Трэці этап – гэта спробы Расеі спыніць або абмежаваць экспарт украінскіх прадуктаў харчавання. Юсуф Хан прыводзіць тут прыклады, калі Расея атакавала аб’екты, у якіх захоўвалася ўкраінскае збожжа, ён адзначае, што ў канцы ліпеня і пачатку жніўня 2023 года было знішчана 270 тысячаў тон прадуктаў харчавання.

У 2018 годзе, памятаючы пра галадамор, які быў справакаваны на тэрыторыі Украіны савецкім рэжымам у 1931–1932 гадах, Рада Бяспекі ААН прыняла адмысловую рэзалюцыю з асуджэннем выкарыстання голаду ў якасці зброі. А ў 2019 годзе палажэнні Рымскага статуту МКС былі перагледжаныя і пашыраныя, што дазваляе разглядаць у судзе справы такога тыпу.

Global Rights Compliance будзе працаваць над складаннем дасье разам з украінскай пракуратурай да канца наступнага года. Пасля юрысты маюць намер падаць заяву ў адпаведнасці з 15-м артыкулам Рымскага статута, які дазваляе трэцім асобам адпраўляць інфармацыю аб меркаваных ваенных злачынствах пракурору Міжнароднага крымінальнага суда.

Сярод іншага, юрысты збіраюцца высветліць усіх вінаватых па гэтай справе, у тым ліку маюць намер прыцягнуць да адказнасці Уладзіміра Пуціна. Бо, паводле Юсуфа Хана, «Пуцін можа несці адказнасць за здзяйсненне злачынстваў непасрэдна, сумесна з іншымі і/або праз іншых», а таксама ён можа быць адказным за няздольнасць ажыццяўляць належны кантроль над расейскімі вайскоўцамі або іншымі асобамі, якія абвінавачваюцца ў злачынствах.

Нагадаем, што Міжнародны крымінальны суд у Гаазе 17 сакавіка 2023 года выдаў ордар на арышт расейскага прэзідэнта Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанай у правах дзіцяці Марыі Львовай-Бяловай, з абгрунтаваннем, што гэтыя асобы падазраюцца ў незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расею.

Аб’ектыў
Еўразвяз патрабуе арыштаваць Лукашэнку
2023.09.14 22:31

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў