«Суадносіны жывой сілы былі 14 да 1». Украінскі жаўнер, вызвалены з палону, пра абарону «Азоўсталі»


144 украінскія байцы, якія абаранялі «Азоўсталь», здолелі ў канцы чэрвеня ў межах абмену палоннымі вярнуцца дамоў. Больш за месяц яны не сустракаліся з журналістамі дзеля бяспекі. Былыя ваеннапалонныя лекуюцца ды рэабілітуюцца. Толькі цяпер яны пачалі даваць інтэрв’ю. Гутарка з адным з іх, Уладзіславам Жайваронкам, – у «Студыі «Белсат».

«Мы не чакалі, што папруць з Крыму, з Беларусі»

30-гадовы баец палка «Азоў» Уладзіслаў Жайваронак з пазыўным Вікіпедыя быў на тэрыторыі заводу «Азоўсталь» з сярэдзіны сакавіка да траўня і перад самым выхадам адтуль быў паранены, страціў нагу, у яго было пашкоджанае вока. Потым ён апынуўся на лекаванні ў акупаваным Данецку і толькі праз паўтара месяца ў межах абмену здолеў вярнуцца на падкантрольную Украіне тэрыторыю.

– Уладзіслаў, распавядзі, калі ласка, як выглядалі апошнія мірныя дні ў Марыупалі. Ці чакалі ў палку, што будзе поўнамаштабнае ўварванне?

– Не чакалі, але рыхтаваліся да ўсіх магчымых варыянтаў. Апошнія некалькі дзён была напружаная сітуацыя, мы ўжо нечага чакалі, але не таго, што будзе настолькі маштабна, што папруць з Крыму, з Беларусі. Гэта было насамрэч нечакана і моцна паламала планы абароны.

– Калі вы зразумелі, што ўтрымаць Марыупаль не ўдасца?

– Я асабіста зразумеў гэта, калі праціўнік кантраляваў усю паверхню «Азоўсталі». Я чуў, што колькасцю жывой сілы былі суадносіны 14 да 1. У нас не было цяжкага ўзбраення, артылерыі, мінамётаў. Зусім не было авіяцыі, толькі 4 ці 6 танкаў. Нас абстрэльвалі з цяжкай артылерыі ды авіяцыі кругладзённа. І хлопцы, якія праз некалькі дзён выходзілі на паверхню, не пазнавалі тэрыторыі: ландшафт змяняўся вельмі моцна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Від на металургічны камбінат «Азоўсталь» у Марыупалі. 27 траўня 2022 года.
Фота: Valentin Sprinchak / TASS / Forum

– Ці не было думак здацца ў палон?

– Асабіста ў мяне не было. Мяне вывезлі ў палон непрытомнага, таму мне фактычна нічога не заставалася.

– Што ты ўвогуле думаеш пра тое, што вас доўга не ратавалі? Некаторыя байцы загінулі. Ты не думаеш, што ўкраінская ўлада магла гэтага пазбегнуць і не дапусціць такой сітуацыі?

– Я не бяруся сцвярджаць, што ўлада неяк кепска сябе паказала ў гэтым выпадку. Я ведаў, што былі спробы дэблакады, былі спробы падвезці нам медыкаменты, хоць нейкае ўзбраенне.

«Пах быў як з лядоўні з мясам, якая ўжо тыдзень стаіць размарожаная»

– Распавядзі, як ты страціў нагу.

– Гэта было 15 траўня, фактычна апошні дзень абароны «Азоўсталі». Я са сваёй групай эвакуяваў параненага ў медычны бункер, і дарогаю назад нашую групу з чатырох чалавек паразіла супрацьтанкавая ракета. Нагу перабіла. Я думаю, калі б гэта было ў ваколіцах буйнога гораду, то, магчыма, уратавалі б нагу, але ўявіце ўмовы на «Азоўсталі» ў апошнія дні. Сам факт, што мне ўдалося выжыць, – гэта проста неверагодна.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Украінскія вайскоўцы на тэрыторыі металургічнага камбінату «Азоўсталь» у Марыупалі. 7 траўня 2022 года.
Фота: Dmytro Orest  Kozatskyi / AZOV REGI / Reuters / Forum

– Пасля таго як вас эвакуявалі і ты трапіў у палон, дзе ты быў, якія там былі ўмовы?

– Я адразу трапіў у Новаазоўск, там было сартаванне. У першыя содні там глядзелі, хто ў якім стане, пастанаўлялі, каго накіраваць у данецкую лякарню, а каго ў агульную калонію ў Аленаўку. Умовы – фактычна як раённая лякарня 10 гадоў таму. Мне ампутавалі ніжнюю канцавіну ўначы перад эвакуацыяй з «Азоўсталі». Першыя 5 дзён я не атрымліваў увогуле ніякага медыкаментознага лекавання, акрамя абязбольвальных. Як я пазней зразумеў, анальгін з дымедролам. З мяне выцякала ўсё, пах быў як з лядоўні з мясам, якая ўжо тыдзень стаіць размарожаная.

– Як ставіўся да вас персанал лякарні?

– Як да фашыстаў, і нам гэта пастаянна паўтаралі. Казалі, «яны з нашымі хлопцамі ў палоне такое робяць, а мы павінны іх лекаваць». Звязацца з роднымі ці паглядзець украінскія навіны было нерэальна. Усё, што мы даведваліся, было са словаў персаналу. Яны казалі, што Еўропа нас падзяліла, што ў нас няма ўвогуле ніякіх правоў, што мы ўжо прайгралі, што Кіеў вось-вось падзе.

– Ці ёсць у цябе нейкая інфармацыя ад тых, хто застаецца ў Аленаўцы?

– З імі няма сувязі. Міжнародныя арганізацыі не маюць туды доступу. У байцоў няма доступу да сродкаў сувязі, ім не даюць звязвацца з роднымі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўтобус з украінскімі вайскоўцамі, якія здаліся ў палон і выйшлі з «Азоўсталі», пад канвоем прарасейскіх вайскоўцаў накіроўваецца ў Аленаўку. 20 траўня 2022 года.
Фота: Alexander Ermochenko / Reuters / Forum

– Чаму Расея так дэманізуе «Азоў» і вы для расейцаў – галоўныя нацысты?

– Яны імкнуцца нас назваць фашыстамі за што заўгодна, каб адвесці ўвагу ад таго, што гэта яны нападнікі, гэта яны прыйшлі да нас са зброяй.

Я ўсё яшчэ кадравы вайсковец, я не ведаю, ці ўдасца вярнуцца ў строй настолькі, каб быць на перадавой і ў акопах. Мяне туды цягне. Шмат маіх сяброў застаецца ў палоне, і я гатовы рабіць усё, што будзе эфектыўным, каб дапамагчы ім.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў