Ці варта даваць бясплатнае жытло вайскоўцам? Каментуе эканаміст


На фоне скарачэння тэмпаў будаўніцтва, якое адбываецца ў краіне, з’явілася інфармацыя аб тым, што на днях некаторыя вайскоўцы атрымалі ва ўласнасць арэнднае жытло за выслугу, большую за 25 гадоў. Ці мае дзяржава магчымасць выдаваць кватэры на бязвыплатнай аснове і якія ў гэтага будуць наступствы? Спыталі ў эксперта.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

Ператок будаўнічых кадраў

Эканаміст Віталь Алейнік лічыць, што бясплатныя кватэры можна раздаваць тады, калі эканоміка можа сабе гэта дазволіць. Але мы бачым, што тэмпы развіцця будаўніцтва як галіны вельмі запаволеныя. І гэта бачна, перш за ўсё, па заробках у галіне. Хоць можа здавацца, што на тле астатніх заробкаў у Беларусі будаўніцтва яшчэ больш-менш трывае, кажа эксперт, тым не менш статыстыка Белстата паказвае, што сярэдні намінальны заробак у будаўніцтве складае трошкі больш за 2000 беларускіх рублёў. Калі перавесці гэта па бягучым курсе, то атрымліваецца крыху больш за 550 еўра.

Зразумела, што калі параўнаць гэты заробак з заробкам самага простага падсобнага работніка ў бліжэйшай да нас Літве, то літоўскі рабочы зможа зарабіць гэтыя грошы за 10 дзён, кажа Віталь Алейнік.

Эксперт адзначае, што адбываецца натуральны ператок кадраў з будаўнічай галіны Беларусі ў бліжэйшыя краіны, напрыклад у Літву. Калі ж ехаць яшчэ далей, напрыклад у Германію, то там заробкі яшчэ вышэйшыя. Таму, на думку эксперта, перспектывы для развіцця будаўнічай галіны ў Беларусі даволі сумнеўныя.

За «халяву» сілавікоў плацяць звычайныя людзі

Што ж тычыцца раздачы кватэр вайскоўцам, амапаўцам, губазікаўцам і іншым сацыяльным «утрыманцам», то згодна з дадзенымі па ўводу жытла за апошні месяц атрымліваецца, што каля 40% ідзе на так званае сацыяльнае жытло, 20% выдаткоўваецца шматдзетным сем’ям, каля 34%  размяркоўваецца ў сельскай мясцовасці. Але, адзначае эксперт, бачна, што эканоміка ўжо не можа пераварваць такую раздачу жытла «на халяву», таму за гэта камусьці прыйдзецца плаціць. А плаціць, наколькі вядома, прыходзіцца заўсёды дзяржаўнымі грашыма – з гаманцоў звычайных людзей.

Эксперт адзначыў, што зараз чакаецца падвышэнне ставак фандзіравання. Бо, нягледзячы на тое, што апошнім часам беларускі Нацбанк зніжаў стаўкі, Цэнтральны банк Расеі на мінулым тыдні адзначыў, што інфляцыя разганяецца, і нечакана павысіў стаўку на 1%.

На думку эксперта, цяперашнія праблемы ў эканоміцы праявяцца трошкі пазней, што, у сваю чаргу, адаб’ецца і на стаўцы крэдытавання, і на стаўцы фандзіравання, і на цэнах, якія людзям прыйдзецца плаціць за квадратны метр жытла. Тым самым людзі будуць забяспечваць раздачу бясплатнага жытла сілавікам, якія захоўваюць дыктатуру і ахоўваюць рэжым. А рэжым у сваю чаргу раздае падачкі за кошт таго, што краіна ў цэлым не можа развівацца і не можа пераварваць такую халяву.

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў