Кіраўнік Нацбанку распавёў Лукашэнку, як Беларусь цудоўна справілася з санкцыямі


Аляксандр Лукашэнка 24 кастрычніка сабраў нараду аб сітуацыі ў банкаўскай сферы і нагадаў, што адносна ягонага рэжыму ўвялі беспрэцэдэнтныя санкцыі. Яму распавялі, што ўсё выдатна: з праблемамі справіліся, гандлёвыя плыні пераразмеркавалі, інфляцыя запаволілася.

Старшыня праўлення Нацыянальнага банку Беларусі Павел Калавур. Кадр з відэа: БелТА / Youtube

Заспакойваў Аляксандра Лукашэнку старшыня праўлення Нацыянальнага банку Павел Калавур. Вось кароткі пераказ таго, што ён казаў Лукашэнку, паводле навінаў дзяржаўнага інфармагенцва «БелТА».

  • Банкавай сістэме паставілі задачу «ўсебаковай мабілізацыі», штотыдзень праводзілі нарады і ў выніку справіліся з сітуацыяй, бо была скаардынаваная работа ўраду, Нацбанку, банкаўскай сістэмы і іншых інстытутаў.
  • Лукашэнка двойчы прасіў Калавура пахваліць «негатыўныя вонкавыя фактары». Калавур сказаў, што адбылося пераразмеркаванне гандлёвых плыняў – Лукашэнка адказаў, што Калавур «намёк зразумеў», гэта і мелася на ўвазе. Абодва засталіся задаволеныя, але прынамсі публічна не згадалі, як у Беларусі «дзякуючы» тым самым фактарам абвалілася эканоміка.
Аналітыка
Намеснік міністра хацеў сказаць, што з эканомікай усё не так кепска. Статыстыка кажа пра іншае
2022.08.22 21:37
  • Золатавалютныя рэзервы цяпер вагаюцца каля аб’ёмаў $ 7,5 млрд, з рэзерваў з пачатку года каля $ 0,9 млрд узялі на пагашэнне вонкавай запазычанасці. Але да канца года ў рэзервах мусіць застацца не менш за $ 7 млрд. Рэзервы часткова сканвертуюць на расейскія рублі і юані, бо ў гэтых валютах цяпер забяспечваюцца плацяжы ў вонкавым гандлі.
  • Лукашэнка сказаў, што долар і еўра – гэта «таксічныя для нас валюты», хоць у іх у свеце робіцца тры чвэрці экспартна-імпартных разлікаў.
  • Беларусь мае стратэгію дэдаларызацыі, падвышэння даверу да нацыянальнай валюты і стымуляцыі ашчаджэнняў у ёй, расказаў Калавур. Ён таксама пахваліў грашова-фінансавую палітыку Беларусі і стабільнасць на валютным рынку. Пасля падзення ў лютым-сакавіку праз пачатак поўнамаштабнай вайны ва Украіне беларускі рубель вярнуўся ў дыяпазон 2,4-2,6 рубля за долар, у якім трымаўся з прыходу пандэміі каронавірусу. Але Калавур звярнуў ўвагу на тое, што курс «плаваючы», а Нацбанк толькі «згладжвае празмерную валацільнасць на рынку, не дапускаючы непатрэбных спекуляцыяў».
Аналітыка
Умацаванне курсу беларускага рубля да долара і еўра не сведчыць, што ў эканоміцы ўсё добра
2022.10.03 12:50
  • У прадпрыемстваў няма праблемаў браць новыя крэдыты ў замежнай валюце – яны ім проста не патрэбныя, даводзіў Калавур. У эканоміцы склалася пазітыўная сітуацыя, калі плацежаздольны попыт у беларускіх рублях задавальняецца банкаўскай сістэмай, а крэдыты ў замежнай валюце скарачаюцца, расказаў Калавур. Дасяжнасць крэдытаў для рэальнага сектару эканомікі «ў полі зроку ўраду», дадаў ён. За 9 месяцаў прадпрыемствы атрымалі $ 2,1 млрд выручкі, рэнтабельнасць у рэальным сектары склала 12,5 млрд беларускіх рублёў, што «дазволіла прадпрыемствам вырашыць свае праблемы самастойна».
  • Насельніцтва забрала з валютных дэпазітаў паўмільярда долараў – ну і няхай! Калавур назваў гэта «невялікім скарачэннем», але «гэтыя рэсурсы банкаўскай сістэме і не патрэбныя былі, паколькі прадпрыемствы зараблялі на вонкавым рынку валютную выручку і скарачалі валютнае крэдытаванне». На самой справе, з пачатку года дэпазіты ў замежнай валюце агулам скараціліся не на паўмільярда долараў, а на без малага два: з 28,05 да 26,18 млрд долараў. На паўмільярда скараціліся пераводныя дэпазіты фізічных асобаў: з 3,1 да 2,4 млрд долараў.
Аналітыка
Сапраўднае Made in China. Улады Беларусі знайшлі замену для SWIFT і Visa з Mastercard. Ці спрацуе?
2022.09.16 17:31
  • Падключэнне да кітайскага аналагу сістэмы плацяжоў SWIFT ідзе цяжка. Падключэнне да сістэмы CIPS, анансаванае ў верасні, сказаў Калавур, «складанае тэхнічнае пытанне», яно «ў сярэднетэрміновай перспектыве», бо трэба выканаць тэхнічныя патрабаванні Кітаю «ў першую чаргу ў праграмным забеспячэнні». Шэраг беларускіх банкаў адключылі ад SWIFT у сувязі з санкцыямі.
  • Пік інфляцыі прайшоў, рост цэнаў будзе запавольвацца, запэўніў Калавур: «Нашыя прагнозы аптымістычныя». Стаўкі па крэдытах будуць зніжацца, па дэпазітах – падвышаюцца. Стаўка па крэдытах ужо бывае ніжэй за ўзровень інфляцыі. Тое, што цэны перасталі расці, бо іх замарозілі, Калавур не згадаў.
  •  Брытанцам трэба павучыцца фінансавай адказнасці. На просьбу дзяржаўных медыяў Калавур пакрытыкаваў Вялікую Брытанію, дзе прэм’ерка пайшла ў адстаўку на тле эканамічнага крызісу. Ён згадаў няўдалыя планы падатковай рэформы і падвышэння выдаткаў бюджэту Злучанага каралеўства, падзення курсу фунта. Але не згадаў, што фунт упаў толькі на 5 % да долара ЗША праз няўдалы анонс рэформаў і ўжо вярнуўся на ўзровень курсу да таго абвяшчэння.
Каментар
Калі вы хочаце так кантраляваць цэны, навошта яны наагул? Эканамістка – аб праекце новай пастановы
2022.10.17 15:07

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў