Кіраўнік раённай адміністрацыі: «У Севераданецку можа паўтарыцца марыупальскі сцэнар»


Кіраўнік Севераданецкай раённай адміністрацыі ў жывым эфіры «Белсату» распавёў пра сітуацыю ў Севераданецку. Апошнімі днямі горад зведаў шэраг разбуральных авіяўдараў. За апошнюю ноч загінулі як мінімум 6 чалавек, а таксама быў моцна пашкоджаны завод «Азот», на тэрыторыі якога размяшчаюцца бамбасховічшы.

Сабор Раства Хрыстова ў Севераданецку некалькі разоў абстрэльвалі. Крыніца: ukr.net

Раман Уласенка, кіраўнік Севераданецкай раённай адміністрацыі, распавёў, што сітуацыя на ўчастку фронту Бахмут – Севераданецк надзвычай складаная.

Таксама ён паведаміў, што людзі ў Севераданецку застаюцца ў цяжкім становішчы: у горадзе – невялікія запасы ежы, пітной вады і медыкаментаў. Уласенка адзначае, што ў шпіталях ёсць медыкаменты, аднак неўзабаве ў горадзе з’явіцца істотны недахоп харчоў і пітной вады, запасы якіх з прычыны абстрэлаў фактычна немагчыма папоўніць.

«Магчыма, расейцы змогуць паўтарыць марыупальскі сцэнар і распачаць блакаду гораду. Але спадзяемся, што гэтага не адбудзецца і фронт утрымаюць», – паведаміў Раман Уласенка.

Чыноўнік адзначыў, што пакуль Севераданецк яшчэ не так разбураны, як Марыупаль. Расейцы не могуць зайсці ў горад, таму вымушаныя выкарыстоўваюць абстрэлы і авіяцыю, у горадзе фактычна не засталося будынкаў, якія не пацярпелі ад удараў. Уласенка адзначыў, што калі сітуацыя істотна не зменіцца, то праз два тыдні горад ператворыцца ў другі Марыупаль.

Раман Лугоўскі belsat.eu

Стужка навінаў