«Накрыла аскепкамі і зямлёй». Здымачная група «Белсату» трапіла пад абстрэл


Журналісты «Белсату» Дзяніс Дудзінскі і Алесь Баразенка працягваюць працаваць ва Украіне і фіксаваць злачынствы расейскіх войскаў. Сёння нашы журналісты ўслед за брыгадай хуткай дапамогі прыехалі на месца абстрэлу ў вёску Бэзрукі пад Харкавам, дзе ўдары артылерыі забралі жыцці трох мірных жыхароў.

Падчас здымак працы медыкаў быў нанесены яшчэ адзін удар, які цудам не зачапіў брыгаду хуткай дапамогі і журналістаў.

Скрыншот: Белсат/Youtube

Першапачаткова ў гэты дзень здымачная група «Белсату» планавала паехаць у харкаўскі дэльфінарый, каб зняць эвакуацыю дэльфінаў. Але, як аказалася, іх ужо паспелі вывезці. Таму журналісты вырашылі зняць працу мясцовых брыгадаў хуткай дапамогі.

«Мы звязаліся непасрэдна з начальствам і дыспетчарскай службай, і нам паабяцалі, што паведамяць пра бліжэйшы выезд брыгады. І літаральна праз дзесяць хвілін нам патэлефанавалі і сказалі, што брыгада выязджае па такім адрасе ў такую ​​вёску, дзе тры 200-х – 200-м нумарам абазначаюць загінулых. І калі мы паспяшаемся, то можам дагнаць іх на месцы трагедыі», – распавядае журналіст Дзяніс Дудзінскі.

Брыгада хуткай дапамогі выехала ў вёску Бэзрукі, якая знаходзіцца за 17 кіламетраў ад абласнога цэнтру. Усе трое загінулых у вёсцы сталі ахвярамі нядаўняга абстрэлу расейскай артылерыі.

«А адзінаццатай гадзіне быў прылёт. Кожную змену пад абстрэламі даводзіцца працаваць. Ужо пэўны імунітэт выпрацаваўся, але ўсё роўна гэта заўсёды нечакана адбываецца, спрабуем неяк ратавацца», – каментуе медык брыгады хуткай дапамогі, укладваючы целы забітага мясцовага жыхара ў чорны поліэтыленавы мяшок.

Па словах журналіста Дзяніса Дудзінскага, прама падчас працы медыкаў у некалькіх дзясятках метраў раздаўся чарговы выбух варожай артылерыі.

«Спачатку мы пачулі свіст падаючай міны, міна была, мяркуючы па ўсім, буйнакаліберная, таму што гук быў сапраўды вельмі гучны, і пакінуў пасля сябе вельмі вялікую варонку. Мы паспелі ўпасці на зямлю, але здарылася гэта пасля таго, як прагучаў выбух. Нас накрыла аскепкамі і зямлёй, частка нашай здымачнай групы паспела схавацца ў доме непадалёк, частка – у машыне хуткай дапамогі, каб засцерагчы сябе ад падаючых аскепкаў, якія пасля выбуху падалі яшчэ секунд сем. Мы гэта чулі, паколькі ў непасрэднай блізкасці ад нас падалі аскепкі».

Не паспела здымачная група ачуцца, як брыгада хуткай дапамогі ўжо вярнулася да сваёй непасрэднай працы.

«Прыехалі і грузім, але зноў на нас аскепкі паляцелі – стрэлілі сюды, мы ледзь выратаваліся», – паведамляе адзін з медыкаў дыспетчару, пасля чаго працягвае дзяліцца дэталямі сваёй працы з журналістамі: «У першую чаргу думаем пра бяспеку брыгады, але ў любым выпадку мы едзем, куды б ні быў выезд. Правіла ёсць правіла, але людзям таксама трэба дапамагаць».

Дзяніс Дудзінскі звяртае ўвагу, што і пасля гэтага абстрэлы працягнуліся, але ўжо наводдаль ад гэтага месца. Таксама журналіст падкрэслівае, што ў гэтым раёне адсутнічаюць якія-небудзь ваенныя аб’екты і важныя транспартныя вузлы – гэта звычайны прыватны сектар.

Брыгада хуткай дапамогі выканала сваю працу і павезла целы забітых у Харкаў, але літаральна на паўдарогі да гораду медыкі атрымалі яшчэ адзін выклік у іншы населены пункт, дзе таксама быў абстрэл, але, на шчасце, абышлося без ахвяр.

Поўную размову з журналістам «Белсату» Дзянісам Дудзінскім можна паглядзець тут.

ВК, Belsat

Стужка навінаў