«Другая армія ў свеце атрымлівае па зубах». Батальён імя Каліноўскага падвёў вынікі 30 дзён вайны


Беларускія добраахвотнікі Батальёну імя Кастуся Каліноўскага, які ваюе на баку Украіну, запісалі відэа, у якім падводзяць вынікі 30 дзён вайны. «Адзінае, што сапраўды ўдалося Пуціну, – гэта згуртаваць украінскі народ», – кажуць байцы беларускага батальёну.

«Месяц страшных ваенных злачынстваў, забойстваў мірных жыхароў, марадзёрства расейскіх вайскоўцаў, ужывання забароненай усімі канвенцыямі зброі. Месяц накіраванай блакады і абстрэлаў гуманітарных канвояў, генацыду і стварэння найбуйнейшай плыні ўцекачоў з часу Другой сусветнай вайны.

Пры ўсім гэтым украінскі народ робіць немагчымае – і другая армія ў свеце моцна атрымлівае па зубах», – гаворыцца ў відэазвароце.

Беларускія добраахвотнікі падкрэсліваюць: украінцы спрабуюць «пазбавіць увесь свет ад такой з’явы, як расейскі фашызм».

«Пакуль расейцы стаялі ў чарзе па фаст-фуд і біліся за цукар, украінцы хаваліся ад бамбаванняў і абстрэлаў у метро ды сутарэннях. Пакуль ахоўнікі выразу «Можам паўтарыць» захоўвалі фотаздымкі з «Інстаграму» перад яго блакаваннем, жыхары Марыупалю, Харкава ды іншых гарадоў хавалі блізкіх ва ўласных дварах», – кажа адзін з добраахвотнікаў Батальёну імя Кастуся Каліноўскага.

Беларус заклікаў «лукашысцкіх ваякаў» лішні раз задумацца пры атрыманні загаду наступаць, «падрыхтаваць белы сцяг і вышэй уздымаць рукі, каб здацца ў палон», бо з кветкамі іх тут ніхто не сустрэне:

«Калі нашыя словы вас не ўразілі, ёсць шанец пабачыцца праз прыцэл».

Сцвярджаецца, што Пуцін і Лукашэнка ўжо прайгралі, а калі над імі зачыняцца вечкі трунаў – гэта пытанне часу.

«Браты-ўкраінцы, мы ўпэўненыя ў нашай перамозе! І будзем прыкладаць усе намаганні, каб наблізіць яе. Украіна была, ёсць і будзе. Слава Украіне! Жыве Беларусь!» – завяршылі зварот.

Беларускія добраахвотнікі бралі ўдзел у баявых дзеяннях на ўсходзе Украіны з вясны 2014 года. У пачатку сакавіка 2022 года для абароны Кіева быў створаны асобны Батальён імя Кастуся Каліноўскага. Да батальёну, сярод іншых, далучыліся сябры тактычнай групы «Беларусь», «Белага легіёну», «Маладога фронту».

Гісторыі
«Украіна – краіна, якая нас прытуліла». Як беларускія добраахвотнікі ловяць расейскіх лазутчыкаў у Адэсе
2022.03.25 09:00

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў