Блэкаўты, паўэрбанкі і цёплыя шкарпэткі. Ці здолее Расея знішчыць энергетыку Украіны?

Паўтара месяца Расея прыцэльна абстрэльвае энергетычную інфраструктуру Украіны. Цэлыя гарады на шмат гадзінаў застаюцца без святла, некаторыя раёны днямі жывуць без энергіі. Як людзі выжываюць у такіх умовах і чаго можа дамагчыся Пуцін?

Украінская сталіца засталася без электрычнасці пасля масаваных ракетных абстрэлаў Украіны. Кіеў, Украіна. 23 лістапада 2022 года. Фота: Stringer / Reuters / Forum

10 і 11 кастрычніка Расея нанесла масаваныя ўдары па Украіне, ад якіх асабліва пацярпела энергетычная інфраструктура. Наступныя ўдары паказалі, што гэта не выпадковасць: б’юць прыцэльна па крытычнай інфраструктуры, не звязанай з вайсковымі аб’ектамі. Удары паўтараліся зноў і зноў, самыя буйныя былі 15 і 23 лістапада. Украіна збівае вялікую частку, але далёка не 100 % расейскіх ракетаў і дронаў.

Расея не ўтойвае, што «ваюе» з цывільнай інфраструктураю: сталы прадстаўнік Расеі ў ААН прызнаў гэта на паседжанні Рады бяспекі і паабяцаў працяг такіх атак. Пры тым у вайне супраць украінскага войска ў Расеі няма поспехаў: пасля расейскага адступлення з Херсону лінія фронту амаль не мяняецца, хоць баявыя дзеянні трываюць.

Херсон вызвалілі, а што было далей? Галоўнае пра вайну ва Украіне за два тыдні

Яшчэ да ўдараў 23 лістапада прэзідэнт Уладзімір Зяленскі казаў, што ва Украіне пашкоджана каля паловы энергетычнай інфраструктуры. У выніку ўдараў 23 лістапада ва Украіне цэлыя гарады зноў засталіся без святла, нават спрацавала аварыйнае адлучэнне атамных электрастанцыяў.

На ранак 24 лістапада аднавілі толькі энергазабеспячэнне крытычнай інфраструктуры, а без электрычнасці заставалася 70 % сталіцы, водазабеспячэнне ўсяго Кіева аднавілі толькі апоўдні. Мэр Кіева Віталій Клічко дапускаў, што жыхароў гораду можа чакаць «найгоршая зіма з часу Другой сусветнай вайны», і нават казаў, што пры самым кепскім сцэнары давядзецца эвакуяваць частку гораду.

Як выжываюць без электрычнасці?

«Бывае, восем гадзінаў няма святла. Бывае менш, бывае, цэлы дзень ёсць. Учора была ў Львове – цэлы дзень святла не было, сувязі не было, там зусім усё выключылася», – расказвае «Белсату» беларуска Алена Жаркевіч.

Алена ў 2021 годзе ўцякла ў Кіеў ад палітычнага пераследу на радзіме і зладзіла там дом для ўцекачоў. Пасля пачатку поўнамаштабнай вайны ва Украіне беларуска жыве на дзве краіны: здымае дом у Беластоку і дапамагае ўцекачам там, а таксама працягвае дапамагаць Украіне і ездзіць у Кіеў – у дом, дзе раней жылі ўцекачы. Тыдзень у Польшчы, тыдзень у Кіеве, кажа яна «Белсату». Ва Украіне Алена на ўласныя вочы бачыць наступствы абстрэлаў: знікае святло, няма вады, цягнікі спазняюцца на гадзіны.

Блэкаўты – масавыя адключэнні электрычнасці – непрадказальныя. Алена кажа, што ў дамавых чатах, бывае, пішуць: сёння не будзе святла шэсць гадзінаў – і сядзіш без святла шэсць гадзінаў. А бывае, напішуць, што святла не будзе, а яно ёсць. Таму яна загадзя закупляе прадукты, нарыхтоўвае ваду каністрамі, купіла кампактныя вонкавыя акумулятары (паўэрбэнкі), мае два тэлефоны: адным карыстаецца, другі заўсёды заладаваны на выпадак, калі доўга не будзе святла.

Ва Украіне прадаюцца і тыя паўэрбэнкі, і бензінавыя генератары, купіць іх рэальна, хоць асартымент звузіўся, а цэны выраслі. Алена якраз везла з Польшчы машыну і паўэрбэнкі для Збройных сілаў Украіны: у Польшчы паўэрбэнкі ўдвая таннейшыя.

Прайшліся па інтэрнэт-крамах – сапраўды ёсць і паўэрбэнкі, і генератары. У «Web Archive» захавалася копія за 1 чэрвеня аднаго з папулярных украінскіх сайтаў, дзе прадаюць бензінавыя генератары – некаторыя з таго часу зніклі з продажу, некаторыя падаражалі на 20–60 %, але некаторыя прадаюцца па тых жа цэнах, што ў пачатку лета.

Калі ў прыватных дамах цалкам магчыма зладзіць ацяпленне на час блэкаўту, то ў кватэрах, дзе няма газу і ўсё на электрычнасці, цяжка. Алена пераказвае, што чула ад знаёмых з кватэраў без газу: праз дзве гадзіны «разумееш, што ўсё», час цёплага адзення, цёплых шкарпэтак і коўдраў. І гэта пры тым, што тэмпература на вуліцы пакуль не апускаецца далёка за нуль.

Ды людзі, якія не з’ехалі з Украіны адразу, у асноўным збіраюцца заставацца на зіму, бо ехаць няма куды. Алена кажа, што і яе не пужае тое, што святло вымыкаецца: гэта ж не пастаянна, жыць можна. Украінцы дапамагаюць адно адному, дадае беларуска: у кавярнях спальных раёнаў паставілі генератары, можна пайсці папіць каву ў цеплыні і пагутарыць з суседзямі.

«Сёння я ехала ў цягніку з сям’ёю з малым дзіцём, чатыры годзікі, – распавядае Алена. – Яны пагаворваюць, што як бы трэба бы з’ехаць на тры месяцы, але гэта такое, калі зусім будзе кепска… Цяпер яшчэ не крытычна».

Алена не верыць, што Уладзімір Пуцін здолее зламаць дух украінцаў абстрэламі энергетычнай інфраструктуры: кажа, нават без святла «лепей, чымся з руснёй».

Ці можа Расея цалкам знішчыць энергасістэму Украіны?

«Нейкай катастрофы чакаць не варта, – запэўнівае «Белсат» украінскі энергетычны эксперт Генадзій Рабцаў. – Мы маем дастатковыя магчымасці супрацьпаветранай абароны і аднаўлення пашкоджанняў. Ясна, што кожны раз гэта будзе цяжэй».

Рабцаў – прафесар, доктар навук у дзяржаўным кіраванні і кандыдат тэхнічных навук, сябра экспертнай рады пры Дзяржаўным агенцтве энергаэфектыўнасці і энергазабеспячэння Украіны. На ягоную думку, Расея працягне ракетныя абстрэлы, чарговая «порцыя» будзе прылятаць па энергетычнай інфраструктуры раз на колькі тыдняў – іншага ў Крамлі прыдумаць не могуць.

Украіне ж трэба, каб захаваліся дзве тэндэнцыі. Першая – рост эфектыўнасці супрацьпаветранай абароны і колькасці збітых ракетаў. Другая – разгортванне энергетычнай дапамогі ад еўрапейскіх партнёраў, каардынацыя і ўзаемадзеянне энергетыкаў ва Украіне з дастаўцамі і вытворцамі энергетычнага абсталявання за мяжою.

Калі гэтыя тэндэнцыі захаваюцца, то пасля кожнага абстрэлу ўсё роўна будуць новыя пашкоджанні і новыя ахвяры сярод мірнага насельніцтва, але катастрафічных наступстваў не будзе, адзначае Рабцаў. І дадае, што сам ён не мае апакаліптычных настрояў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Салдат адпачывае на пазіцыях. Данецкая вобласць, Украіна. 13 лістапада 2022 года. Фота: Белсат

Чаго здолее дасягнуць Расея гэткімі абстрэламі? Рабцаў у адказ абураецца: Расея думае, нібы зможа змяніць стаўленне ўкраінцаў да вайны і пазбавіць жадання перамагчы, пры гэтым адкрыта прызнае, што чыніць ваенныя злачынствы. Але абстрэльвае – і што? Вымкнуць усё ў цэлай Украіне Расея не здолее, нават калі будзе скідваць атамныя бомбы, запэўнівае ён.

Даць усім украінцам нейкую ўніверсальную параду кшталту «купляйце печкі» немагчыма, кажа Рабцаў. Хтосьці можа на зіму з’ехаць за мяжу або пераехаць у прыватны дом за горадам, паставіць там печку-буржуйку ці цвердапаліўны кацёл. Калі ёсць магчымасць і калі там будзе лепей, чаму б не скарыстацца магчымасцю? Гэта дазволіць знізіць нагрузку на энергасеткі і скараціць працягласць стабілізацыйных адлучэнняў.

Але гэта не значыць, што трэба заклікаць усіх ехаць за мяжу ці за горад. Эвакуююць насельніцтва толькі з прыфрантавых тэрыторыяў, і гэта пастанаўляе Кабінет Міністраў. А пра магчымую эвакуацыю Кіева, Дняпра, Адэсы ці іншага буйнога гораду Рабцаў не чуў ні ад каго з чыноўнікаў Кабінету Міністраў.

«Усе кажуць пра неабходнасць узмацніць супрацьпаветраную абарону і неабходнасць аднаўляльных працаў з выкарыстаннем абсталявання, якое можна атрымаць ад еўрапейскіх партнёраў», – перадае Рабцаў тое, што чуў ад уладаў.

***

Як Украіна «свяцілася» на фота са спадарожніка NASA «Worldview» да пачатку поўнамаштабнай вайны і пасля абстрэлаў 23 лістапада 2022 года. Выява: Схеми / Telegram

Тым часам «Укренерго» запэўнівае, што разам з іншымі кампаніямі рыхтуецца да найгоршых сцэнароў ды трэнуецца хутка аднаўляць энергасістэму. Таксама ва «Укренерго» кажуць, што запас магутнасцяў яшчэ ёсць (Украіна экспартавала энергію нават пасля пачатку поўнамаштабнай вайны, толькі пасля абстрэлаў у кастрычніку забараніла экспарт). Замежныя партнёры зацвердзілі дапамогу энергасістэме Украіны на больш як € 200 мільёнаў. Хоць большасць еўрапейскіх трансфарматараў не пасуе ўкраінскім энергасеткам, ва Украіне могуць аднавіць працу нядаўна нацыяналізаванага Запарожскага трансфарматарнага заводу.

Алесь Наваборскі belsat.eu

Падпісвайся на telegram Белсату