Tik Tok дзяржава

Супрацоўнікі рыбакансервавага заводу цягам пяці месяцаў не атрымлівалі заробак. Страцілі надзею ды выклалі ў сеціва пранікнёны ролік са зваротам да Лукашэнкі. І спрацавала!

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: newsgomel.by

Адпаведныя чыноўнікі замітусіліся і на працягу содняў знайшлі кіраўніка прадпрыемства, які на камеру прысягаючы паабяцаў вырашыць усе праблемы ў найбліжэйшы час. Выгляд у менеджара, які правініўся перад народам быў «вельмі не вельмі» – мабыць, пераконвалі яго ў няправасці не самымі карэктнымі метадамі.

Ды тым не менш, што гэта як не дэмакратыя? І якая! Сучасная! Высокатэхналагічная! «Электронная дзяржава» на практыцы! Ёсць праблема, запісаў ролік, праблема вырашана. Прыгажосць!

Ва ўмовах, калі ўсе здаровыя механізмы ўзаемадзеяння грамадства ды дзяржавы паламаныя, калі ў тэлевізары ў якасці кандыдатаў у дэпутаты грамадзянам паказваюць камічных персанажаў з твораў Бэні Хіла і Леаніда Гайдая, практыка прамой інтэрнэт-дэмакратыі можа здабыць нечаканы разбег.

Але давайце не будзем абмяжоўвацца праблемамі з выплатамі заробку, да чаго гэта «дробнатэм’е»? Я прапаную гэтак жа, у TikTok, праводзіць, напрыклад, пасяджэнні ўраду па надзённых пытаннях. Мне здаецца, яны б знайшлі сваю аўдыторыю.

А калі б Наталля Качанава замест таго, каб ладзіць асабістыя прыёмы грамадзян, на якія за дзве гадзіны могуць прарвацца 5–10 чалавек, таксама выходзіла б у прамы эфір? Так бы мовіць, стрыміла? Я мяркую, за магчымасць наўпрост пагутарыць з Наталляй Іванаўнай, выказаць ёй набалелае, падтрымаць яе падабайкай ці сэрцайкам, многія нават з задавальненнем заплацілі б пасільную суму, рублёў 5–10, як лічыце?

Ды а перадвыбарчыя выступы кандыдатаў – што яны так сумна вяшчаюць нам з тэлеэкранаў? Наколькі ўсё праходзіла б больш жвава, будзь у гледача магчымасць выказаць сваё меркаванне адносна ўбачанага «не адыходзячы ад касы», кінуць у кандыдата адпаведнай эмоцыяй ад яго выступу.

Шмат магчымасцяў прадстаўляюць нам сучасныя тэхналогіі, але маецца і адна праблема – можна выпадкова, незнарок, даведацца праўду пра самога сябе.

Механізмы працы інтэрнэт-пляцовак, у адрозненне ад традыцыйных медыя (тэлебачанне, радыё, газеты) значна танчэй уладкаваныя. Іх заробак пабудаваны на дакладным разуменні запытаў аўдыторыі, і калі ў «зорак прапаганды» калібру Азаронка ды Мукавозчыка ў рэчаіснасці аўдыторыя, якая змяшчаецца ў актавай залі Палацу культуры ў Чашніках, то нікуды ты гэта не схаваеш. Ты нецікавы. А гэта непрыемна, і хочацца назад туды, у тэлевізар, дзе можна надзімаць шчокі ды рабіць выгляд, што, лісліва віляючы хвастом і кідаючыся на тых, на каго сёння пакажа кіраўніцтва, ты неяк уплываеш на лёс Радзімы.

TikTok гісторыя пра несплочаны заробак – гэта, вядома, сімптом хваробы. Уладкаванне сённяшняй улады ў Беларусі не прадугледжвае іншага спосабу ўзаемадзеяння акрамя скаргаў.

У здаровай палітычнай сістэме існуюць партыі, яны змагаюцца за ўладу, прапаноўваючы выбарцам рознае бачанне найлепшай будучыні для краіны, атрымліваюць «мандат на часовае кіраванне», але і затым абачліва рэагуюць на запыты выбарцаў, проста таму, што зацікаўлены прабыць у сваіх крэслах як мага даўжэй.

У Беларусі гэты механізм не працуе. У выбарца няма выбару і ўсе кандыдаты на адзін твар. Паміж імі няма канкурэнцыі ды самыя яны паводзяць сябе так, як быццам і не зацікаўлены ў перамозе. Таму і застаецца ў насельніцтва толькі адзін канал узаемадзеяння – «скаргі наверх».

Але тут ужо як пашанцуе. Могуць, як у прыкладзе з рыбакансервавым заводам, спалохацца чыноўнікі ды паказальна вырашыць праблему пэўных людзей, а могуць жа і экстрэмізмам абвясціць – маўляў, гэта не грамадзяне ў нас на прарыў трубы скардзяцца, а заходнія найміты паклёпнічаюць на нашу шчаслівую ды паспяховую Радзіму.

Правілаў гульні няма, таму і вынік непрадказальны.

Ды, аднак, сама ідэя пабудаваць у Беларусі першую народную TikTok дэмакратыю не пазбаўленая сэнсу. Мне так падаецца.

belsat.eu  / Авер

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў