Украінскі маёр у адстаўцы расказаў пра вызваленне Крыму і даў прагноз пра заканчэнне вайны


Ці азначае атака дронаў на Крым уначы 25 жніўня пачатак вызвалення Крымскага паўвострава? Чаму ЗСУ не знішчаюць Крымскага мосту проста цяпер? І нарэшце: калі скончыцца вайна ва Украіне? Адказы на гэтыя пытанні «Белсат» паспрабаваў знайсці разам з ветэранам расейска-ўкраінскай вайны, маёрам запасу Аляксеем Гэцьманам.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Шведская БМП CV90 на ўзбраенні ўкраінскай арміі.
Фота: Military Media Center / Telegram

Вызваленне Крыму пачалося?

На думку Аляксея Гэцьмана, можна сказаць, што вызваленне Крыму сапраўды пачалося. Атака на поўдні ўкраінскіх узброеных сілаў выкліканая неабходнасцю выйсці на ўзбярэжжа Азоўскага мора, каб перакрыць магчымасці пастаўкі чаго-кольвек на Крымскі паўвостраў з мацерыковай часткі Расейскай Федэрацыі. Гэтак развязваецца задача ізаляваць Крым, зрабіць яго часова акружанаю тэрыторыяй.

У выніку ўсіх гэтых аперацыяў, на думку нашага суразмоўцы, вялікая групоўка расейскіх войскаў апынецца без падтрымання. У іх застанецца толькі Крымскі мост, «які таксама будзе, відавочна, знішчаны».

Таму, яшчэ раз акцэнтаваў увагу эксперт, усе наступальныя аперацыі ўкраінскіх войскаў скіраваныя ў тым ліку на вызваленне Крыму.

А што, калі знішчыць Крымскі мост ужо цяпер?

Паводле Аляксея Гэцьмана, знішчыць яго цяпер «нічога не перашкаджае». Але неабходна выбраць час, калі гэтая сітуацыя будзе найбольш аптымальнаю, каб знішчэнне Крымскага мосту супадала з іншымі дзеяннямі, якія ўкраінскае войска будзе праводзіць на розных участках фронту. Калі зрабіць гэта раней, расейскія ўлады, верагодна, змогуць адрамантаваць мост.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Крымскі мост.
Фота: Ганна Іларыёнава / Pixabay

«Таму я ўпэўнены, што ў нашым Генеральным штабе цудоўна разумеюць гэтую сітуацыю і ведаюць, чым яго разбурыць, у нас ёсць такая магчымасць. Відаць, час будзе падабраны так, каб гэта было аптымальна», – адзначыў вайсковы эксперт.

Колькі дронаў атакавала Крым раніцаю 25 жніўня?

«Калі верыць расейскім СМІ, то гэта было больш за 40 дронаў. Пакуль пацвярджэння ад нашага Генштабу або дарадцаў, якія могуць гэта каментаваць, таксама не было. Так што пакуль гэтая інфармацыя заснаваная толькі на паказаннях Расейскай Федэрацыі, але ім наўрад ці варта верыць», – падкрэсліў Аляксей Гэцьман, адказваючы на пытанне, ці была атака Крымскага паўвострава дронамі раніцаю 25 жніўня найбуйнейшаю з пачатку вайны.

Пры гэтым суразмоўца адзначыў, што ў факце атакі ніхто не сумняецца, пытанне толькі ў тым, што расейцы сцвярджаюць, нібыта яны знішчылі ўсе дроны: частку збілі, а частку абясшкодзілі сродкамі радыёэлектроннай барацьбы.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Дрон. Украінскія вайскоўцы.
Фота: ok_pivnich1 / Telegram

«Але ж мы ўсе памятаем, як яны [расейцы] расказвалі, што знішчылі некалькі сістэмаў «Patriot», якіх у нас было менш, чымся яны «знішчылі». Таму гэта магло быць не 40 дронаў, а два, і сапраўды яны маглі быць перахопленыя расейскімі сродкамі, проста ім трэба паказаць, наколькі яны магутныя», – падкрэсліў эксперт.

Чаго чакаць ад расейцаў бліжэйшым часам?

Аляксей Гэцьман адзначае, што расейцы зноў расказваюць, нібыта будуць рабіць наступальныя дзеянні і ўвосень, і ўзімку, і ўвесну, што гатовыя зарганізаваць некалькі арміяў.

«Але ўзнікае натуральнае пытанне, – адзначае маёр у адстаўцы. – А чым яны іх збіраюцца ўзбройваць? Бо ў іх ёсць пэўныя вытворчыя магчымасці ВПК.  Нават калі яны будуць яго пераводзіць «на ваенныя рэйкі», то няясна, што гэта азначае. Бо вы не можаце ўзяць заводу, які вырабляў, напрыклад, аўтамабілі, шчоўкнуць пальцамі, і ён пачне вырабляць танкі. Для гэтага трэба пабудаваць тэхналагічныя лініі, а гэта дастаткова складана. Або як можа завод, які выпякае хлеб, «выпякаць» бронекамізэлькі?»

Эксперт адзначыў: украінскае камандаванне чакае, што расейцы могуць мабілізаваць яшчэ пэўную колькасць людзей, але, на ягоную думку, гэта будзе лёгкая пяхота, дрэнна ўзброеныя людзі. Бо забяспечыць усіх гэтых мабілізаваных у новыя вайсковыя падраздзяленні ўсім неабходным не будзе магчымасці.

«Таму хай яны плануюць і надалей. Бо яны ўжо шмат чаго напланавалі і нарасказвалі: Кіеў за тры дні, вар’ят Лукашэнка расказваў пра тое, як яны збіраюцца мыць ногі ці боты ў Ла-Маншы. У мяне такое ўражанне, што яны да такой ступені доўга ілгуць, што пачалі самі верыць у тое, што расказваюць», – падсумаваў Гэцьман.

Калі адбудзецца вызваленне Украіны?

На пытанне, калі ж будзе вызваленая Украіна, эксперт выказаў меркаванне, што гэта адбудзецца «за найбліжэйшыя некалькі гадоў».

Бо, на думку Гэцьмана, адною наступальнай аперацыяй нельга дасягнуць вызвалення. Ён заклікаў звярнуць увагу на досвед у Другой сусветнай вайне, калі для перамогі было зроблена некалькі аперацыяў:

«Таму ўжо цяпер пачынаецца рыхтаванне да нашай наступнай наступальнай аперацыі. Яна можа быць зімоваю, можа быць вясноваю – для вызвалення ўсёй нашай тэрыторыі, у тым ліку Данецкай і Луганскай вобласцяў. Таму вайна, хутчэй за ўсё, улічваючы, што Расея ўсё ж такі – моцны праціўнік, у яе і вайскова-прамысловы комплекс працуе, і на складах яшчэ дастаткова ўсяго захавалася, скончыцца не раней за 2025 год».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў