Коміку Камісаранку пагражалі забойствам. Падобна, беларускія прапагандысты


Ананімны тэлеграм-канал, відавочна звязаны з дзяржаўнаю прапагандай, абвінаваціў беларускага коміка Славу Камісаранку ў адмове фінансаваць дзейнасць гэтага каналу і за гэта стаў пагражаць расправаю. Пагрозы распаўсюджваюць ад імя ўкраінскіх нацыяналістаў, але канал не мае да іх дачынення.

Слава Камісаранка
Беларускі комік Слава Камісаранка.
Фота: slavakomissarenko / Instagram

Тэлеграм-канал «Коаліція УНА-УНСО 2.0 (новий канал)» 2 лістапада заявіў, што Дар’я, менеджарка Славы Камісаранкі, адмовілася ад прапановы дапамагчы гэтаму каналу, бо «Славы вашая вайна не цікавіць», таму грошы даваць не будуць. За гэта канал назваў Камісаранку ворагам, пазней напісаў, што коміку варта «чакаць сюрпрызаў».

18 лістапада ананімная тыктокерка @lisica98765 заявіла, што яе не пусцілі на канцэрт Камісаранкі, бо яна ўкраінка (доказаў яна не падала). Згаданы тэлеграм-канал таксама распаўсюдзіў гэты запіс.

Пра гісторыю «Белсату» ананімна паведамілі ад імя ўкраінцаў. Адзначылі: «Чакайце ягонага пахавання».

Абноўлена. Слава Камісаранка пракаментаваў «Белсату» гэтыя пагрозы. Гэта не першы інцыдэнт, Слава звярнуўся ў паліцыю, але на просьбу праваахоўнікаў не расказвае дэталяў здарэння. Ён таксама заявіў, што з ягонаю менеджаркаю згаданыя вышэй людзі не звязваліся.

Каментар
Слава Камісаранка: «Рознага кшталту ёсць пагрозы, але мы нібы ўжо звыклі»
2023.11.24 18:50

Гэта наўрад ці былі ўкраінцы

УНА-УНСО – рэальная арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў, утвораная ў 1990 годзе. У сярэдзіне 2010-х часткова ўвайшла ў «Правы сектар», распусціла палітычнае крыло, з таго часу менавіта пад назвай УНА-УНСО актыўнасці мала, хоць арганізацыя працягвае існаваць.

На сайце УНА-УНСО і ў сацыяльных сетках арганізацыі пра канал «Коаліція УНА-УНСО 2.0 (новий канал)» згадак няма. Таксама канал не згадваюць іншыя ўкраінскія арганізацыі.

Гэты канал, паводле сэрвісу TGStat, быў утвораны месяц таму – 18 кастрычніка 2023 года. Яго згадваюць выключна беларускія прапагандысты і прарасейскія актывісты: «Жёлтые сливы», «Berezina», «Антимайдан», Рыгор Азаронак, Ксенія Лебедзева, Вольга Бондарава ды іншыя, звязаныя з прапагандай і сілавікамі. Згадкі пачаліся 10 лістапада, да таго на канал зусім не спасылаліся.

Акрамя таго, «украінскія нацыяналісты» пісалі менеджарцы Камісаранкі па-расейску. А можа, і не менеджарцы: канал прывёў скрыншоты ліставання ў Telegram, але на сайце Камісаранкі няма кантактаў у Telegram, а да пазначаных нумароў тэлефонаў тэлеграм-акаўнты не прывязаныя.

Чаму ўлады Беларусі не любяць Камісаранкі

Слава Камісаранка – стэндап-комік родам з Менску, працяглы час выступаў у Расеі. У лістападзе 2020 года выступіў з жартамі пра Аляксандра Лукашэнку, запусціў мэм пра «Чык-чырыка, у якога свісціць фляга».

У студзені 2022 года Камісаранка апавёў, што яго абвясціў у вышук Камітэт дзяржаўнай бяспекі. Ён спачатку перабраўся ў Кіеў, потым вандраваў па свеце і ўрэшце пасяліўся ў Турэччыне.

Камісаранка насамрэч падтрымліваў Украіну і словамі, і справамі: сярод іншага, пералічваў грошы з канцэртаў некалькім украінскім фондам на гуманітарную дапамогу Украіне.

Hавiны
У Чэхіі сарвалі канцэрт Славы Камісаранкі
2023.11.18 13:35

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў