«Я думаў пра будучыню сваіх дзяцей». Гісторыя чыгуначніка з Ваўкавыску, якога судзілі паводле пяці артыкулаў


33-гадовы Сяргей Карэвік з Ваўкавыску яшчэ два месяцы таму кіраваў цеплавозамі – вадзіў грузавыя цягнікі. Сваю працу ён вельмі любіў і перадаваў гэтую любоў сынам Івану і Аляксею. «Дык у нас уся сям’я чыгуначная», – жартаваў. Сяргеева жонка Марыя таксама чыгуначніца. 24 лютага 2021 года сямʼя Карэвікаў папоўнілася: нарадзілася дачушка Ганна. Але на той момант сам Сяргей быў ужо асуджаны – адразу паводле чатырох крымінальных артыкулаў! – на 3 гады «хатняй хіміі». І рэпрэсіўная машына, як той разагнаны цеплавоз, не спынялася – фабрыкавала чарговую справу.

Паразмаўляў з жонкай міліцыянта…

«Аднойчы ў тэлеграм-канале «Мосты для жизни» ў перапіску са мной уступіла жонка аднаго з супрацоўнікаў міліцыі. Проста справакавала мяне – і я не стрымаў эмоцыяў. Перапіска адбылася 23 верасня – у дзень інаўгурацыі так званага прэзідэнта. Яна мне некалькі «ласкавых» словаў напісала, я – пару ў адказ. Напісаў, што, маўляў, ад расплаты ніхто не сыдзе, калі будуць нармальныя суды ў нас. І ўсё…» – згадвае Сяргей Карэвік.

Сяргей Карэвік на працы. Фота прадстаўленае рэдакцыі
«Агаломшылі жонку – яна была на сёмым месяцы цяжарнасці. Дзяцей таксама. Дома ўчынілі вэрхал, і таксама нічога такога не знайшлі. Тады паехалі з ператрусам да бацькоў…» – успамінае Карэвік.

А 22-й гадзіне яго прывезлі ў РАУС. «Пару разоў прыляцела дубінкай па мяккіх месцах», – кажа. Прыгразілі, што калі не запіша пакаяннага відэа і не скажа ў ім «простите, пожалуйста», то сямʼя доўга яго не пабачыць: сёння, маўляў, і «закрыем».

«Ну, запісаў тое відэа, пад дыктоўку. Потым прывялі да следчага, а ён гаворыць: «Проста хацелі з вамі паразмаўляць». Разумееце? Аказваецца, на мяне на той момант ніякай справы яшчэ не заводзілі, я не меў ніякага статусу. «Хацелі паразмаўляць» – так гэта ў іх называецца. І відэа запісалі – каб іншых папужаць. Адпусцілі недзе а палове другой ночы. І на гэтым пакуль заціхла…» – кажа Сяргей.

Даведка
Абвестка аб вышуку Сяргея. Фота прадстаўленае рэдакцыі

«За кожнае слова артыкул прышывалі»

Следчы пазваніў праз два з паловай месяцы: «На вас завялі крымінальную справу». Як кажа наш суразмоўца, спачатку яму інкрымінавалі адзін артыкул – 366 КК («Гвалт або пагроза гвалту ў дачыненні службовай асобы»). Потым дадалі яшчэ тры – 188 («Паклёп»), 189 («Абраза») і 369 («Абраза прадстаўніка ўлады»). Усё – за тое самае ліставанне з жонкай міліцыянта. «Там, груба кажучы, за кожнае слова артыкул прышывалі», – гаворыць Сяргей.

У сярэдзіне снежня следчы чарговы раз выклікаў Карэвіка на допыт. Паабяцаў, што той вернецца дадому, але слова не стрымаў – Сяргея кінулі ў ізалятар. Праўда, там пачалі гандлявацца: або пасядзіш у ІЧУ аж да суда, або заплаціш грашовы заклад – і пойдзеш дадому.

«Жонка цяжарная, з ёй двое дзяцей – знайшоў грошы, 100 базавых. Выйшаў пад заклад. Сказалі: вельмі мне пашанцавала, што так адпусцілі ,– пашкадавалі, маўляў, тваіх дзяцей», – расказвае Карэвік.

«Пацярпелы» супрацоўнік аказаўся аднакласнікам

Пасля трох содняў за кратамі ён вярнуўся дадому, але адразу захварэў на каронавірус, за ім – жонка Марыя. А як толькі ачуняў – прыйшла позва ў суд. Першае паседжанне адбылося 18 студзеня 2021 года, а 20-га ўжо абвесцілі прысуд. Ва ўсіх выстаўленых артыкулах Сяргея прызналі вінаватым. Прысуд: 3 гады абмежавання волі без накіравання ў ПУАТ (пракурор прасіў – з накіраваннем), то бок – «хатняй хіміі».

Суд праходзіў у Мастах (Гарадзенская вобласць), дзе Сяргей Карэвік нарадзіўся, вырас і скончыў сярэднюю школу. Акурат за абразу мастоўскага міліцыянта ў перапісцы з ягонай жонкай і судзілі Сяргея. Дэталь: «пацярпелы» супрацоўнік МУС Яўген Кудрашоў аказаўся колішнім аднакласнікам Сяргея.

Сяргей Карэвік з жонкай Марыяй і дзецьмі. Фота прадстаўленае рэдакцыі

«Калі ўсё пачалося, яшчэ да суда, падʼехаў да яго. Ну, аднакласнікі ж, пагаварылі. Ён сказаў, што ўсё разумее, і: «Няма праблемаў, я дапамагу». Але як справа дайшла да суда – нават слухаўкі не здымаў. Дарэчы, на судзе ягоная жонка заявіла, што прэтэнзіяў да мяне не мае, і папрасіла строга не караць. А сам Кудрашоў заявіў, што вельмі спужаўся за сваё жыццё і быў вельмі зняважаны мной – нават запатрабаваў 1000 рублёў маральнай кампенсацыі. Сказаў, такую шкоду я нанёс яму, ажно людзі з ім перасталі вітацца. Разумееце? Дык я яму: «Можа, з табой людзі не здароўкаюцца, бо ты штось ганебнае зрабіў, а не таму, што я каментар напісаў?..» – успамінае Сяргей Карэвік.

«Гэтага ржавага – трэба распаленай качаргой»

Прысуд Карэвік абскардзіў. Але вырак пакінулі без зменаў, і 2 красавіка ён набыў законную моц. Але ўжо 12 красавіка пачаўся суд па новай крымінальнай справе, распачатай супраць Сяргея – нібыта за пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка ўнутраных справаў (арт. 364 КК). Супрацоўнікам тым быў начальнік аддзялення наркакантроля Ваўкавыскага РАУС Дзяніс Грыневіч, у дачыненні якога машыніст цеплавозу Карэвік нібыта ўжыў фразу «гэтага ржавага пі…ць трэба распаленай качаргой».

«Усім ясна, што гэта вобразнае выказванне. Мяне потым падкалвалі, што як гэта: ты распаліш гэтую качаргу паяльнай лямпай і біць яго пабяжыш? Але ж я не пісаў, што пабягу біць, а напісаў «трэба». Таму доўга ўсё на судзе цягнулася. Не маглі мне канкрэтнага нечага выставіць», – тлумачыць Карэвік.

Сыны Іван і Аляксей. Фота прадстаўленае рэдакцыі

Як расказвае, першы эксперт-лінгвіст заявіў на судзе, што ў фразе няма пагрозаў. Але пракурор не супакойваўся – запатрабаваў яшчэ адну экспертызу. У сувязі з гэтым у судзе абвясцілі перапынак на месяц, але ў рэальнасці ён расцягнуўся аж на чатыры месяцы. Разбор справы меў аднавіцца 31 жніўня.

«І ўсе – знаёмыя і незнаёмыя – казалі мне, каб я не чакаў, бо калі ўжо за мяне так узяліся, то не адпусцяць. У найлепшым выпадку – сашлюць на «хімію», у горшым – кінуць за краты на год-паўтара-два. Думаю, ніхто б мяне на «хатняй хіміі» не пакінуў», – мяркуе Сяргей.

«Дзеці табе больш не дапамогуць»

І Сяргей Карэвік вырашыў не чакаць. Нягледзячы на тое, што ўжо адбываў «хатнюю хімію», таемна пакінуў горад і краіну. Цяпер ён у бяспецы. Разам з сямʼёй. Жонка і дзеці прыехалі пазней, бо патрэбны быў час, каб зрабіць дзецям пашпарты.

«Як я знік – пачалі мяне шукаць. Да жонкі неаднойчы прыходзілі, выклікалі ў РАУС, пагражалі: прызнавайся, дзе твой муж, і на цябе, маўляў, завядзём крымінальную справу – дзеці табе больш не дапамогуць. Сядзеш, а яны ў прытулку будуць гадавацца. Потым яшчэ раз з ператрусам прыходзілі…» – распавядае Карэвік.

Жартуе, што цяпер ягоны фотаздымак вісіць на «дошцы гонару» ў Ваўкавыскім РАУСе – яго, як нейкага бандыта, абвесцілі ў вышук.

Даведка
Марыя Карэвік з дзецьмі. Фота прадстаўленае рэдакцыі

«Я думаў пра будучыню сваіх дзяцей»

Дарэчы, з працы Сяргея дагэтуль не звольнілі. Як даведаўся, звольніць маглі толькі па ўзгадненні з органамі выканання пакарання, бо адбываў «хімію». І загаду звальняць дагэтуль не было.

Расказвае, што на працы падчас судоў з міліцыяй ніхто да Сяргея прэтэнзіяў не меў.

«Дзіўна, але на працы мне нічога не казалі. Было пару размоваў з начальнікам аддзелу кадраў, ну такіх, прафілактычных. Але ніхто не прасіў, скажам, перайсці ў слесары, ніхто асаблівага ціску на мяне не чыніў. Я, напраўду, здзівіўся, бо думаў, што горад маленькі – і мяне адразу папросяць сысці», – гаворыць Сяргей Карэвік.

Сяргей прызнаецца, што ў новай краіне дыхаецца вальней. Можна ўжо не баяцца начнога грукату ў дзверы. Дзеці і жонка – побач. Але сум застаецца: па доме, цягніках, па радзіме.

«У мяне адабралі мой дом, кватэру, машыну, працу, якую вельмі любіў. А ў дзяцей – забралі радзіму. Таму – шкада. Але што выказаў сваю пазіцыю – не шкадую. Ведаеце, нібыта ўладкаваны быў: і заробак больш-менш, і кватэра. Як кажуць, жыві і радуйся. Але ж я глядзеў і думаў пра будучыню сваіх дзяцей. З такой уладай будучага для іх у Беларусі не было. Ніякіх перспектываў! Усюды кіруе беззаконне і кумаўство. Будзь ты хоць з двума віхрамі, а не маеш сувязяў – нікуды не прабʼешся і нічога нікому не дакажаш», – упэўнены наш суразмоўца.

«Жонка мая моцная, як аказалася»

«Як толькі пазнаёміліся ва ўніверсітэце, я сказаў будучай жонцы: «У нас, Маша, будзе трое». Яна паглядзела на мяне неяк дзіўна і кажа: «Ну не ведаю, пабачым». Я адразу хацеў траіх дзяцей, не ведаю чаму. Ну і вось…» – кажа шматдзетны бацька.

Дачцэ Ганне ідзе ўжо дзявяты месяц. Аляксею – трэці год, Івану – шосты. У Беларусі яны пакінулі шмат цацак («Толькі па тры ў дарогу ўзялі»), вельмі праз гэта перажывалі. Таму бацькі цяпер намагаюцца кампенсаваць страты.

«А жонка мая моцная, як аказалася. Перажывала вельмі, але вытрымала. І дачку мне нарадзіла. Дзякуй ёй вялікі за гэта! Што не кінула, што прыехала сямʼёй, і цяпер мы разам», – дадае.

На развітанне Сяргей Карэвік просіць, каб у тэксце не было просьбаў аб фінансавым падтрыманні. Бо лічыць, што людзі і так яму моцна дапамаглі: сабралі яму патрэбную суму грошай для аперацыі на назе, якую моцна пашкодзіў пры пераходзе мяжы. А пакуль хадзіў на мыліцах – знайшлі для яго бясплатнае жытло.

«Вельмі цаню гэта і вельмі ўсім дзякую. Я зразумеў, што ў гэтым свеце шмат добрых людзей засталося. Як-небудзь разбярэмся цяпер ужо. Мы разам – гэта галоўнае», – кажа ён.

Але калі што – у рэдакцыі ёсць кантакт Сяргея Карэвіка.

Артыкулы
«Пакуль гэты кат ва ўладзе, спакою не будзе». Гісторыя былога амапаўца, які пакінуў Беларусь
2021.11.01 14:37

ЗК belsat.eu

Стужка навінаў