У Арменіі заявілі, што расейскія медыі вядуць супраць краіны гібрыдную вайну


Кіраўнік апарату прэмʼер-міністра Нікола Пашыньяна Араік Аруцюнян рэзка выказаўся наконт прапагандысцкай кампаніі Крамля, накіраванай супраць Арменіі.

«Відаць, у гібрыднай вайне, развязанай у расейскімі медыямі супраць Арменіі, абяцалі, як у вядомай казцы, – той, хто больш хлусіць, атрымае палову палаца/Крамля», – напісаў ён у Facebook 23 верасня.

Такім чынам Аруцюнян адрэагаваў на сюжэт тэлеканала НТВ, дзе сцвярджалася: нібыта 20 верасня пратэстоўцы ў Ерэване прарваліся ў будынак урада і сутыкнуліся там з амерыканскімі дэсантнікамі.

«Гэта абсалютная дэзынфармацыя», – падкрэсліў ён. Паводле кіраўніка апарата Пашыньяна, ніводзін пратэстовец у той дзень не пракраўся ў будынак урада і ніякіх амерыканскіх вайскоўцаў там не было.

У постскрыптуме Аруцюнян задаецца пытаннем, чаму так атрымалася, што найгоршымі прапагандыстамі расейскіх тэлеканалаў зʼяўляюцца армяне (Маргарыта Сімоньян, Тыгран Кеасаян і г.д.).

Нагадаем, 19 верасня Азербайджан распачаў у Нагорным Карабаху вайсковую аперацыю, у выніку чаго сепаратысцкія ўлады рэгіёну дэ-факта пагадзіліся на капітуляцыю. Перамога Азербайджану выклікала антыўрадавыя пратэсты ў Ерэване.

Хаця РФ з’яўляецца саюзнікам Арменіі па АДКБ, крамлёўская прапаганда выставіла паразу Арменіі як заканамернае пакаранне Пашыньяну за тое, што ён нібыта здрадзіў Расеі і хацеў сябраваць з Захадам.

Аналітыка
Якія наступствы будзе мець для постсавецкай прасторы перамога Азербайджану ў Карабаху?
2023.09.21 21:04

Глеб Нержын belsat.eu

Стужка навінаў