У Расеі за дыскрэдытацыю арміі затрымалі палітыка, былога мэра Екацярынбургу Яўгенія Ройзмана


24 жніўня а 6-й гадзіне раніцы да Ройзмана прыйшла паліцыя. У доме палітыка, а таксама ў ягоным фондзе і прыватным музеі «Дом Няўянскай іконы» правялі ператрусы, паведамляе ТАСС са спасылкаю на ўласныя крыніцы.

Яўгеній Ройзман.
Фота: svoboda.org

На былога мэра Екацярынбургу Яўгенія Ройзмана завялі крымінальную справу паводле арт. 280 ч. 3 КК Расеі – «Публічныя дзеянні, накіраваныя на дыскрэдытацыю выкарыстання Узброеных сілаў РФ». Нумар артыкулу Ройзман сам назваў журналістам з акна сваёй кватэры, дзе ішоў ператрус.

Як стала вядома ТАСС, справа звязаная з відэаролікам на YouTube-канале Яўгенія Ройзмана.

Раней палітыка штрафавалі за распаўсюд у інтэрнэце інфармацыі, якая абражае чалавечую годнасць і грамадскую мараль, за яўную непавагу да грамадства, дзяржавы ці органаў, якія здзяйсняюць дзяржаўную ўладу ў РФ. Пад гэтыя азначэнні падвялі антываенныя выказванні палітыка.

Яўгеній Ройзман – былы кіраўнік Екацярынбургу (займаў пасаду мэра ў 2013–2018 гадах), былы дэпутат Дзярждумы (у 2003–2007 гадах), уваходзіў у фракцыю «Справядлівая Расея».

Пасля арышту Іллі Яшына Ройзман заставаўся апошнім вядомым расейскім палітыкам, які адкрыта выступаў супраць расейскага ўварвання ва Украіну, зазначае Бі-Бі-Сі. Яшына затрымалі сёлета ў ліпені, на яго завялі справу «за ваенныя фэйкі», яму пагражае да 10 гадоў калоніі. Ройзману – да 5 гадоў.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў