У Гомлі адбыўся яшчэ адзін суд над бацькам палітзняволенага Мікіты Залатарова Міхаілам Лапуновым – яго асудзілі чацвёрты раз запар. Ён правёў за кратамі ўжо 45 содняў, піша «Гомельская Вясна».
Напярэдадні выхаду пасля адбыцця трэцяга запар адміністратыўнага арышту перазатрымалі бацьку палітвязня Міхаіла Лапунова. Суддзя Цэнтральнага раёну Гомля Сяргей Кармановіч прызнаў яго вінаватым у здзяйсненні правапарушэння. Мужчыну адправілі за краты чацвёрты раз запар.
Да гэтага бацьку палітзняволенага тройчы абвінавачвалі паводле ч. 1 арт. 19.11 КаАП («Распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў»).
Праваабаронцы пакуль не паведамляюць, што прысудзіў суд. Нагадаем, Міхаіла Лапунова ўжо тройчы каралі 15 соднямі арышту. Калі і апошні суд скончыўся такой жа самай пастановаю – мужчына павінен будзе правесці за кратамі 60 содняў запар.
Сын Міхаіла – Мікіта Залатароў – адзін з наймалодшых затрыманых пасля пратэстаў 2020 года. На той момант 16-гадовага Мікіту, хворага на эпілепсію, абвінавацілі ажно паводле трох артыкулаў Крымінальнага кодэксу і асудзілі на 5 гадоў выхаваўчай калоніі. Пазней на хлопца завялі яшчэ адну крымінальную справу – за тое, што ён нібыта напаў на супрацоўніка СІЗА і пагражаў ягоным родным. Агульны тэрмін пакарання для Мікіты склаў 4 гады і 6 месяцаў зняволення.
Алена Рувіна belsat.eu