Малдова пачала выхад з СНД


Малдова плануе скасаваць некалькі дзясяткаў пагадненняў, што тычацца Садружнасці Незалежных Дзяржаваў, заявіў міністр замежных справаў рэспублікі Ніку Папэску. Ён адзначыў, што краіна рушыць у Еўразвяз, таму «выхад з СНД працягнецца», перадае выданне «NewsMaker».

Штаб-кватэра ўрада Кішынэву, Малдова. 17 лютага 2017 года.
Фота: Piotr Pogorzelski / Белсат

Кіраўнік МЗС Малдовы Ніку Папэску абвясціў пра выхад краіны з Садружнасці Незалежных Дзяржаваў. Напачатку краіна скасуе некалькі дзясяткаў пагадненняў, датычных гэтага аб’яднання:

«Пачынаем дэнансацыю пагадненняў у межах СНД. Мы дапоўнім і апублікуем гэты спіс. Толькі паводле лініі МУС дэнансуем каля 20 пагадненняў».

Міністр адзначыў, што гэтыя дакументы «не актуальныя, або не працуюць, або іх не ўжываюць, або яны працуюць супраць інтарэсаў Малдовы»:

«Малдова далучыцца да Еўразвязу, і ў яе абсалютна іншыя мэты замежнай палітыкі. Відавочна, што выхад з СНД або скасаванне гэтых пагадненняў, несумяшчальных з нашымі абавязаннямі, працягнецца».

Агулам, як падсумаваў Ніку Папэску, Малдова – удзельніца каля 330 пагадненняў Садружнасці Незалежных Дзяржаваў.

Раней выхад з СНД пачала Украіна. Яшчэ ў 2018 годзе тагачасны прэзідэнт Пятро Парашэнка прапанаваў падрыхтаваць прапановы наконт афіцыйнага спынення ўдзелу краіны ў гэтай арганізацыі. Праўда, на сайце выканкаму СНД Украіна дагэтуль пазначаная як дзяржава-ўдзельніца.

Hавiны
Украіна выйшла з шэрагу пагадненняў з Беларуссю, у тым ліку аб паветраных зносінах
2022.12.23 18:17

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў