Міністр абароны Украіны: контрнаступ ЗСУ адстае ад графіку, але ідзе паводле плану


Міністр абароны Украіны Аляксей Рэзнікаў у інтэрв’ю CNN распавёў, што контрнаступ ідзе не так хутка, як планавалася, але ў той жа час аперацыя разгортваецца паводле плану, і наступ не абавязкова павінен быць хуткім. BBC пераказвае асноўныя тэзы інтэрв’ю.

Украінскі міністр абароны Аляксей Рэзнікаў.
Фота: Резніков Олексій/ Facebook

Аляксей Рэзнікаў агучыў некалькі прычын павольнага разгортвання контрнаступу. Сярод іншага, перашкаджаюць недахоп боепрыпасаў, снарадаў і артылерыйскіх сістэм.

«Гэта пытанне СПА. Гэта таксама пытанне таго, што ў нас вельмі даўгая лінія фронту. І супраць нас змагаецца вялікая колькасць ворагаў. Так што гэта вайна. Гэта не камп’ютарная гульня», – заявіў міністр абароны і дадаў, што галоўная каштоўнасць для камандзіраў ЗСУ цяпер – жыццё ўкраінскіх вайскоўцаў.

Сітуацыя на паўднёвым фронце, дзе ЗСУ цяпер вядуць асноўныя наступальныя дзеянні, ускладняецца вялікаю колькасцю замінаваных расейцамі тэрыторыяў. Са словаў Рэзнікава, украінскім вайскоўцам даводзіцца ўручную расчышчаць сабе шлях, бо ў расейцаў ёсць «сур’ёзныя абаронныя зоны з мінамі», праз якія вельмі складана прарвацца.

«Мы павінны выкарыстоўваць нашых вайскоўцаў, сапёраў, і ўсё гэта вельмі павольна размінаваць, каб падрыхтаваць калідоры для сапраўднага наступальнага руху», – зазначыў кіраўнік міністэрства абароны Украіны.

Украінскія вайскоўцы цяпер сканцэнтравалі высілкі на трох асноўных адцінках фронту, у тым ліку ў раёне Бахмуту, на мяжы Данецкай і Запарожскай вобласцяў, каля сяла Вялікая Навасёлка, а таксама каля гораду Арэхаў. Паводле міністра абароны, украінскія войскі дзеяць на розных кірунках, каб не даць расейцам разумення пра кірунак асноўнага ўдару.

Агляд
Цяжкія баі на паўночным усходзе. Ці змогуць расейцы прарваць абарону ЗСУ?
2023.07.24 21:38

Аляксей Рэзнікаў заявіў таксама, што ЗСУ і далей будуць наносіць удары па Крыме і Керчанскім мосце.

«Усе гэтыя цэлі – афіцыйныя, бо іх паражэнне зменшыць магчымасці ваяваць супраць нас і дапаможа ўратаваць жыцці ўкраінцаў», – заявіў міністр абароны.

Паводле Рэзнікава, «гэта нармальная тактыка – разбураць лагістычныя лініі супраціўніка, каб перарэзаць магчымасці паставак боепрыпасаў, паліва, прадуктаў харчавання». Таму ЗСУ будуць і далей выкарыстоўваць гэтую тактыку.

Міністр абароны лічыць, што да лета наступнага года вайна скончыцца перамогай Кіева, а пасля гэтага Украіна атрымае запрашэнне ў NATO.

Аляксей Рэзнікаў таксама распавёў, што ўжо ў жніўні распачнецца навучанне ўкраінскіх пілотаў палётам на знішчальніках F-16. Яно зойме мінімум шэсць месяцаў, таму, паводле самага аптымістычнага сцэнара, украінскія пілоты распачнуць палёты на F-16 увесну 2024 года.

Агляд
Расейцы прарываюцца на ўсходзе, ЗСУ – на поўдні. Што адбываецца ва Украіне?
2023.07.23 20:11

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў