У Берасці, Бабруйску і Пружанах сілавікі зладзілі затрыманні і ператрусы ў кватэрах сябраў БСДП. Прэсавая служба партыі паведамляе, што некаторыя палітыкі застаюцца за кратамі.
У Берасці сілавікі затрымалі сябра ЦК БСДП Валянціна Лазарэнкава. У яго доме зладзілі ператрус. Прычыны і падставы для пераследу палітыка пакуль не вядомыя.
У сябра ЦК БСДП, старшыні Магілёўскай абласной арганізацыі БСДП Юрыя Грынявецкага таксама адбыўся ператрус. Сілавікі канфіскавалі тэхніку, партыйныя часопісы і сцяжкі з партыйнай сімволікай. Пасля ператрусу Юрыя Грынявецкага забралі на допыт. Вядома, што цяпер ён на волі.
Таксама стала вядома пра затрыманне сябраў БСДП у Пружанах Берасцейскай вобласці.
Алена Аляксандрава belsat.eu