«Нам даюць ежу і пітную ваду». Камандзір «Азова» жывы і патэлефанаваў жонцы


Ангельскае выданне «The Guardian» паведамляе, што камандзір палка «Азоў» змог стэлефанавацца з жонкай. Дзяніс Пракапенка паведаміў, што іх трымаюць у турме ў здавальняльных умовах, і яны не зазнаюць катаванняў.

Абаронцы «Азоўсталі» на прэс-канферэнцыі. Скрыншот: hromadske / YouTube

Камандзір палка «Азоў» Дзяніс Пракапенка змог патэлефанаваць сваёй жонцы і нядоўга паразмаўляць з ёй. Вайсковец распавёў, што ўкраінскіх вайскоўцаў, узятых у палон на «Азоўсталі», трымаюць у здавальняльных умовах. Таксама ён адзначыў, што яны не зазнаюць катаванняў.

«Іх кормяць, даюць пітную ваду. Умовы адпавядаюць патрабаванням, і за гэты кароткі перыяд яны не зазнавалі гвалту. Што будзе далей, мы, вядома, не ведаем, але на гэты момант ёсць трэція бакі – ААН і Чырвоны Крыж, якія кантралююць сітуацыю» – перадала словы мужа Кацярына Пракапенка.

Кацярына адзначыла, што тэлефанаванне яе мужа ўзгаднялі ўрады Украіны і Расеі пры пасярэдніцтве Чырвонага Крыжа.

Таксама Кацярына Пракапенка паведаміла, што большасць параненых байцоў «Азова» застаюцца ў турме ў вёсцы Аленаўка. Цяжкапараненыя, якіх няшмат, ляжаць у шпіталі ў горадзе Новаазоўск. Са словаў Кацярыны Пракапенкі, нікога з палонных украінскіх вайскоўцаў, наколькі ёй вядома, у Расею не вывезлі.

Аналітыка
Што чакае абаронцаў «Азоўсталі», якія трапілі ў палон
2022.05.24 13:08

Нагадаем, што ўвечары 16 траўня пасля амаль трох месяцаў жорсткіх баёў украінскі бок заявіў пра пачатак аперацыі дзеля выратавання абаронцаў «Азоўсталі». Паводле ацэнак брытанскай выведкі, на раніцу 20 траўня ў палон трапілі 1700 вайскоўцаў. Паводле ацэнак расейскага боку ў палон трапілі 2439 украінскіх вайскоўцаў.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў