Цяжкія баі на паўночным усходзе. Ці змогуць расейцы прарваць абарону ЗСУ?


«Белсат» падводзіць вынікі 516-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 24 ліпеня чытайце ў нашым аглядзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Вайсковая бранятэхніка рухаецца ў напрамку Бахмуту, Данецкая вобласць, Украіна. 22 ліпеня 2023 года.
Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Agency / Abaca Press / Forum

Намесніца Міністра абароны Украіны Ганна Маляр заявіла, што Збройныя сілы Украіны працягваюць наступаць на бахмуцкім, бярдзянскім і мелітопальскім кірунках у Данецкай і Запарожскай вобласцяў.

У гэты ж час асноўныя намаганні войскаў РФ засяроджаныя на купянскім, ліманскім, аўдзееўскім і мар’інскім кірунках на ўсходзе краіны.

Разам з тым інтэнсіўнасць баявых дзеянняў істотна адрозніваецца ў залежнасці ад канкрэтнага ўчастку фронту.

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

Па лініі фронту ў Харкаўскай вобласці працягваюцца баі ў ваколіцах сяла Ліман Першы. Тэлеграм-канал «Рыбарь» піша, што баявыя дзеянні маюць пазіцыйны характар, паколькі Збройныя сілы Украіны рэгулярна контратакуюць, намагаючыся адкінуць праціўніка. Пры гэтым крыніца мяркуе, што неўзабаве ўкраінцы могуць перайсці ў паўнацэнны наступ, на што ўказвае назапашванне рэзерваў у ваколіцах Купянску.

Далей на поўдзень па лініі фронту Узброеныя сілы РФ наступаюць на захадзе ад сяла Кармазінаўка ў бок Чарнешчыны.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў піша, што за апошнія дні войскі РФ прасунуліся на адлегласць каля 3,5 кіламетра на захад ад ракі Жарабец на 5-кіламетровым участку фронту.

Аналітыкі праекту Deepstate адзначаюць, што прасоўванне расейцаў адбылося пры каласальнай перавазе ў артылерыі. У такой сітуацыі ЗСУ былі вымушаныя адысці з зыходных пазіцыяў, і цяпер праводзяць стабілізацыйныя мерапрыемствы, уводзячы рэзервы.

Між тым «Рыбарь» мяркуе, што пакуль рана казаць пра сур’ёзныя поспехі расейцаў на гэтым участку фронту, паколькі яшчэ няма пацверджанняў таго, што ім удалося замацавацца на новых пазіцыях.

Ніжэй па лініі фронту на ліманскім кірунку контратакуюць ЗСУ, намагаючыся выбіць праціўніка з апорных пунктаў каля балкі Жураўка (ваколіцы сяла Чырвонапапоўка).

На так званым торскім выступе наступаюць расейцы, але пакуль украінскія вайскоўцы трымаюць свае пазіцыі.

У Серабранскім лясніцтве атакуюць расейцы, імкнучыся выпрастаць лінію фронту і пашырыць зону кантролю каля Крэмінной. У гэты ж час украінскі бок намагаецца контратакаваць у ваколіцах сяла Дзіброва.

Агулам сітуацыя ў паўночна-ўсходняй частцы Украіны застаецца даволі складанай, паколькі войскам РФ удалося стварыць колькасную перавагу ў жывой сіле і тэхніцы на асобных участках фронту.

Бахмуцкі кірунак (аднайменны раённы цэнтр і ягоныя ваколіцы)

На паўночным захадзе ад Бахмуту войскі РФ намагаюцца вярнуць раней страчаныя пазіцыі, атакуючы каля Багданаўкі і на паўночным усходзе ад Арэхава-Васільеўкі – пакуль безвынікова.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы нясуць снарады на пазіцыі ля Бахмуту, Украіна. 22 ліпеня 2023 года.
Фота: Diego Herrera Carcedo / Anadolu Agency / Abaca Press / Forum

На поўдні ад гораду, паводле Ганны Маляр, паступова прасоўваюцца ўкраінскія вайскоўцы. Тут найцяжэйшыя баі фіксуюцца каля населеных пунктаў Кляшчэеўка, Андрэеўка і Курдзюмаўка.

«Рыбарь» піша, ЗСУ ўжо зайшлі ў Кляшчэеўку, а таксама прасунуліся на поўдні ад населенага пункту, дасягнуўшы заходніх ускрайкаў Андрэеўкі. Адзначаецца, што на гэтым участку ўкраінцы маюць перавагу ў жывой сіле, тэхніцы і ў сродках паветранай выведкі.

Аўдзееўскі, мар’інскі і шахцёрскі кірункі (на поўначы, захадзе і поўдні ад Данецку)

Маляр піша, што ў ваколіцах Данецку асноўныя намаганні расейцаў засяроджаныя на спробах усталявання поўнага кантролю над Мар’інкай, а таксама на атачэнні Аўдзееўкі. Пакуль ЗСУ ўдаецца стрымліваць праціўніка – за содні былі адбітыя атакі каля Невельскага, Краснагораўка і саміх Аўдзееўкі з Мар’інкай.

Бярдзянскі кірунак (на стыку Данецкай і Запарожскай вобласцяў)

На ўрэмеўскім выступе ЗСУ наступаюць на ўчастках Навадараўка – Прыютнае і Навасёлка – Старамаёрскае. Паводле Маляр, ёсць прасоўванні.

У Deepstate пішуць пра баі за самое сяло Старамаёрскае. Пакуль расейцам удаецца трымаць пазіцыі.

Мелітопальскі кірунак (лінія фронту ў цэнтральнай частцы Запарожскай вобласці)

На мелітопальскім кірунку асноўныя намаганні ЗСУ засяроджаныя на ўчастку фронту на поўначы ад лініі населеных пунктаў Рабоціна і Вербавае. Таксама ўкраінцы наступаюць на паўднёвым усходзе ад Малой Такмачкі. Маляр піша пра пэўныя поспехі.

Аналітыкі Deepstate фіксуюць павелічэнне колькасці fpv-дронаў расейцаў у ваколіцах Рабоціна, пры дапамозе якіх наносяцца ўдары па цяжкай тэхніцы ЗСУ.

«Рыбарь» піша, што ўкраінцы, праводзячы шматлікія штурмы ваколіцаў Рабоціна, дасягнулі важнай мэты перад пачаткам маштабнага наступу: яны звязалі перадавыя падраздзяленні УС РФ у бліжнім баі, вымушаючы іх расходаваць снарады і боепрыпасы на малыя групы пяхоты.

У гэты ж час ідзе контрбатарэйная барацьба і наносяцца ўдары па глыбокіх тылах расейцаў. Таксама ЗСУ рыхтуюць штурмавыя атрады. Усе гэтыя фактары могуць у выніку паспрыяць прарыву абароны расейцаў каля Рабоціна.

Таксама актыўнасць ЗСУ адзначаецца ў ваколіцах былога Кахоўскага вадасховішча. Тут цягам содняў украінскія вайскоўцы мелі поспех каля сяла Камянскае ў Васільеўскім раёне Запарожскай вобласці.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Таццяна Міронава belsat.eu 

Стужка навінаў