Пуцін выглядае як пацук, загнаны ў кут. Ці выстаіць Харкаў? Інтэрв'ю з Марыяй Аўдзеевай


Ці выстаіць Харкаў, і ці дапаможа вайна Аляксандру Лукашэнку «ачысціцца» ад Уладзіміра Пуціна? Пра гэта размаўляем з Марыяй Аўдзеевай, дырэктаркай даследаванняў Еўрапейскай асацыяцыі экспертаў, а таксама эксперткай «iSANS».

Аліна Коўшык: Ты застаешся ў Харкаве, на які наступаюць расейскія войскі. Галоўнае пытанне: ці выстаіць Харкаў і наколькі важна для расейцаў узяць ваш горад?

Марыя Аўдзеева: Калі паглядзець на Харкаў, то ён размяшчаецца на поўнач ад зоны баявых дзеянняў. Асноўныя баявыя дзеянні цяпер ідуць у раёне Ізюму. Расейскія войскі падыходзяць з боку Белгародскай вобласці і прылеглых да Харкаўскай вобласці тэрыторыяў. І з боку Ізюму спрабуюць прасунуцца ўглыб краіны, каб злучыцца з тымі групамі, якія ўжо размяшчаюцца на тэрыторыі Украіны. Такім чынам, магчыма, паспрабуюць атачыць украінскіх вайскоўцаў, якія стаяць на Данбасе і абараняюць лінію фронту. У расейскіх вайскоўцаў нічога не атрымліваецца, бо іх сустракае жорсткі супраціў. Кожны дзень мы атрымліваем зводкі, што чарговая расейская калона разбітая. Брыгада, якая абараняе Харкаў, ажыццяўляе паспяховае контрнаступленне, адсоўваючы расейцаў ад межаў гораду. Ёсць ужо некалькі вызваленых паселішчаў. Убачанае за апошнія дні прыводзіць у жах. У любым населеным пункце, вызваленым ад расейскіх вайскоўцаў, мы бачым сведчанні вайсковых злачынстваў, учыненыя пад акупацыяй. Злачынствы ў дачыненні мірных жыхароў, згвалтаваныя жанчыны, забітыя стрэлам у галаву людзі са звязанымі ззаду рукамі. Людзей сілком адпраўляюць на тэрыторыю РФ, прымушаючы атрымліваць нейкія дакументы, і кажуць, што яны не маюць права вярнуцца назад ва Украіну.

Галоўнае пытанне цяпер – ці будзе Расея рабіць спробу акупаваць або браць пад кантроль Харкаў. Мне здаецца, для гэтага мала перадумоваў. Гэтага не атрымалася зрабіць за мінулыя больш як 50 дзён вайны. Харкаў надзейна абараняюць. З таго часу, як пачалася вайна 24 лютага, украінскія пазіцыі ўмацаваліся. Гэта другі паводле велічыні горад ва Украіне. Нават атачыць складана, не кажучы пра тое, каб фізічна акупаваць і быць у горадзе. Бо гэта значыць, што будуць вулічныя баі. У расейскай арміі няма рэзерваў. Але мы не можам выключаць такой магчымасці. Дарадца прэзідэнта Зяленскага казаў пра тое, што будзе не толькі бітва за Данбас, але і за Харкаў. Гэты кірунак таксама разглядаецца як сур’ёзны. Расейскія войскі могуць распачаць штурм гораду.

АК: Мы зноў назіраем за спробамі Аляксандра Лукашэнкі фліртаваць з Захадам. Зноў спроба перагарнуць старонку. Мне здаецца, гэта можа выглядаць як відавочная прыкмета, што Уладзімір Пуцін тоне. У яго няма поспехаў у гэтай вайне, і ягоны найбліжэйшы саюзнік спрабуе дэзерціраваць. Ці згодная ты з такім сцвярджэннем і што наогул можа цяпер зрабіць Аляксандр Лукашэнка?

МА: Пуцін выглядае цяпер як загнаны ў кут пацук ці як паранены звер, які становіцца яшчэ больш небяспечным, бо робіць тыя крокі, якіх ад яго не чакаюць. Можна чакаць ад яго ўсяго чаго заўгодна. Што датычыць уцягнутасці Лукашэнкі, ці будзе дасягнутае тое, пра што гавораць з самага пачатку вайны. Ён будзе прымушаць Лукашэнку, каб беларускія салдаты ўдзельнічалі ў гэтай вайне на тэрыторыі Украіны, гэта застаецца пытаннем. Пакуль гэтага ўдавалася пазбегчы, але цяпер Расея спрабуе выкарыстаць усе рэсурсы. Некалькі дзён таму была інфармацыя, што ў раёне Папаснай на Данбасе была знішчаная група лівійскіх наймітаў. Спрабавалі прывезці ваяваць сірыйцаў. Сюды едуць салдаты тэрміновай службы, якія зусім нядаўна былі прызваныя ў войска. Рэзерваў мала, іх недастаткова, таму можна чакаць, што зноў могуць быць спробы, каб беларускіх вайскоўцаў прыцягнуць да непасрэднага ўдзелу ў баявых дзеяннях на тэрыторыі Украіны. Каб разумець, да якога цынізму даходзіць расейскае вайсковае кіраўніцтва – на часова акупаваных тэрыторыях, напрыклад, у Херсоне, у расейскую армію спрабуюць прызваць тых мужчынаў, якія там засталіся, каб яны ваявалі на баку Расеі. Выкарыстоўваць іх як гарматнае мяса. Як кажуць мне ўкраінскія вайскоўцы, Расея ваюе ў гэтай вайне паводле стандартаў Другой сусветнай, калі ў лоб кідаюцца велізарныя калонныя тэхнікі і жывой сілы. Яны знішчаюцца высокадакладнай зброяй, але Расея далей працягвае тактыку лабавога нападу, а для гэтага патрэбныя рэсурсы, у тым ліку чалавечыя.

ВІДЭА
Чаму Уладзімір Пуцін пралічыўся з вайной супраць Украіны? Інтэрв’ю з Яўгенам Кісялёвым
2022.04.01 17:04

АК: Некаторыя эксперты, у тым ліку Аляксандр Марозаў, кажуць пра такі сцэнар для Беларусі: выбары, якія маглі б прайсці ў Беларусі, сталі б для Аляксандра Лукашэнкі добрым шанцам адарвацца ад Уладзіміра Пуціна і выехаць на антываеннай рыторыцы. Ці варта было б яму цяпер зрабіць такі досыць нечаканы палітычны крок?

МА: Цяжка сказаць, бо ні ў каго няма даверу ні да Лукашэнкі, ні да ягонага рэжыму. Усе ведаюць, што ён у абыход дасягнутых дамоўленасцяў даў тэрыторыю Беларусі, каб з яе вяліся баявыя дзеянні ў дачыненні Украіны, адтуль заходзілі расейскія жаўнеры, туды прыбывала расейская тэхніка, вяліся абстрэлы Кіева, Чарнігава, іншых гарадоў. Ён стаў суўдзельнікам ваенных злачынстваў Пуціна, таму нейкія выкруты, якія мы бачылі шмат разоў да гэтага, можа рабіць, каб паспрабаваць выйграць для сябе. Але фактычна ніхто гэтага сур’ёзна не ўспрымае, таму што ніякага даверу да рэжыму Лукашэнкі няма. Усе разумеюць, што ён ужо запэцканы крывёю ўкраінцаў, бо ён даў магчымасць Пуціну напасці на Украіну з трэцяга боку, з поўначы. Гэта быў адзін з самых цяжкіх удараў. Што б ён ні рабіў, ён застаецца суўдзельнікам ваенных злачынстваў. Па выніках вайны рэжым Лукашэнкі павінен несці такую ж адказнасць, як і расейскі.

АК: А можна выйграць гэтую вайну без перамог на інфармацыйным фронце? Мы ведаем, як працуе расейская прапаганда. Што можна гэтаму супрацьпаставіць?

МА: Інфармацыйная вайна вядзецца не менш актыўна, чым баявыя дзеянні. Яны ідуць у пары і адно аднога суправаджаюць. Усе наземныя дзеянні суправаджаюцца канцэнтраванымі дэзынфармацыйнымі кампаніямі і фэйкамі. Дзяржаўныя расейскія медыі сталі інструментам у гэтай вайне. Я ўвесь час кажу, што тыя расейскія «журналісты», якія распаўсюджваюць патокі хлусні, павінны несці такую ж адказнасць, як салдаты і камандзіры. Адмаўляць ваенныя злачынствы – гэта быць іх суўдзельнікам. У многіх еўрапейскіх краінах разглядаецца пытанне аб прыцягненні да адказнасці тых, хто адмаўляе ваенныя злачынствы Расеі, учыненыя ва Украіне. Мы бачым, што расейская прапаганда выкарыстоўваецца масава. Напрыклад, [сцвярджаецца, што] масавыя забойствы ў Бучы былі арганізаваныя ўкраінцамі. Хлусня і прапаганда мусяць быць пакараныя. Мы робім шмат, каб абмежаваць доступ да платформаў расейскіх прапагандыстаў у дэмакратычных краінах, каб у іх не было магчымасці трансляваць хлусню. Расея заблакавала доступ любых незалежных медыяў да сябе на тэрыторыю, але выкарыстоўвае Twitter, YouTube, Facebook, каб пладзіць хлусню і спрабаваць даносіць яе да еўрапейцаў. Пакуль Украіна ў мільён разоў лепшая ў гэтай інфармацыйнай вайне, таму што з намі праўда і ўсе краіны, якія супраць вайне Пуціна. Сёння яны [расейскія прапагандысты] пераважна працуюць з насельніцтвам уласнай краіны, каб у іх вачах легітымізаваць тое, што расейскія салдаты робяць ва Украіне.

АК: На жаль, ім пакуль гэта ўдаецца. Большасць расейцаў слепа вераць таму, што чуюць з тэлевізараў. Хацела б вярнуцца да Марыупалю, які стаў сімвалам гераічнага супраціву. Мы ведаем, што гуманітарная сітуацыя ў гэтым горадзе крытычная. Ці ёсць палітычная цана гуманітарнага калідору? Што б Кіеў мог аддаць Маскве ўзамен за тое, каб вывесці тысячу цывільных людзей і больш за пяць – параненых жаўнераў, якія там застаюцца?

МА: Дарадцы Уладзіміра Зяленскага Давід Арахамія і Міхайла Падаляк заявілі, што гатовыя прыехаць у Марыупаль, каб ажыццяўляць эвакуацыю людзей. Зяленскі кажа, што гатовы мяняць адзін да аднаго – цывільных на расейскіх ваеннапалонных. Украіна кажа, што гатовая для выратавання сваіх людзей пайсці на любыя крокі. Але Расея ні на што не гатовая. Яны адмаўляюцца ад любых перамоваў і ўкраінскіх прапановаў. Мэта – поўнае знішчэнне гораду. Офіс Зяленскага заўсёды кажа пра тое, што прэзідэнт Украіны гатовы да любых перамоваў дзеля выратавання людзей. Іх жыццё і здароўе застаюцца прыярытэтам. З самага пачатку ён казаў, што гатовы да любых перамоваў, каб спыніць забойства мірных жыхароў. Учора было выслана 90 аўтобусаў у Марыупаль для эвакуацыі людзей. Змаглі выехаць толькі чатыры. Будзе зноў спроба вывезці людзей, але гэтаму перашкаджаюць расейскія войскі, якія атачылі горад. Мы ўбачым жахлівыя рэчы, калі праўда адкрыецца. Тое ж самае, што бачылі ў Бучы ды Ірпіні, толькі ў разы больш.

Сюжэт з праграмы «ПраСвет»

Стужка навінаў