Афіцыйны Менск не верыць у намер Кіева адкрыць другі фронт у Прыднястроўі


Беларускі правіцель не верыць, што Украіна збіраецца адкрыць другі фронт у Прыднястроўі. Кажа, што гэта інтарэсы Захаду, а для Украіны «смерці падобна». Аб гэтым Лукашэнка выказаўся перад журналістамі пасля «Менскай лыжні-2023».

Аляксандр Лукашэнка пасля «Менскай лыжні».
Фота: БелТА / belta.by

Аляксандр Лукашэнка 25 лютага выказаўся адносна перспектываў абвастрэння сітуацыі ў Прыднястроўі, на якую ўжо зрэагавалі ў сваіх заявах Расея, Украіна і Малдова. У прыватнасці, ён не верыць у намер Украіны адкрыць там другі фронт.

«Я ў гэта не веру. Гэта ім нявыгадна. Захад хацеў бы адным ударам вырашыць праблему з Расеяй і ў Прыднястроўі закрыць гэту «шэрую дзірку», як яны гавораць, і абʼяднаць Малдову, запхнуць яе ў Румынію або зрабіць празаходняй. Гэта іх мэта. Украінцам гэта не трэба. Я не веру, што ўкраінцы адурэюць і развяжуць нейкі другі фронт».

Лукашэнка лічыць, што прысутныя ў Прыднястроўі расейскія вайскоўцы ў «выпадку чаго змогуць даць адказ так, што мала не здасца». Паводле правіцеля, сітуацыю ў рэгіёне паміж Украінай і Малдовай расхіствае Захад, бо «гэта ў інтарэсах Захаду», украінцам жа гэта не трэба, «калі яны адкрыюць там другі фронт – гэта смерці падобна».

Тым часам, UNIAN паведамляе, што прэмʼер-міністр Малдовы Дорын Рэчан днямі заявіў аб неабходнасці дэмілітарызацыя Прыднястроўя. У Крамлі негатыўна выказаліся ў адказ на такія заявы. У сваю чаргу, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна заўсёды гатова дапамагчы Малдове вырашыць праблему Прыднястроўя

У сваю чаргу, кіраўнік МЗС Малдовы Ніку Папэску 23 лютага абвясціў пра выхад краіны з Садружнасці Незалежных Дзяржаваў. Краіна рушыць у Еўразвяз, таму «выхад з СНД працягнецца», дзеля чаго плануецца скасаваць некалькі дзясяткаў пагадненняў, што тычацца Садружнасці.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў