Расея дэпартуе яшчэ аднаго ўцекача з Беларусі – берасцейца, які браў удзел у пратэстах


Берасцеец Вадзім Дубойскі, які летась браў удзел у пратэстах пасля выбарнай кампаніі, быў збіты міліцыянтамі і зʼехаў у Расею, расейскія праваахоўнікі вяртаюць яго назад у Беларусь. «Белсат» пагутарыў з сябрамі Вадзіма, якія падзяліліся падрабязнасцямі ягонай справы.

Вадзім Дубойскі працаваў за мяжою, вазіў грузы па Еўропе. Вярнуўся ў Беларусь улетку 2020-га праз сітуацыю з COVID-19. Палітыкаю не цікавіўся да мінулых выбараў. Валанцёрам у штабах не быў, нідзе не актыўнічаў.

Летась 10 жніўня мужчына пайшоў на мірны пратэст у Берасці паглядзець і выказаць сваё незадаволенне вынікамі выбараў. 11-га трапіў у аблаву, калі сядзеў з сябрамі ў дварах. Міліцыянты забралі Вадзіма аднаго з усёй кампаніі, спаслаўшыся на тое, што бачылі яго раней.

Дом правасуддзя ў Берасці.
Фота: Белсат

Знаёмыя шукалі Вадзіма ў РАУС і СІЗА, але той быў тры дні ў склепе новага будынку Дому правасуддзя, а разам з ім яшчэ каля 7 чалавек. Усіх білі, некаторых моцна. Спачатку пры затрыманні іх кінулі ў гаражы, а ўжо адтуль – у склеп суда (Дому правасуддзя)

На чацвёртыя содні хлопец вярнуўся дамоў вельмі спалоханы з выгляду, сінякі за гэты час пачалі жаўцець. Сябры зрабілі фота. Самыя вялікія пашкоджанні – рэбры, спіна, сцёгны і асабліва мяккія тканкі (азадак) – былі ў палосках ад дручкоў. Вадзім прыгадваў, што за ўвесь час у склепе Дому правасуддзя не далі прачытаць пратаколу.

Дакумент з Больніцы хуткай медычнай дапамогі Берасця. Для «Белсату»

16 жніўня знаёмыя пераканалі пайсці зняць пабоі. Праз некалькі дзён на фоне стрэсу абвастрыліся старыя хранічныя хваробы, Вадзім быў вымушаны легчы ў скурна-венералагічны дыспансер. Каля тыдня правёў у стацыянары.

Пасля шпіталю, дарогаю да стаматолага, Вадзіма скруцілі людзі ў цывільным і закінулі ў легкавік. Родныя пачалі шукаць яго і знайшлі пад вечар у Следчым камітэце. У той жа дзень нанялі адваката, якому перадалі слова-пароль, каб Вадзім мог яму ўсё распавесці. Сябры Вадзіма прыгадваюць, што за ўвесь час перабывання ў ІЧУ адвакат сустрэўся з Вадзімам толькі раз. «Магчыма, праз страх страціць ліцэнзію, але не ўдалося яму дапамагчы і нашаму адвакату з Расеі», – кажа суразмоўца belsat.eu.

Пасля размовы з адвакатам Вадзім прасядзеў у ІЧУ тыдзень і выйшаў пад падпіску пра нявыезд.

Вырашыў уцякаць як мага хутчэй, спачатку ў Расею, адтуль ва Украіну. Не сказаў, не апавясціў нікога і знік на тыдзень. У лістападзе знаёмыя даведаліся, што мужчына ў Маскве. Там ён пайшоў у міграцыйную службу прасіць прытулак, атрымаў міграцыйны лісток і пайшоў дамоў. Перад новым годам у Маскве пачаліся затрыманні беларусаў, і Вадзім вырашыў пераехаць у меншы горад і знайсці там працу. Працаваў да сакавіка ў розных гарадах Расеі, стараўся «не свяціцца», мяняў месцапрабыванне. Было вельмі цяжка знайсці афіцыйны заробак, недзе падманвалі. Таму ў красавіку мужчына рызыкнуў (насуперак перакананням) бегчы ва Украіну. За тыдзень да ўцёкаў папярэдзіў пра гэта сяброў.

Вадзім Дубойскі. Фота для рэдакцыі

Сёлета ў сакавіку Вадзіма абвесцілі ў вышук у Беларусі.

11 красавіка ў Беларусь патэлефанаваў капітан паліцыі з Краснай Яругі і паведаміў, што Вадзіма затрымалі памежнікі праз незаконнае мінанне мяжы. Сябры сведчаць: «Пазванілі ўвечары а 20:00 і сказалі, што Вадзім нелегальна перасякаў мяжу. Адваката дапамаглі знайсці валанцёры з Маскоўскай Хельсінкскай групы. У Ярузе Вадзім прасядзеў тыдзень, пасля яго этапавалі ў СІЗА №3 у Белгарадзе. Тыдзень таму адвакат Вадзіма падаў на апеляцыю рашэнне аб экстрадыцыі.

Цяпер Вадзім у Курску, наступны этап меў быць у Смаленск, але «адвакату своечасова ўдалося выправіць недарэчнасць сітуацыі, – кажуць сябры затрыманага беларуса. – Да канца месяца Вадзіма маюць вярнуць у Белгарад».

Суд у справе апеляцыі адбудзецца прыблізна ў сярэдзіне кастрычніка. Дакладнай даты адвакату не паведамілі.

У Курску беларусы з дыяспары плануюць 24 верасня перадаць перадачу. Паводле суразмоўцаў belsat.eu, у адзін з візітаў ім паведамілі, што «справа Вадзіма запячатаная».

Hавiны
Беларуса Сяргея Непагоду прымусова выправадзяць з Расеі – так пастанавіў суд
2021.09.19 12:08

Стэфан Глушакоў, belsat.eu

Стужка навінаў